Падарожжа ў свет кіно: як паваланцёрыць на еўрапейскім кінафэсце?
- 20.09.2023
- 2617
Еўрапейскі кінаівэнт, новыя знаёмствы і дзясяткі фільмаў за пару дзён – Арына Бокач распавядае, як патрапіла валанцёркай на Ратэрдамскі кінафестываль і чаго варта чакаць тым, хто плануе яе шлях паўтарыць.
Як у гэта ўпісацца
Кіно я любіла заўсёды: спачатку проста глядзела, пазней пачала пісаць артыкулы з аналізам, а крыху менш за год таму вырашыла, што хачу дакрануцца да свету кіно па-сапраўднаму.
У кастрычніку 2022-га мая сяброўка, якая на той момант жыла ў Нідэрландах, у сваім Instagram апублікавала сторыс пра тое, што падалася як валанцёрка на Ратэрдамскі кінафестываль (IFFR). Моцна натхнёная і прагная да прыгод, я адразу зразумела, што мне ў такую авантуру ўпісацца проста неабходна. Пра гэты фэст я на той момант не чула; як дабрацца да Ратэрдама і дзе жыць больш за тыдзень – не думала. Адразу накіравалася на сайт фестывалю.
На запаўненне заяўкі вытраціла не больш за гадзіну. На афіцыйным сайце IFFR уся інфа даступная англійскай мовай. Пытанні стандартныя: прозвішча, імя, гендар, краіна пражывання і іншыя. Там жа прапанавалі абраць пераважную валанцёрскую пазіцыю. Арганізатары(-кі) загадзя быццам праводзілі некалькі вэбінараў, на якіх падрабязна распавядалі пра задачы кожнай пазіцыі, але я ўсё прапусціла, таму кіравалася інтуіцыяй і кароткім апісаннем.
Паспрабаваць сябе можна было, напрыклад, у такіх ролях:
Guest assistant – кантактаванне з гасцямі фестывалю: акцёрамі, здымачнай групай.
Help Desk – рэгістрацыя гасцей у кінатэатры, друк бэйджаў і таму падобнае.
Construction team – дапамога ў стварэнні канструкцый і арт-аб'ектаў.
Art Director – адказнасць за арт-аб'екты ў горадзе, звязаныя з фестывалем.
Audience assistant – сканіраванне білетаў, камунікацыя з гледачамі.
Flying Tiger – на падхваце, фактычна маглі выконваць любую функцыю.
Для сябе я выбрала Audience assistance (і потым ні разу не пашкадавала). Прыкладна праз некалькі тыдняў са мной звязаліся па пошце, каб удакладніць, ці ёсць у мяне еўрапейскі від на жыхарства. Мой літоўскі ВНЖ, выдадзены па студэнцкіх прычынах, падышоў ідэальна. Але сам факт наяўнасці дазволу пражывання ў Еўропе аказаўся абавязковым.
Пасля паспяховага пацвярджэння майго ўдзелу ў фестывалі і ліста на пошту з падзякамі я атрымала яшчэ адзін ліст: прапаноўвалі абраць змены і сам кінатэатр. Але пра яго я шчасна забылася на два тыдні і, калі нарэшце дапаўзла да сайта, выбіраць давялося з таго, што засталося. Амаль усе мае змены былі ранішнімі, а працавала я ў зусім невялікім кінатэатры Lantern Venster.
Па правілах трэба было ўзяць мінімум пяць змен. За гэта ты атрымліваеш шэсць бясплатных квіткоў на любыя фільмы. А за восем змен і больш – unlimited колькасць. Я спынілася на шасці зменах, але па адчуваннях магла ўзяць і больш.
«Па правілах трэба было ўзяць мінімум пяць змен. За гэта ты атрымліваеш шэсць бясплатных квіткоў на любыя фільмы»
Як дабрацца да Ратэрдама і што па жытле
Прыкладна за € 40 я ўхапіла білеты туды-назад па маршруце Вільнюс – Эйндховен. Але кошты, зразумела, увесь час змяняюцца, трэба маніторыць і куплю ў доўгую скрыню не адкладаць.
