Сталіца шавухі і «Версуса»
Піцер – «след змрочнай прыгажосці і прыродных катаклізмаў», як спявалі «Кирпичи». Радзіма Набокава, Гумілёва, Бродскага і лепшай у свеце шаўрмы. Маленькая дэлегацыя Minsk Independent Battle, патрапаная 13-гадзінным пераездам у маршрутцы і сном у позе эмбрыёна, стомлена валакла ногі па тратуары Лігаўскага праспекта. Эрмітаж, Пецяргоф, Зімовы палац – прабачце, гэтая гісторыя не пра вас, можаце ўздыхнуць з палёгкай. На мапе ў тэлефоне Косці «Эй-ёў» Баяндзіна стаяла адзіная адзнака – бар 1703. Мы прыехалі ў Піцер есці шавуху і глядзець Versus. І шавуху мы ўжо паелі.
– Салют беларускім рэперам!
З гэтай рэплікай, забіўшы на перарывісты зялёны, нас дагнаў сам Дзмітрый Ягораў (ён жа Габоныч, ён жа «той самы мужык з гарбатай з “Версуса”»). Здаецца, я ніколі не прывыкну да такіх зваротаў...
Менавіта па запрашэнні яго Габонскай вялікасці мы і прыбылі сёння ў Піцер. Абменьвацца контркультурным батл-рэпавым вопытам, так бы мовіць.
– Добры дзень! А вы на батл ужо, так?
Інакш, як на «вы», да Габоныча звяртацца ў мяне не атрымліваецца. Я спрабаваў.
– Так, толькі давайце спачатку ў краму па марожанка забяжым, добра? Тут вельмі круты пламбір прадаюць у «Галерэі».
Пацешны рытуал. Прыкладна праз гадзіну мы станем сведкам жорсткага вербальнага згвалтавання, а Ягораву да таго ж прыйдзецца вырашаць, хто з гвалтаўнікоў быў вынаходлівейшым. Але, здаецца, гэта наогул яго не хвалюе. Мабыць, з часам можна прывыкнуць да чаго заўгодна.
«Эрмітаж, Пецяргоф, Зімовы палац, прабачце, гэтая гісторыя не пра вас»
– Так, вядома, хадзем!
Габоныч, пабразгваючы велізарным звязкам ключоў на поясе (ключы былі ад «Версуса», няйначай), падаўся ў бліжэйшы гандлёвы цэнтр у пошуках нейкага адмысловага вафельна-пламбірнага Грааля. Усю дарогу мяне не пакідала дзіўнае адчуванне, а-ля «Мама, я ў тэлевізары». Я ніколі не быў ашалелым фанатам Versus Battle, але адчувалася, што хутка мы станем часткай чагосьці маштабнага і важнага. Ну, вядома ж, пасля таго як з'ядзім па марожанку.
– Што нас сёння чакае? Што-небудзь незвычайнае будзе?
– Сёння паўфіналы Fresh Blood, нашага турніру. Будзе два гарачыя батлы. Я спадзяюся на гэта, па меншай меры. Што незвычайнага? Ну, напрыклад, у суддзях сёння будзе Лёха Ніканаў з гурта «Последние танки в Париже». Ведаеце такога?
– Ух ты, вядома! Дык ён жа панк...
– Вось і мне цікава, што з гэтага выйдзе. Толькі, хлопцы, вынікі нікому не зліваць. Нават сябрам. Нават самым блізкім. Вы азірнуцца не паспееце, як чуткі па ўсім горадзе папаўзуць. Ужо было такое пару разоў. Абяцаеце?
– Сумленнае рэперскае!
Ніканаў на рэп-батле – вось гэта навіны! Як стары фанат «ПТВП», я ажывіўся. Запытаю, як яму мая рэцэнзія на апошні альбом.
«Побач са мной на лавачку апусціўся Лёха Ніканаў. Я ахранеў»
Па шляху да бара паспелі абмеркаваць усю актуальную рэперскую павестку дня. Як Габонычу новы альбом ЛСП, хто з рэпераў больш за ўсіх наркаманіў, калі наступны батл Oxxxymiron і гэтак далей. Вялікая частка адказаў на гэтыя пытанні, на жаль, не для друку. Хіба што пра альбом ЛСП можна сказаць: Ягораву адназначна спадабалася. Астатняе строга канфідэнцыйна. Нарэшце я круты журналіст і валодаю інсайдамі, пра якія нікому нельга расказваць. Я радаваўся, як дзіця, якое ўпершыню пакінулі дома за старэйшага. Нікому нічога не скажу, хоць катуйце цяпер.
