На Ляды: навошта маладыя настаўнікі едуць у глыбінку?

Пакуль адны рабяты шукаюць спосабы адкасіць ад размеркавання (не асуджаем), іншыя едуць у беларускую глыбінку не тое каб пакорліва, а нават з уласнай волі. 34mag пагутарыў з трыма маладымі настаўнікамі, якія зрабілі такі выбар. І не, яны не пашкадавалі.

 

Нашы героі выкладаюць у населеных пунктах Менскай вобласці. Усе яны – удзельнікі праграмы «Настаўнік для Беларусі», нацэленай на ліквідацыю адукацыйнай няроўнасці. Настаўнікі, якія прайшлі друшляк адбору, прапампоўваюць скілы на падрыхтоўчым летнім інтэнсіве, а потым на два гады выпраўляюцца ў самыя простыя школы, дзе вучні, безумоўна, таксама заслугоўваюць таго, каб іх слухалі, чулі і беражліва дапамагалі ім знайсці ў сабе – сябе. Па правілах праграмы, «настаўнікі для Беларусі» павінны не толькі класна выкладаць свой прадмет, але і рэалізоўваць праект, карысны для мясцовай супольнасці, у любой сферы – хоць ракеты праектуй, хоць зімовы сад разбівай. У абмен на гэта кожнаму ўдзельніку праграмы прапануюць: лэптоп для працы, штомесячную стыпендыю 250 рублёў (у дадатак да стаўкі), дапамогу з арэндай жылля і – самае галоўнае – падтрымку куратараў, метадыстаў, аднадумцаў.

 

Алена Аляхно

31 год, настаўніца рускай мовы і літаратуры ў пасёлку Энергетыкаў  

– «А што, так можна? Можна казаць, што думаеш?» – пыталіся ў мяне дзеці, калі працавалі над выпускам школьнай газеты. Рабяты баяцца самавыяўляцца, саромеюцца сябе. Пачынаючы з шостага класа ў дзяцей, з якімі я працую, няма ініцыятывы, асабістай актыўнай пазіцыі. І гэта трагедыя.

У рамках праграмы «Настаўнік для Беларусі» я рэалізую два праекты. Першы – «Праз тэатр», дзе мы з дзецьмі з дапамогай тэатральных тэхнік раскрываем сябе і навакольны свет. Другі – прэс-цэнтр, які пакуль абмежаваўся школьнай газетай.

І ў першым, і ў другім праекце я спрабую зацікавіць дзяцей працаваць самастойна. Мне падабаецца глядзець, як рабяты раскрываюцца, становяцца смялейшымі і больш актыўнымі. Мой гонар і радасць – гэта іх дасягненні: самі напісалі сцэнарый або падрыхтавалі канцэпцыю новага нумара – не важна. Хачу, каб дзеці набывалі свой унікальны вопыт, каб самі раскручвалі ідэі. Не хачу быць настаўнікам, які кажа, што рабіць.

Я шмат працавала з дзецьмі да гэтага, але тут яны асабліва розныя: па харызме, магчымасцях, інтарэсах. Нават у межах аднаго класа. Нечаканыя. Іх мысленне бязмежнае. Яны вельмі шмат заўважаюць, нават не ўсведамляючы гэтага. Я даведаюся новае ў іх, а яны – у мяне. Вучыць рускую мову і разумець тэксты – гэта крута, але разам з імі мы вучымся разумець і жыццё.

«Я разумею, чаму людзі адмаўляюцца працаваць настаўнікамі і жыць у вёсцы»

Калі я запаўняла заяўку на ўдзел у праграме, то меркавала, што прыеду ў глухенькую вёску. І мне было цікава змагацца з гэтым выклікам. Але я апынулася ў пасёлку, дзе ёсць і крамы, і аптэкі, і банк, і пошта, і пяціпавярховікі, і электрычкі, якія давязуць да новых магчымасцей.

Мне не было цяжка да нечага прывыкнуць. Але я разумею, чаму людзі адмаўляюцца працаваць настаўнікамі і жыць у вёсцы. Аплата працы вельмі нізкая. У розных школах у людзей з адной і той жа нагрузкай, стажам і функцыяналам разбежкі значныя. Мне скардзіцца няма на што, але мая мама працавала ў сельскай школе, і з калегамі з розных куткоў Беларусі я размаўляла на гэтую тэму, таму ведаю, пра што кажу. А настаўнік павінен адчуваць сябе свабодна.