Па прыездзе ў Нідэрланды я спачатку затрымалася на некалькі дзён у маленькім студэнцкім мястэчку пад Эйндховенам – Тылбургу. Адтуль з’ездзіла ў Антвэрпэн за сімвалічныя € 5. І ўжо з Бельгіі я накіравалася ў Ратэрдам. Кошт пытання – € 10–12 на Flixbus.
На жаль, валанцёраў і валанцёрак фестываль жытлом не забяспечваў, і на гэтым этапе ў нас з сяброўкай узніклі цяжкасці. Сярэдні цэннік за ноч у хостэле з не самай нізкай ацэнкай на Booking складаў ад € 40 і болей. А ўлічваючы колькасць змен, правесці ў Ратэрдаме трэба было каля тыдня: шэсць працоўных дзён і пара выходных.
Выдаткаваць € 320 толькі на жыллё наш студэнцкі бюджэт ніяк не дазваляў. Таму зарэгістраваліся на Couchsurfing. Сёрчылі з сяброўкай паралельна. Але з самага пачатку мы зрабілі вялікую памылку, спрабуючы знайсці каўч адразу на ўвесь тэрмін фестывалю. Вядома, прыняць двух чалавек на восем дзён не пагаджаўся ніхто. Тады мы вырашылі падзяліць наш час у Ратэрдаме на некалькі кароткіх прамежкаў і пашукаць людзей, якія змогуць даць прытулак на 2–3 дні. Гэта спрацавала: мы знайшлі некалькіх хастоў і шчасна выдыхнулі.
Каўчсёрфінг сапраўды моцна палегчыў нам жыццё ў Ратэрдаме, але без крынжа не абышлося. Першым хастом быў Даан – малады галандзец, які жыў з двума суседзямі каля порта, не ў самым бяспечным раёне, як нам пасля распавялі мясцовыя. Пачыналася ўсё нядрэнна – за выключэннем таго, што ў кватэры было вельмі брудна і моцна смярдзела травой ды півам, а на канапе для нас былі неадмытыя кроплі крыві. Але дзявацца няма куды – ночыць трэба было недзе. Пра дрэннае я амаль не думала і намагалася дазнацца пра хаста больш. На другі дзень, вярнуўшыся дадому, мы заспелі Даана моцна абкураным з дзяўчынай, якую ён вырашыў нам не прадстаўляць. Калі мы намякнулі, што хочам спаць, рабяты развіталіся і працягнулі «вечарынку» ў спальні на другім паверсе. Спачатку дзяўчына характэрна крычала, потым мы чулі толькі моцны глухі стук – гадзін да чатырох раніцы. Цяпер я разумею, што нічога вельмі страшнага не адбылося, але ў моманце я злавіла панічную атаку. Раніцай мы сабралі рэчы і проста збеглі, хоць планавалі пражыць там яшчэ адну ноч.
Нейкім цудам за некалькі гадзін мы знайшлі новага хаста, у якога была дрэнная англійская, так што мы амаль не размаўлялі. А потым мы аказаліся ў маладога рэжысёра Робіна. І я дагэтуль лічу гэтае знаёмства адным з найлепшых на каўчсёрфінгу. Гэта было менавіта тое, што я шукала на гэтым сайце: мы гулялі ў настолкі, елі веганскія бургеры, нават схадзілі разам у кіно. Робін любіць Molchat Doma і «Тату», а аднойчы прымушаў нас слухаць песню «I love Belarus». Было вельмі весела, і я ўпэўненая, што палова маіх эмоцый ад фестывалю звязана якраз з ім.
Як праходзіў фестываль
На фестывалі я прымярала ролю «асістэнткі аўдыторыі». Прасцей кажучы, сканіравала білеты на ўваходзе і правярала чысціню залы пасля сеанса. А раз за змену сядзела ў зале падчас фільмаў і глядзела іх. Самі паказы часта суправаджаліся Q&A з рэжысёрамі і рэжысёркамі ды прадзюсарамі і прадзюсаркамі – вельмі цікавая частка.
