Мама не заб'е: парады падлетку-актывіст_цы

Падлеткам-актывіст_кам не заўсёды проста давесці бацькам, што НДА не абрэвіятура секты, і вырвацца з хаты на чарговую вячэрнюю планёрку. Актывістка «васямнаццаць мінус» Мар'яна Бараноўская распавяла 34 пра тое, як яно – удзельнічаць у розным карысным варушняку, пакуль многае за цябе вырашаюць дарослыя.

 

6 студзеня мае бацькі вырашылі, што страцілі ўсе рычагі ціску на мяне, акрамя рычага «актывізм», і вырашылі больш не пускаць у актывізм сваё дзіця. Да гэтага я думала, што магу раздаваць парады, як паступаць, каб твая вельмі кансерватыўная сям'я дазваляла хадзіць табе амаль на ўсе актывісцкія мерапрыемствы. І як выжываць, калі ты няпоўнагадов_ая актывіст_ка. Цяпер я не магу раздаваць парады, але магу падрабязна распавядаць пра праблемы «непаўналетняга актывізму».

 

 

 З чаго (не)пачаць? 

У 13 гадоў выкладчыца па журналістыцы прывяла мяне на Жывую Бібліятэку. Пасля мерапрыемства я знайшла суполку Жывой Бібліятэкі «ВКонтакте». Моладзевыя арганізацыі часта перапошчваюць інфармацыю з сацыяльных сетак адна адной, і так я даведалася, што такое «праваабарона», «фемінізм», «гамафобія».

У 14 я трапіла на праграму для трэнерак і трэнераў Youth Work Pool у «Фіяльце», і ў мяне з'явілася мара – зрабіць вялікі сацыяльны праект для людзей з разладам харчовых паводзінаў. Тэма была мне блізкая, таму што я сама жыву з кампульсіўным пераяданнем і буліміяй, а яшчэ я амаль не ведаю беларускіх псіхаактывіст_ак.

Бачу мэту – іду да яе. Але я разумела: каб зрабіць свой праект, патрэбны досвед. Па яго я пайшла ў іншыя ініцыятывы і стала валанцёркай. Рэгістравала людзей на мерапрыемствах, перакладала артыкулы з рускай і польскай на беларускую, займалася каардынацыяй валанцёр_ак.

У 16 я стала адной з актывістак групы, якая займаецца распрацоўкай і прасоўваннем закона супраць хатняга гвалту «Маршыруй, дзетка!». Тут я сачу за статыстыкай у сацсетках, пішу людзям, якія могуць расказаць пра петыцыю, працую з валанцёр_камі. Я прыйшла сюды таму, што выступаю за закон супраць хатняга гвалту, а яшчэ такія ініцыятывы павінны жыць не на плячах двух чалавек.

 

Калі ты шукаеш інфармацыю пра мерапрыемствы, валанцёрскія і адукацыйныя магчымасці, рэкамендуем для пачатку падпісацца на telegram-каналы Adukacyja.info і «Не благодари».

 

 

 Як сябе называць? 

Слова «актывістка» маімі настаўнікамі і сваякамі ўспрымаецца як «чалавек, які кожны дзень ходзіць на плошчу штурмаваць парламент». Кагосьці мне ўдавалася пераканаць, але вельмі часта ў размове даводзілася пераключацца на «валанцёрка», каб пазбегнуць фраз накшталт «Ды ўсе гэтыя арганізацыі – за гей-прапаганду!» ці «Ты не можаш ведаць, на якія грошы жывуць гэтыя твае НДА».

 

 

 А як паспяваць у школе? 

Я заўсёды вучылася на выдатна, і было важна трымаць планку. Добрая вучоба давала бацькам пачуццё ўпэўненасці ўва мне, яны ахвотна пускалі мяне на ўсе мерапрыемствы. Сёлета я вырашыла выдаткаваць на актывізм амаль усё «свабоднае наведванне» – час, калі можаш не хадзіць на ўрокі, а рыхтавацца да алімпіяды. І не шкадую.

Важна, аднак, памятаць, што актывізм – дадатковая нагрузка да школы. Калі цяжка паспяваць усё – спыніся, падумай, расстаў прыярытэты. Ты нікому нічым не абавязан_ая, нават калі дапамагаеш людзям.

Часам я камунікую ў сацыяльных сетках з персонамі, у якіх ёсць разлады харчовых паводзінаў. У навагоднюю ноч я атрымала паведамленні ад трох чалавек, але мне хапіла сіл адказаць толькі аднаму. Іншым адказала раніцай – і свет не абрынуўся, усе засталіся задаволеныя.

 

 

 Што рабіць, калі ў школе буляць за пасты ў 

 сацыяльных сетках? 

У школе нада мной спрабавалі пасмейвацца. Я не звяртала ўвагі. Былы школьны завуч стаў казаць, што я не магу рабіць рэпост артыкулаў пра разлад харчовых паводзінаў, таму што я не лекар. Я пачала рэпосціць яшчэ больш. Праз пару месяцаў усім стала ўсё роўна.