У гэтым плане мне пашанцавала. Я рада, што ў мяне ёсць стыпендыя ад праграмы і мне не трэба задумвацца, колькі картак і бланкаў для тэстаў раздрукаваць на ўрок. Але шмат у каго матэрыяльна-тэхнічная база горшая. Ці не з'яўляецца гэта непавагай да сябе, калі працуеш, укладваеш шмат сіл, а твая праца не ацэньваецца і ты не можаш дазволіць сабе элементарных рэчаў?

Настаўнікам трэба разумець, што яны не адны. Трэба перабудоўваць фармат зносін і мысленне людзей у адукацыі. Вучыць настаўнікаў і дзяцей інакш. Станавіцца больш гнуткімі, жывымі і сыходзіць ад фармальнасцей.

 

 

Васіль Гембіцкі

25 гадоў, настаўнік фізкультуры ў Лядах

– Ты не можаш навучыць дзяцей таму, што цікава толькі табе. Цябе не прымуць. І ўсе намаганні будуць марныя. Трэба пачынаць камунікацыю з дзецьмі з тых момантаў, якія цікавыя ім самім.

Я стараюся праводзіць з дзецьмі больш часу па-за ўрокамі. З пачатку года, напэўна, не было яшчэ ні адной перамены, каб да мяне не забягалі рабяты. Мы рабілі з імі дэталі для самалёта, выразалі бумерангі, пракладалі правады для радыё, якое запусцілі ў нашай школе. Усім цікава. Я разумею, што магу навучыць іх не толькі фізкультуры.

Некаторыя хлопцы з нашай вёскі растуць без бацькоў. Ёсць хлопцы з неспрыяльных сем'яў. Таму я стараюся аказваць на іх мужчынскі ўплыў, неяк дапамагаць. Што мяне вельмі радуе, дык гэта стаўленне людзей адно да аднаго ў нашай вёсцы – яно вельмі класнае. Школа невялікая, і дзеці сябруюць, нягледзячы на ўзрост. Яны дапамагаюць «сваім» і з мерапрыемствамі, і з вучобай, і з дамашняй работай.

Калі я пачаў рабіць рамонт у доме, які для мяне знялі арганізатары праграмы, рабяты са школы прыйшлі да мяне, каб разам паклеіць шпалеры. І пры любой магчымасці забягаюць па вечарах пагуляць у настольныя гульні і проста пагутарыць.

«Мы рабілі з імі дэталі для самалёта, выразалі бумерангі, пракладалі правады для радыё»

Калегі таксама цёпла мяне прынялі і дапамагаюць з працай па хаце. Пакуль я быў у камандзіроўцы, нават накалолі мне дроў. Мне не складана жыць тут – я сам з вёскі, але гэта вельмі крута. Ты не адчуваеш сябе адзінокім і выкінутым за борт, а ведаеш, што ёсць людзі, якія могуць табе дапамагчы. Я адчуваў гэта на летнім інтэнсіве праграмы «Настаўнік для Беларусі» і адчуваю цяпер.

Пра праграму я даведаўся выпадкова: гартаў стужку інстаграма і наткнуўся на публікацыю – новы праект для настаўнікаў. Убачыў, што толькі дванаццаць чалавек змогуць патрапіць туды, і падумаў, што ў мяне няма шанцаў. Але праз дзень вырашыў: «Лепей паспрабую і ў мяне не атрымаецца, чым не зраблю гэтага – і буду потым шкадаваць». Запоўніў заяўку. Следам быў вочны тур, тыдзень чакання. І мяне ўзялі!

Далей – інтэнсіў. Новыя людзі, новыя фарматы навучання, новыя (і незразумелыя) словы і прыёмы. Але ўсё аказалася проста, таму што я пазнаёміўся з класнымі людзьмі, якія заўсёды гатовыя дапамагчы.

