Выйшаў аўдыягід пра жанчын Брэста ў гады Другой сусветнай вайны
- Рубрыка: УЛОЎ
- 28.04.2025
- 62
Ініцыятыва Brest Stories Guide выпусціла аўдыягід-спектакль «Brest HERstory» з гісторыямі берасцейскіх жанчын падчас Другой сусветнай вайны. Крыніцамі сталі асабістыя архівы, дзённікі сведак, архівы інстытуцый, кнігі даследчыкаў і даследчыц.
Раней каманда Brest Stories Guide стварыла віртуальную карту Брэсцкага гета. Цяпер вырашылі паглядзець на гістарычныя падзеі праз лёсы жанчын і такім чынам падвысіць гучнасць галасоў, што былі заглушаныя наратывам пра гераічную абарону Брэсцкай крэпасці і подзвігі салдат. «У “Brest HERstory” мы шукаем гісторыю не гераізму і вялікіх бітваў, а самаадданага клопату і ратавання дзяцей, сябровак, блізкіх і ўсіх, каму патрэбна была дапамога; гісторыю не спадарожніц мужчын, а моцных і самастойных асабістасцяў, – адзначаюць аўтаркі праекта. – Выкарыстоўваючы тэхналогіі і мастацтва, мы робім бачнымі гісторыі нябачных людзей».
Маршрут аўдыягіда-спектакля падзелены на пяць частак. Першая частка звязана з дзённікам польскай гімназісткі Халіны Керскай і ахоплівае час са жніўня 1939 года па красавік 1940-га. Другая частка – «Дэпартацыі» – апісвае падзеі, звязаныя са сталінскімі дэпартацыямі ў 1939–1941 гг. Трэцяя частка, «Баі ў крэпасці», адносіцца да падзей чэрвеня 1941 года і апісвае ўдзел жанчын у баях у Брэсцкай крэпасці. Чацвёрты маршрут расказвае пра стварэнне і знішчэнне габрэйскага гета ў Брэсце ў 1941–1942 гг., а таксама пра габрэйскі супраціў. Пятая частка, «Акупацыя, падполле», ахоплівае перыяд з 1941 года па наш час і апавядае пра жанчын брэсцкага камуністычнага падполля, практыкі клопату і выжывання, астарбайтарак.
Слухаць можна частку за часткай або па асобнасці. Аўдыё прывязанае да пунктаў на карце, але можна рухацца ад месца да месца і слухаць запіс на хаду. Кожны пункт на карце праілюстраваны фота і суправаджаецца інфармацыяй пра гераіню ці аб’ект. Каманда праекта раіць слухаць спектакль, перасоўваючыся па маршруце, каб горад стаў жывой дэкарацыяй. Але пры немагчымасці такога шпацыру можна зладзіць яго віртуальна – хоць дома, хоць гуляючы ў іншым горадзе.