Як гаварыць на сур’ёзныя тэмы ў TikTok?
- Рубрыка: MEDIASCAPE
- 19.04.2021
- 3900
Як актывістам грамадскай супольнасці знайсці сваю нішу ў TikTok? Пра гэта на вэбінары Prague Civil Society Centre распавяла Ангеліна Ламакіна, TikTok-рэдактарка ўкраінскага выдання пра медыяадукацыю «Детектор медіа». 34mag запісаў канспект.
TikTok пакуль яшчэ чапляе атмасферай чалавечнасці і свабоды, прыкладна як Instagram у 2012-м. І так, гэта даўно не сацсетка для школьнікаў, сюды заходзяць усё больш дарослыя людзі, прычым не толькі па забаўкі, але і па цікавы пазнавальны кантэнт, па навіны ў нефармальным фармаце. У TikTok ужо прыйшлі сур’ёзныя медыя (BBC, «Новая газета», Washington Post), арганізацыі (UNISEF), дарагія брэнды (MAC, Burberry, Calvin Klein). Варта туды заглянуць і НКА – як мінімум для таго, каб навучыцца здымаць яркія і кароткія інфармацыйныя відэа.
Чым TikTok круцейшы за іншыя сацсеткі?
Нізкі парог уваходжання. На першым этапе дастаткова мець тэлефон, добрае святло (акно), мікрафон ад навушнікаў. Для больш прафесійных відэа можна выкарыстоўваць камеру, штатыў, кальцавую лямпу, пятлічку. Але гэта не абавязкова.
Велізарны бясплатны арганічны рост. Спачатку TikTok паказвае відэа людзям паблізу – і прыцягвае аўдыторыю з тваёй краіны без рэкламы ці іншых укладанняў.
Праграма сама шукае мэтавую аўдыторыю. Штучны інтэлект разумее, пра што твой профіль і кантэнт, і паказвае яго людзям з адпаведнымі інтарэсамі. Па сутнасці, сам робіць таргетынг.
Аўтэнтычны крэатыўны кантэнт. У TikTok можна рабіць «непрылізаны» кантэнт. Галоўнае – жывы, напоўнены эмоцыямі, якія чапляюць. Можна дадаваць трэшу, чорнага гумару.
Супрацоўніцтва. У прамых эфірах можна браць інтэрв’ю у экспертаў ці арганізоўваць анлайн з блогерамі тваёй тэматыкі.
Амаль пустыя нішы. Цяпер у сацсетцы велізарны запыт на экспертнасць. Вельмі добра ўзлятаюць гістарычныя, палітычныя, культурныя тэмы, калі відэа зроблены цікава.
Дарослая аўдыторыя, якая хоча цікавага кантэнту. Яе становіцца ўсё больш разам з ростам колькасці экспертаў(-ак).
Як падаць сваю экспертнасць?
Экспертам у сацсетках заўсёды цяжэй, чым звычайным блогерам, бо ёсць унутраная палітыка арганізацыі, каштоўнасці, нейкая мяжа для гумару. Але TikTok любіць смелыя ідэі, каб яны чаплялі. Можна рабіць лёгкі клікбэйт. Калі фармат не зусім падыходзіць пад нейкую тэму, варта рабіць кароткае відэа і запрашаць людзей у свой профіль на Facebook ці на сайт (даступна пасля 1000 падпісчыкаў), дзе будзе асноўны артыкул.
Якіх мэт можа дасягнуць НКА ў TikTok?
Можна павысіць пазнавальнасць арганізацыі, прасунуць свой мэсэдж, стварыць імідж арганізацыі як «стылёвай, моднай, маладзёжнай», а таксама прыцягнуць аўдыторыю ў іншыя сацсеткі.
Ёсць некалькі стратэгій, як арганізацыям і кампаніям паводзіць сябе ў TikTok. Напрыклад, BBC посцяць толькі гумар, а ў апісанні профілю яны паставілі «Ты не можаш мне казаць, што рабіць, ты не мая мама!!» А Washington Post міксуе сур’ёзны кантэнт і жарты, робіць анонсы артыкулаў, якія можна пачытаць на іх сайце. Ёсць юрысты-блогеры, якія здымаюць смешныя скетчы, але праз іх расказваюць пра рэальныя законы і правы людзей.