Вясковым школам не хапае таленавітых маладых кадраў, якія цікавяцца дзецьмі, а не падтрыманнем сістэмы. Тыя, хто ствараюць правілы і ўмовы, не ўлічваюць кантэкст. А ў нашай працы хапае нюансаў. Мы адказваем за дзяцей 24/7, нават калі яны знаходзяцца па-за сценамі школы. Мы павінны сачыць за наяўнасцю адзення, абутку і ўсяго неабходнага для нармальнай вучобы; правяраць эсэнэсаўскія [у сацыяльна небяспечным стане. – 34] сем'і, дзе бацькі не заўсёды рады візітам са школы; сачыць, каб апошнія не сыходзілі ў запоі. Мы павінны вучыць і выхоўваць.

 

 

Ала Галубковіч

22 гады, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства ў Дзяржынску

– Я сама з вёскі Навіцкавічы Камянецкага раёна. Калі вучылася ў старэйшай школе, раптам зразумела, што стану выкладчыцай. Не ведаю, адкуль з'явілася гэтая ўпэўненасць, але ўнутры дакладна разумела, што гэта адбудзецца. Паступіла ў БДПУ на спецыяльнасць «Гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны», скончыла летась і адразу падалася на праграму.

Размеркаванне здарылася раней: мяне адправілі ў Лагойскі раён. Калі даведалася, што прайшла ў праграму, прыйшлося гэтае пытанне вырашаць. Схема была стандартная: адмацаванне з Лагойска, ліст з новага месца працы, перанакіраванне ад універсітэта. Так я апынулася ў Дзяржынску.

Спачатку ўсе пыталіся: «Ну як? Як табе працуецца?» Працуецца нязвыкла, але вельмі цікава. Тут цёплы калектыў і класныя рабяты.

Асабліва запомніла момант, калі прыйшла ў 11 клас: дзеці выглядалі старэйшымі за мяне і, здавалася, ведалі па прадмеце ўсё. Але не! Мы вучымся разам. Шмат гутарым і спрачаемся.

Я люблю дзяцей. Яны не даюць мысліць стандартна. У іх часам такія ідэі! Пачынаеш развіваць далей – адно задавальненне. А яшчэ я вучуся ў іх шчырасці. Дзеці не ўмеюць хлусіць.

«Ты ж абраў прафесію педагога – ты павінен думаць пра тое, як развіваць іншых»

Калі шчыра, то вялікіх чаканняў ад праграмы на старце я не мела. Хутчэй трохі насцярожвалася. Палохала фармулёўка «Летні інстытут». Ехала туды і думала: «Ну, цяпер там будзе як ва ўніверы: выкладчыкі, лекцыі нейкія, вучыцца, важаціць…» А насамрэч аказалася нешта неверагоднае.

Гэта было вельмі незвычайна: дзіўныя заданні, новыя людзі, здзіўленне і эйфарыя ад таго, што ты заўважаеш, як трансфармуешся. Вучышся аналізаваць, шукаць, узаемадзейнічаць. Вучышся пазнаваць сябе і іншых. І дакладна разумееш, што хочаш працаваць дзеля дзяцей разам з гэтымі людзьмі.

Мне хацелася мяняць нешта ў адукацыі. Не ведаю, ці атрымалася б гэта, калі б я працавала ў іншай школе ў іншых абставінах. Але дакладна магу сказаць, што «Настаўнік для Беларусі» даў мне класныя перавагі. Гэта вельмі круты «дадатак» да той адукацыі, якую маеш. Гэта прафесійная дапамога ад куратараў і метадыстаў. Гэта рэальная прапампоўка скілоў. Гэта новыя магчымасці заявіць пра сябе.

Мая школа не вясковая, але я кантактую з настаўнікамі, якія працуюць у такіх школах. Я разумею, што людзі не бачаць магчымасцей для росту. Але яны ў іх ёсць. Ты ж выбраў прафесію педагога – ты павінен думаць пра тое, як развіваць іншых. І не важна дзе: у горадзе, у вёсцы ці на хутары.

Для таго каб настаўнікі пераязджалі ў вёску, патрэбныя нармальныя бытавыя ўмовы. Статус настаўніка ў грамадстве таксама ўплывае, але я прытрымліваюся думкі, што мы самі яго фармуем. І таго, хто пастаянна ные, іншыя будуць успрымаць адпаведна.

 

Чарговы набор у праграму «Настаўнік для Беларусі» закрываецца 24 траўня.

Фота: palasatka, Ann Ivanova, pexels.com