– Вы зусім не хвалюецеся?
– Хвалююся, вядома, хоць і не так моцна, як на першых батлах. Стрэсавая гэта справа – судзіць кагосьці. Вы батл з Teeraps-ам глядзелі? Там я спрэчнае судзейскае рашэнне прыняў. Пасля яго мне цэлы тыдзень у паведамленні пагрозы слалі. Прычым не проста ў прыкол, а рэальна па хардкору: «Я цябе прырэжу, каб ты здох», і ўсё ў такім духу. Зразумела, што ўсур'ёз іх успрымаць не варта, але ўсё ж...
Небяспечныя людзі гэтыя рэперы. Бедны Габоныч. Быццам бы Піцер, а не Комптан, і не дзевяностыя даўно, а яно вось як бывае...
Гопнікі-блогеры і «бэха» Рэстаратара
Тым часам 1703 ужо намаляваўся на гарызонце. Да мерапрыемства заставалася яшчэ каля гадзіны, але народу пад барам сабралася прыстойна. Хто з іх запрошаныя вядомыя блогеры, а хто проста цікаўныя школьнікі, разабраць было даволі складана. Хіба што па пафасных брэндах адзення. У маіх спадарожнікаў нават завязалася спрэчка на гэтую тэму:
– Што гэта за два гопнікі з «блэйзерам» справа ад нас?
– Ты што, гэта ж блогеры з Droider Show!
– Упэўнены?
– Не... Цалкам магчыма, што гэта проста два гопнікі...
Пакуль яны гэта абмяркоўвалі, я паспеў пару раз пстрыкнуць іх на фоне шыльды 1703. Мясцовая традыцыя, што зрабіць. Надпісы маркерам на сцяне адразу давалі зразумець, куды мы трапілі. Самыя распаўсюджаныя: «Хаван топ» і «Oxxxy лепшы» ў розных варыяцыях. На жаль, я збіўся з ліку, калі спрабаваў даведацца, якіх было больш.
Злева ад нас самотна стаяла знакамітая фіялетавая «бэха» Рэстаратара, тая самая, што з'яўляецца зараз у застаўцы кожнага батла. Тая самая, што з керамічнымі тармазамі за 700 тысяч рублёў. Побач з ёй ляжаў велізарны будаўнічы цвік. Рукі так і свярбелі надрапаць на дзвярах «34mag», сфоткаць, і можна было б звальваць дадому з пачуццём выкананага абавязку. «Версус», вядома, я наўрад ці паглядзеў бы пасля такога, ну і хрэн з ім. Затое якая гісторыя была б! Самая дзёрзкая банерная рэклама ў гісторыі часопіса.
Лобнае месца
Народ пачалі паволі запускаць унутр. Спіс запрошаных на мерапрыемства заняў аж чатыры аркушы. Хоць часцей за ўсё яны былі непатрэбныя, бо большасць гасцей «Версуса» альбо даўно знаёмыя адзін з адным, альбо занадта вядомыя, каб іх не ведаць у прынцыпе. Але нас гэта, натуральна, не датычылася, і мы злавілі на сабе пару насцярожаных поглядаў сек'юрыці. Ці таму, што мы былі максімальна не падобныя да вядомых блогераў, ці то справа ў імёнах, пад якімі нас упісаў Габоныч. Вось ужо дзе мужык адарваўся! Згодна са спісамі, Косця быў «Ху*венга», Ваня – «Хітры Ліс», а я – «Непераможны Жэня Клайд». Слова «непераможны» адназначна цешыла маё самалюбства, але хто такі Жэня Клайд я не ведаю да гэтага часу. Ну і добра, хаця б не «Ху*венга»...
