Навошта актывістам ісці ў Clubhouse?
- Рубрыка: MEDIASCAPE
- 31.03.2021
- 3389
У лютым Clubhouse узляцеў хутчэй як забаўляльная сацсетка: мільёны карыстальнікаў прыйшлі туды паслухаць Ілана Маска. Але першапачаткова ён задумваўся як месца для анлайн-планёрак: праграма з’явілася ў красавіку 2020-га, калі ўсё чалавецтва перасела на дыстанцыёнку. На вэбінары ад «Медыятрэнера» і БАЖ «Дыскусія з непрадказальным фіналам: навошта аўтарам і НКА быць у Clubhouse» рэдактарка ды экс-піяршчыца Social Weekend Наста Пісчанкова падзялілася сваім досведам працы ў аўдыясацсетцы і расказала, чым платформа можа быць карысныя для аўтараў(-ак) і НКА. 34mag запісаў канспект.
Наста Пісчанкова
Цяпер Clubhouse даступны толькі для ўладальнікаў айфонаў, але ж у студзені распрацоўшчыкі анансавалі, што хутка з’явіцца афіцыйная версія і для андроідаў. Пакуль у Google Play можна знайсці і апрабаваць неафіцыйную апку.
Каб увайсці ў праграму, патрэбны інвайт: запрашэнне ад карыстальніка(-цы), які(-ая) там ужо зарэгістраваны(-ая). Такая сістэма была створана таму, што першапачаткова ў Clubhouse запрашалі знаёмых калег і каляжанак і размаўлялі з імі ў віртуальных пакоях. Цяпер інвайты таксама можна знайсці праз сяброў. На хайпе найбольш прадпрыемлівыя карыстальнікі інвайты нават прадавалі, але зараз іх – бяры не хачу.
Калі ты ўжо увайшоў(-ла) у Clubhouse, варта паводзіць сябе актыўна: удзельнічаць у размовах, заходзіць у пакоі, падымаць руку. Праграма любіць такіх карыстальнікаў(-іц) і дае ім крыху больш прывілеяў: напрыклад, дазваляе ствараць клубы.
Фарматы Clubhouse
Дэбаты. Яны больш характэрныя для англамоўнага сегменту. У размове сутыкаюцца два супрацьлеглыя меркаванні, з якімі слухачы могуць пагаджацца ці не, задаваць пытанні спікерам, выказваць свой пункт гледжання. На думку Насты, гэты фармат найбольш аптымальны і цікавы.
Абмеркаванне. Гэта фішка рускамоўных. Даволі часта ў пакоях на рускай збіраюцца аднадумцы, і размова становіцца больш падобная на анлайн-падкаст або лекцыю. Людзі дзеляцца сваім вопытам на тэму, падбадзёрваюць суразмоўцаў.
Магчыма, менавіта праз распаўсюджванне такога фармату Clubhouse паступова падае. Цяжка слухаць развагі ўслых на фоне, асабліва калі людзі адхіляюцца ад тэмы.
Інтэрв’ю. Часам да Clubhouse падключаюцца зоркі, і ім можна наўпрост задаць пытанне. Мадэратар па чарзе дае слова слухачам. Іншы варыянт – журналіст бярэ інтэрв’ю, а карыстальнікі могуць слухаць анлайн. Ці, напрыклад, можна стварыць пакой толькі для журналістаў і правесці прэс-канферэнцыю.
Пытанне-адказ. У такіх пакоях часта сустракаюцца стартаперы(-кі) і інвестары(-кі). Першыя падключаюцца і за пару хвілін расказваюць пра свой праект, а мецэнаты(-кі) ці менеджары(-кі) выказваюць наконт яго меркаванне. Такія пітчы часам складана ўспрымаюцца, бо не хапае візуалізацыі. Калі шмат лічбаў, фармат прайграе.
Галасавыя чаты. Так, у Clubhouse можна проста гутарыць з сябрамі. Але цяпер у іншых сацсетках і месенджарах таксама з’яўляюцца аналагічныя функцыі, папулярнасць Clubhouse падае ў тым ліку і праз гэта.