Калі настаўнікі, аднакласнікі і бацькі кажуць, што ты не можаш займацца актывізмам у сацыяльных сетках, рабіць рэпост артыкулаў на тэму фемінізму, антыгамафобіі, праваабароны і іншага, ведай: гэта няпраўда. Ты можаш.

Нават калі табе восем гадоў, ты маеш права публікаваць на сваёй старонцы ў сацсетках тое, што табе важна. Паўтарай гэта як мантру, калі паляцяць прад'явы ад дарослых.

 

 

 А раптам арыштуюць? 

У беларускім законе няма ніводнага артыкула аб тым, што актывізм забаронены. Калі ты не ўдзельнічаеш у несанкцыянаваных мітынгах, арганізацыях і сходах, не прапагандуеш гвалт, ужыванне забароненых рэчываў/алкаголю і гэтак далей, цябе не пасадзяць «за актывізм».

Ты можаш нават збіраць подпісы пад петыцыяй за закон аб хатнім гвалце і займацца назіраннем за судовымі працэсамі.

 

 

Каментар праваабаронцы Насты Лойка:

Human Constanta

«Закон не забараняе непаўналетнім удзельнічаць у валанцёрскіх і/або актывісцкіх мерапрыемствах. Аднак, калі падлетак прыме ўдзел у несанкцыянаванай акцыі (арт. 23.34 КоАП), у яго/яе і яго/яе бацькоў могуць быць праблемы. З 16 да 18 гадоў такія справы ў прысутнасці бацькоў разглядаюць спецыяльныя камісіі па справах непаўналетніх пры адміністрацыях/выканкамах. Калі чалавеку няма 16-ці, то за ўдзел у акцыі могуць прыцягнуць да адказнасці яго/яе бацькоў (па арт. “Невыкананне абавязкаў па выхаванню дзяцей”). Наогул, калі справа тычыцца непаўналетніх, органы моцна ўцягваюць сваякоў, а значыць, у іх з'яўляецца дадатковы фактар ціску. Акрамя таго, нават за адно затрыманне непаўналетніх могуць паставіць на прафілактычны ўлік: тады могуць выклікаць на лекцыі, участковы можа прыходзіць дадому, узнікаюць іншыя нязручнасці».

 

 

 

 Як будаваць дыялог з бацькамі? 

У многіх бацькоў узнікаюць трывога і страх, калі дзіця кажа: «Мама, тата, я хачу пайсці валанцёрам на форум па моладзевай палітыцы». Бацькі баяцца, што іх дзіця затрымаюць, выключаць са школы або ўніверсітэта, а іх звольняць з працы, і будзе немагчыма ўладкавацца ў іншае месца.

Калі ў вас даверныя адносіны з бацькамі, паспрабуйце пабольш тлумачыць, што канкрэтнае робіце вы як актывіст_ка і навошта гэта вам трэба. Для многіх неазнаёмленых актывізм – гэта «выйсці на плошчу крычаць лозунгі супраць урада і разбураць усё на сваім шляху». У вашых сілах паспрабаваць растлумачыць, што часцей за ўсё актывізм – не пра гэта.

Калі мая аднакласніца вырашыла схадзіць на варкшоп па скетчынгу ў «Арт Сядзібу», яе бацька, які ўбачыў на сайце арганізатара тавары з «Пагоняй», настаяў на тым, каб прывезці і забраць яе хвіліна ў хвіліну. Дома аднакласніца шматкроць прагаварыла, што варкшоп па скетчынгу ніяк не паўплываў на яе стаўленне да ўлады. Праз месяц ёй без усялякіх праблем дазволілі пайсці на сустрэчу валанцёраў праваабарончай арганізацыі.

У мяне з мамай бываюць розныя сітуацыі. Перад святам у гонар стагоддзя БНР яна сказала, каб пасля заняткаў я роўна ў 12:30 была дома і не смела нават падыходзіць да Опернага тэатра. А калі я вярталася з планёркі «Маршыруй, дзетка!» каля 22:00, мама тэлефанавала кожныя пяць хвілін і ў нейкі момант пракрычала ў трубку, што я больш ніколі не пайду на мерапрыемствы, якія заканчваюцца пазней за восьмую вечара.

Ёсць бацькі, якія наогул нікуды не пускаюць сваіх дзяцей. Я ведаю выпадак, калі мама закрыла сабой дзверы, каб не пусціць дачку на дыскусію за паўгадзіны язды ад дома. Да гэтага дзяўчынка паспела пабываць валанцёркай у трох сацыяльных праектах і ніколі праблем не было.

Каб вырашыць праблемы з такімі бацькамі, некаторыя падлеткі адкрываюць для сябе шлях «хлусі і недагаворвай». Я таксама выбрала гэты спосаб. Але я занадта часта хлусіла і недагаворвала, і вось ужо два тыдні нада мной вісіць пагроза поўнай забароны бацькамі не толькі актывізму.