Унутры бар 1703 апынуўся ну вельмі цесным. Каб вы разумелі, месца там нават менш, чым у «Хулігане». Затое шчыльнасць вядомых асоб на квадратны метр зашкальвала. Вунь Джарахаў з крыкам «Прапусціце хворага чалавека!» бяжыць да барнай стойкі па піва. Куды ж ты лезеш, Эльдарка, у цябе ж дыябет! А вось ваш хвалёны (прынамсі, мяркуючы па надпісах на сценцы) Хаванскі. У жыцці Юра апынуўся куды менш дзёрзкім, чым у інтэрнэце. Любыя заўвагі Рэстаратара беспярэчна ім выконваліся. «Стань туды», «стань сюды», «не крычы, калі ласка, не хачу з табой лаяцца, Юрка, ты ж такі класны» – нават нязвыкла неяк. Хацелася яго за шчочкі патузаць у нейкі момант.
Мае спадарожнікі блукалі па бары ўзад-уперад з адкрытымі ратамі і былі падобныя да школьнікаў у музеі. «О, гэта ж, гэта ж...» – чулася ўсё часцей, па меры з’яўлення новых людзей у бары. Між тым у памяшканні стала па-сапраўднаму горача. А батлы яшчэ нават не пачаліся. Не вытрымаўшы духаты, я прысеў на лавачку ў канцы бара. Праз пару хвілін, мабыць, адчуўшы тое ж самае, побач са мной на лавачку апусціўся Лёха Ніканаў. Я ахранеў. Трэба было тэрмінова яму нешта сказаць.
– Дзякуй вам за «Медэю». І за новы альбом дзякуй – проста агонь! Я нават рэцэнзію на яго пісаў. І-і-і ўвогуле за ўсё дзякуй, вы круты!
– Дыы… калі ласка!
Ніканаў прыкметна збянтэжыўся. Мо не чакаў, што на «Версусе» яго хтосьці пазнае – не яго мэтавая аўдыторыя, мякка кажучы.
– А рэцэнзію на «Медэю» пісаў або на альбом?
– На альбом. Вы нават да сябе на старонку рэпосцілі.
– А, так, памятаю, было нешта. Крута!
Я ахранеў яшчэ раз. Сюр нейкі. Наогул у таго, што адбывалася, была нейкая дзеўбанутая казачна-мульцяшная аўра. Засталося толькі пераспяваць песеньку з Краіны Оз: «Запаветных тры жа-дан-ні выканае Лысы Гу-двін».
Дарэчы, пра «лысага Гудвіна». Рэстаратар, адчувальна хвалюючыся, выйшаў у цэнтр залы.
Крывавая лазня
– Спадарства, вы ўсё гэта, вядома ж, не раз чулі, але для тых, хто з нейкай прычыны ў танку, яшчэ раз паўтару. Ніякіх фота і відэаздымак. Тых, каго спалім, адразу будзем выводзіць на *уй з бара. Калі вы не гатовыя шумець, як у апошні раз, калі ласка, сыдзіце з першых шэрагаў. Нам патрэбна жывая рэакцыя, каб чалавек у экране падумаў: «Бл*ць, як там крута, хачу да іх!» Зараз мы будзем здымаць рэкламу. Велізарная просьба: не ржаць раней часу, потым разам паржэм, шануйце цішыню. Нас сёння чакаюць вельмі гарачыя батлы, я сам хвалююся, давайце раз'я*ем, карацей! Прабачце за затрымку, праз пяць хвілін пачынаем.
Мой фоцік тут жа быў адпраўлены на самае дно заплечніка, ад граху далей. Было нязвыкла і крута бачыць Рэстаратара такім – жывым і з вялікім хваляваннем за кожны аспект таго, што адбываецца. Відаць было, што ён не проста адбывае нумар і п'е ў кадры спонсарскі энергетык са шклянак з лагатыпамі букмекерскай канторы. Рэстаратар быў тым чалавекам, якому максімальна не пляваць, – арганізатарам у поўным сэнсе гэтага слова.