У рускім сегменце ёсць яшчэ вельмі папулярны маўклівы пакой: там амаль мільён людзей. Яго сутнасць у тым, каб глядзець профілі іншых людзей і падпісвацца на тых, хто табе цікавы.
Радыё. Аўтар(-ка) можа ствараць адкрыты эфір і весці яго, як на звычайным радыё, – рабіць агляд навін, музыкі, кніг ці чагосьці яшчэ.
Што рабіць тут НКА?
Паколькі фармат дэбатаў падаецца найбольш жывым, варта абраць тэму і паклікаць двух спікераў(-ак): за і супраць. Уключаць людзей лепш «хвалямі»: пяць хвілін спікеры кажуць, потым хтосьці з аўдыторыі задае пытанне, потым зноў спікеры. Такі фармат жывых абмеркаванняў падтрымлівае інтарэс удзельнікаў і ўдзельніц. Мадэратару варта сачыць за тым, каб людзі не адхіляліся ад тэмы і аргументавана абаранялі свой пункт погляду.
Інтарэс слухача трэба пастаянна падаграваць. У Clubhouse не прыйдзе паведамленне, што на яго/яе на пытанне адказалі, як у іншых «пісьмовых» сацсетках. Важна пастаянна быць у размове.
Калі гаворка ідзе, напрыклад, пра безбар’ернае асяроддзе, трэба апісваць праблему ў дэталях. Для слухачоў некаторыя моманты могуць быць не відавочныя, а паказаць фота не атрымаецца.
У Clubhouse ёсць пакоі, дзе гуляюць у мафію, «Што? Дзе? Калі?», мазгабойню, рашаюць задачы на хуткасць. Для НКА гэта магчымасць аб’яднаць сваю аўдыторыю і правесці цікава вечар.
Што рабіць тут аўтарам?
Публічнае інтэрв’ю. Загадзя давай сваёй аўдыторыі спасылкі на публічнае інтэрв’ю, каб яны маглі падключыцца і задаць госцю пытанне.
Канферэнцыі. Чытай профілі. У апісанні людзі, як правіла, пакідаюць свае кантакты і расказваюць, чым займаюцца. Можна напісаць ім у Telegram і прапанаваць арганізаваць канферэнцыю, сабраць экспертаў(-ак) з розных краін і стварыць інфанагоду.
Тэматычныя пакоі і іх арганізацыя. Пакоі таксама могуць стварацца ад імя клубаў (так званых суполак па інтарэсах). На клуб падпісваюцца больш людзей, чым на асобнага(-ую) карыстальніка(-цу). Таму варта падумаць пра такі фармат, у ім прадстаўлены больш шырокія інтарэсы слухачоў.
Пошук герояў і тэм праз клубы. Шукаць людзей у Clubhouse можна па тэгах або ў маўклівым пакоі.
Цяжкасці
Інфармацыйны шум. Вельмі шмат пакояў. Запатрабаваныя эксперты выходзяць на сувязь не вельмі часта.
Абмежаванасць выкарыстання. Паводле палітыкі канфіндэнцыяльнасці Clubhouse, усе размовы нельга запісваць на дыктафон і выкладваць. Калі патрэбны запіс, са спікерамі(-камі) трэба асобна дамаўляцца пра гэта.
Фактчэкінг. Перадусім ён звязаны з пакоямі, якія ствараюць зоркі, бо праверыць, хто там сядзіць, вельмі цяжка. У лютым быў выпадак, калі Ала Пугачова адказвала на пытанні, спявала, слухачы прыходзілі менавіта на яе, а напрыканцы высветлілася, што гэта быў парадыст.
Складана анансаваць. Тут становяцца папулярнымі каналы, якія былі ўжо папулярныя па-за межамі Clubhouse, у іншых сацсетках, ці блогеры з вялікай аўдыторыяй. Да іх адразу прыходзяць людзі, якія іх ведаюць. Са старту ўзляцець складана: гэта патрабуе дадатковых рэсурсаў.
Нягледзячы на цяжкасці, варта быць у Clubhouse, каб ведаць павестку дня, знаходзіць цікавых людзей і выкарыстоўваць яго як інструмент у сваёй дзейнасці.