 

 

Каментар псіхолага, гештальт-тэрапеўта Ганны Масілевіч:

«Бацькі падлеткаў часта баяцца, што хтосьці падмане іх дзяцей, будзе выкарыстоўваць у сваіх мэтах. Гэта датычыцца ўсіх бацькоў і ўжо тым больш тых, чые дзеці займаюцца актывізмам. Такія дзеці шмат камунікуюць з рознымі людзьмі, могуць выконваць важныя і адказныя заданні. Гэта, безумоўна, дапамагае паспяхова адаптавацца ў дарослым жыцці, так як падлеткі многаму вучацца.

У еўрапейскай і амерыканскай культуры абсалютна нармальна быць членам грамадскай арганізацыі, займацца валанцёрскай дзейнасцю. Там падлеткі са школы пачынаюць удзельнічаць у розных праектах. У нашай краіне актывізм толькі пачынае прыжывацца і, вядома, як усё новае, выклікае вельмі розныя пачуцці ў людзей. Хтосьці горача падтрымлівае, хтосьці баіцца, хтосьці ставіцца варожа. Падтрымліваюць, як правіла, тыя, хто добра знаёмы з гэтай з'явай. Баяцца і варожа настроеныя тыя, хто мала разумее гэта.

Калі ў вас даверныя адносіны з бацькамі, падзяліцеся з імі, чым важная гэтая дзейнасць для вас, што вы атрымліваеце для сябе, як у будучыні зможаце выкарыстоўваць тое, чаму навучыліся. Напрыклад, гэтая дзейнасць дапамагае вам навучыцца камунікаваць з людзьмі, супрацоўнічаць, падзяляць адказнасць, планаваць свой час, пераадольваць сарамлівасць і гаварыць на публіку, знайсці новых сяброў і г.д. Распавядайце пра людзей, якія вам сустракаюцца на шляху, пра тое, чаму б вам хацелася ў іх навучыцца. Калі ёсць магчымасць, пазнаёмце бацькоў з іншымі актывістамі вашага ўзросту і дарослымі, якія дапамагаюць і каардынуюць дзейнасць вашых грамадскіх арганізацый і праектаў. Гэта развее фантазіі бацькоў і дазволіць убачыць рэальных людзей і іх матывы. Магчыма, бацькі самі пачнуць нейкім чынам дапамагаць і ўдзельнічаць у вашай грамадскай актыўнасці.

Вядома, самыя вялікія складанасці заўсёды ўзнікаюць у тых сем'ях, дзе не хапае даверу ў адносінах. Бацькі не давяраюць дзецям, дзеці – бацькам. Пры такім раскладзе бацькі заўсёды адчуваюць шмат страху падчас сталення дзіця, паколькі магчымасць кантраляваць увесь час памяншаецца. У такім выпадку любое захапленне падлетка можа патрапіць пад удар. Самае лепшае, што можна зрабіць, – гэта паспрабаваць сумленна пагаварыць на гэтую тэму: чаму адносіны выбудоўваюцца праз кантроль, калі давер быў страчаны і што рабіць, каб яго аднавіць. Сумесны паход да псіхолага можа дапамагчы справіцца з сітуацыяй і перадухіліць шматлікія праблемы ў будучыні».

 

 

 

 Як выступаць у медыя? 

Калі ты хочаш выступіць у медыя, закон патрабуе пісьмовага дазволу бацькоў на здымку і камунікацыю з журналістамі. Няма нічога страшнага ў тым, каб яго папрасіць, калі бацькі ведаюць, чым ты займаешся.

Калі ты хаваеш свой актывізм ад бацькоў, то адзінае выйсце – пісаць артыкулы самому.

 

З памяткі па матывах выступу адваката Сяргея Зікрацкага і юрысткі Алены Лысаковай «Прыватнае жыццё і журналіст: што можна, што нельга»: «Пытанне пра тое, наколькі карэктна здымаць дзяцей без згоды бацькоў, выклікае шмат спрэчак. Між тым, правілы даволі простыя. Без згоды можна здымаць непаўналетніх у грамадскіх месцах. Пры гэтым ні школа, ні дзіцячы садок такімі не з'яўляюцца, а дазвол адміністрацыі на здымкі не можа замяніць дазволу бацькоў».

 

 

 Дзе шукаць падтрымку? 

Перашкод для актывіст_ак да 18-ці гадоў вельмі шмат, але з усім можна справіцца. Напрыклад, пайсці да псіхатэрапеўт_кі або прасіць дапамогі ў больш дасведчаных актывіст_ак.

Ад бацькоў раю браць на ўвагу толькі падтрымліваючыя каментары, а калі ўсё вельмі дрэнна, то ведай: з 15 гадоў ты ўжо можаш звяртацца па дапамогу да псіхолага самастойна і ананімна.

 

Я ніколі не задавала сабе пытанне «Быць ці не быць актывісткай?» Цяпер гэта вельмі вялікая частка майго жыцця. Мне здаецца, менавіта актывізм дае надзею на тую самую «светлую будучыню», дзе людзі вырашаюць праблемы не з дапамогай кулакоў, а з дапамогай спецыялістаў, якія ім пасуюць.

Фота: Віялета Саўчыц