Якія правілы трэба выконваць?
Просты сторытэлінг. Можна прытрымлівацца структуры з трох актаў: завязка (праблема), кульмінацыя, развязка (рашэнне праблемы). Яшчэ добра заходзяць відэа фармату «чаканне-рэальнасць».
Часам працуе, калі міксуюцца сур’ёзныя гутаркі і іранічны кантэнт. Добра таксама абіраць найбольш папулярныя тэмы, вакол якіх шмат фэйкаў. Цяпер, напрыклад, добра можа зайсці вакцынацыя і лакдаўн.
Некаторыя людзі глядзяць у TikTok навіны, таму, калі нешта здараецца па тэматыцы тваей арганізацыі, гэта таксама выдатны спосаб прыцягнуць аўдыторыю.
Нефармальная падача. Казаць простымі фразамі і словамі, каб было зразумела нават школьніку(-цы).
Трэнды. TikTok нараджае трэнды: у эфектах, музыцы, падачы. Можна прыдумаць і запусціць свой трэнд, і калі ён выйдзе ў топ, то людзі будуць у першую чаргу знаходзіць твой профіль як стваральніка(-цы) трэнда.
Напрыклад, хлопец з 4000 падпісчыкаў прыдумаў такі трэнд: калі чалавеку дрэнна, ён/яна раняе шклянку, якую падхоплівае сяброўка/маці/калега, якія заўсёды побач. Трэнд завірусіўся, стваральнік адразу набраў дзясяткі тысяч падпісчыкаў. Арганізацыі і людзі зрабілі вельмі шмат інтэрпрэтацый гэтага трэнду.
Як посціць?
Час. Лепш за ўсё выкладаць тры відэа на дзень: прыкладна ў 8:00, 12:30, 21:00. Калі няма такой магчымасці, абірай толькі вечар. Кантэнт можна наздымаць загадзя і проста выкладаць на працягу тыдня. Пасля 100 падпісчыкаў можна будзе падключыць аналітыку і глядзець, калі твая аўдыторыя анлайн. Лепш за ўсё посціць відэа за 1-2 гадзіны да піку колькасці карыстальнікаў на платформе.
Хэштэгі. Трэба ставіць чатыры тыпы хэштагаў: дзейнасць (напрыклад, тэлебачанне, журналістыка, палітыка), агульная тэматыка (каранавірус, правы чалавека, пратэсты), канкрэтызаваная тэматыка (прозвішчы экспертаў, назвы падзей, назвы законаў), тып кантэнту (лайфхак, адукацыя, крытычнае мысленне).
Перыядычнасць. Лепш посціць крыху радзей, але рэгулярна, чым запар выкаціць некалькі відэа. Новы кантэнт будзе падцягваць папулярнасць папярэдняга. Найбольш выйгрышны фармат – 15 секунд. Але, калі ты можаш зрабіць цікавы кантэнт на 60 сек. – гэта крута. Ёсць блогеры, якія робяць нават серыялы па сваёй тэматыцы: выпускаюць іх па частках, кожная з якіх цягнецца адну хвіліну.
Знешні выгляд. Відэа можна рабіць або адразу ў TikTok, або спачатку змантаваць на тэлефоне і потым загрузіць у праграму, дадаць музыку і тэкст. Лепш абраць другі варыянт, каб была вышэй якасць.
А што наконт бяспекі?
TikTok – кітайская сацсетка. Нядаўна ў адкрытым доступе з’явілася справаздача са звесткамі, якія платформа збірае, але варта і самастойна паклапаціцца пра асабістыя дадзеныя. Лепш стварыць для яго асобную пошту і максімальна абмежаваць доступ да асабістай інфармацыі ў наладах.
Часам праграма несправядліва блакуе кантэнт: за паклёп, рэкламу ці нешта іншае. Важна пісаць пра гэта ў службу падтрымкі і тлумачыць сітуацыю. Даволі шмат відэа гэта можна выратаваць.
І ведай: як аўтар(-ка) відэа ты можаш забараніць выкарыстоўваць некаторыя словы ў каментарыях, каб не распальвалася спрэчка. Гэта спрыяе стварэнню бяспечнай прасторы. Да таго ж, калі пад пастамі будзе шмат абраз, могуць заблакіраваць не каментатараў(-ак), а цябе.
Фота: palasatka