Пра самі батлы нічога вам расказаць не магу (успамінаем пра «сумленнае рэперскае», дадзенае Габонычу). Хоць і вельмі хочацца. Таму што гэта было вельмі крута. Далёкі ад усяго гэтага рэпу Ніканаў іржаў гучней за ўсіх, Карандаш сушыў зубы ад першай да апошняй хвіліны івэнту, а пасля сказаў, што «гэта лепшае, што ён бачыў у жыцці». Задаволены Рэстаратар, закочваючы вочы, вішчаў ад захаплення: «А*уенна, божа, толькі не спыняйцеся, хутчэй, хутчэй!». Тое, як 1703 «упадаў у вар'яцтва», можна пабачыць сваімі вачамі: першы батл ужо выйшаў і паспеў разысціся на цытаткі, а рэліз другога вось-вось на падыходзе. Там зусім спякота…
Асабліва ўважлівыя нават змогуць убачыць тры нашы афігелыя ад напалу таго, што адбывалася, морды ў кадры. Цікава, ці магу я цяпер падкочваць да дзяўчат з фразай: «Ёу, а ты ведаеш, палова маёй башкі засвяцілася на “Версусе”! Так-так, цэлыя тры з паловай секунды. Хочаш мяне, дзетка?» Сумняюся, вядома, што пракоціць. Але Лёша Горбаш у твітары адказаў, што прыкладна так гэта і працуе. Што ж, паверу на слова. Хе-хе, на SLOVO. Кхе... Праехалі.
Святло вачэй у тунэлі
– Хлопцы, гэта было крута-крута-крута, тваю няхай, як жа хачу, што б у нас таксама так было! Ну што, натхніліся? Цяпер чакаю ад вас батлаў не ніжэй узроўнем! Толькі паспрабуйце зараз залажаць!
Тое, што адбываецца, выклікала ў Косці нейкае дзіцячае, істэрычнае захапленне. Ніколі раней яго такім не бачыў. Мы з Ванем нават здзіўлена пераглянуліся. Між тым батл-рэперы, якія яшчэ паўгадзіны назад ва ўсю абражалі адзін аднаго, жартавалі, пілі піва на бары і раздавалі адзін аднаму рэспекты за выступы. Усё як на MIB-е. Нічога дзіўнага, за паўгода ў праекце ты паспяваеш пасябраваць з многімі сваімі апанентамі. Нават лаяцца на іх неяк складана сябе прымусіць потым, вось сапраўды!
– Саня, сфоткай мяне з Рэстаратарам, калі ласка.
– Слухаюся, мой гаспадар!
Мяркуючы па выразе твару Баяндзіна на фотцы, ён адчуў аргазм у гэты момант. Напэўна, я выглядаў гэтак жа, калі з Ніканавым размаўляў. Добра, што мяне ніхто не фатаграфаваў...
«Цікава, ці магу я цяпер падкочваць да дзяўчат з фразай: "Ёу, а ты ведаеш, палова маёй башкі засвяцілася на “Версусе”?»
Сфоткаўшы ўпотай Рэстаратара ў адчыненыя дзверы бара і злавіўшы пару пагардлівых поглядаў ад тых, хто трапіў у кадр, мы адправіліся ў метро. Хлопцы асвятлялі зіхатлівымі вачамі шлях у цёмным тунэлі. Уштырыла іх не па-дзіцячаму. Уперадзе нас чакала нудная 13-гадзінная дарога дадому, але нікога гэта не хвалявала: усе як адзін разумелі, што гэта было варта. Косця нават сказаў, што сёння споўнілася яго мара апошніх чатырох гадоў. Ну што сказаць. «Мары спраўджваюцца». Хе-хе. Раўнд!
Раскручваем махавік «Іншых гісторый» далей. 16 снежня сустракаемся ў «Хулігане» на прэзентацыі праекту пра аўдыядакументалкі.
Прамы рэпартаж з кіпячага катла – канцэртa ATL у Менску.
Гутарым з сузаснавальнікам Human Constanta пра тое, чаму смяротнае пакаранне – гэта мінулае стагоддзе.
«Калі раптам застанешся без нагі, табе давядзецца прабегчы марафон». Фотабіяграфія гукарэжысёра без рук.
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.
КАМЕНТАРЫ (5)
Саша, чакаем белмоўнага батлу!)
Навошта пісаць пра гэту хуету ? Нават латэнтны элсепэ кажа, што батлы поўная хуйня)
Круты тэкст!
Калі ўжо батл з Аляксандрам? ;)
1 июня в Репаблике https://vk.com/minskindependentbattle?w=wall-85360162_853
июля, конечно же