У апошні дзень у маім кінатэатры паказвалі карціны, якія атрымалі максімальную адзнаку ад гледачоў і глядачак, і я патрапіла адразу на чатыры стужкі, сярод якіх была такая маштабная, як «Кіт».
Кінатэатр, у якім я працавала, аказаўся невялічкім, але вельмі мілым і сучасным. Само паняцце кінатэатра моцна адрознівалася ад звыклага мне: акрамя знаёмых шапікаў з папкорнам, у ім знаходзіўся асобны рэстаран (у буйнейшых былі і бары).
Мой працоўны дзень пачынаўся з таго, што ў валанцёрскім пакоі з'яўляўся расклад на дзень, мы атрымлівалі сканеры і ішлі правяраць квіткі. Дарэчы, ніякіх праблем з няведаннем мовы ў мяне не ўзнікла – галандцы выдатна гавораць па-англійску.
Кожны дзень каляжанкі і калегі мяняліся, таму за тыдзень я пазнаёмілася з вялікай колькасцю людзей. З характэрнага – акрамя такіх жа рабят, як я, велізарную частку валанцёрскай групы складалі пажылыя людзі, якія хацелі быць карыснымі.
«Велізарную частку валанцёрскай групы складалі пажылыя людзі, якія хацелі быць карыснымі»
Увесь непрацоўны час мы бавілі ў валанцёрскім пакоі, дзе нас заўсёды чакала шмат снэкаў і напояў. А каля 12 гадзін да нас прыязджаў абед. Меню мянялася кожны дзень, але ўсе тры опцыі былі вегетарыянскімі ці веганскімі. Кармілі сапраўды смачна: я любіла піць шакаладнае малако, заядаючы сэндвічам з бры.
У вольныя дні я рэалізоўвала мае бясплатныя квіткі ў кіно. Патрапіць можна было як на гучныя прэм'еры, так і на вельмі лакальны андэграўнд. Улічваючы, што кожны дзень я ў межах работы і так праглядала як мінімум адзін фільм, усе пяць квіткоў я так і не здолела патраціць. Але атрымалася так, што я наведала амаль усе буйныя кінатэатры Ротэрдама.
Апроч сеансаў для нас таксама былі арганізаваныя розныя валанцёрскія івэнты: квізы, тэматычныя вечарыны, паходы ў бар, дзе нам давалі жэтоны на бясплатны алкаголь. Фестываль нават забрэндаваў бельгійскае піва, якое можна было піць на працоўным месцы.
«Фестываль нават забрэндаваў бельгійскае піва, якое можна было піць на працоўным месцы»
Падсумоўваючы
Фестываль пакінуў у мяне вельмі яркія эмоцыі, і я хачу выпрабаваць іх ізноў у наступным годзе, так што абавязкова буду падавацца. Гэта першы мой падобны досвед валанцёрства, і цяпер я дакладна разумею, што хацела б паспрабаваць сябе ў розных сферах. Зараз у планах трапіць на буйнейшыя фестывалі Еўропы, балазе гэта цалкам рэальна.
Што можна парадзіць:
Загадзя падпішыся на IFFR у Instagram, каб маніторыць іх навіны.
Набывай квіткі на самалёт адразу пасля пацвярджэння ўдзелу ў фестывалі, бо кошты на рэйсы лаўкостараў непрадказальныя.
Загадзя паклапаціся аб жыллі, бо падчас фестывалю такое адчуванне, што ў горадзе тусіць не толькі ўвесь Ратэрдам, але і палова Нідэрландаў.
Не адкладай выбар змен і кінатэатраў на самы апошні момант так, як гэта зрабіла я. Асабліва, калі не жадаеш адхапіць толькі ранішнія і начныя змены, а таксама патрапіць у маленькі кінатэатр (зрэшты, для мяне гэта стала прыемным досведам).
Атрымлівай асалоду ад фестывалю, заводзь знаёмствы з усімі і наведвай мерапрыемствы для валанцёрак і валанцёраў. Так, IFFR не самы буйны кінафэст у Еўропе, аднак і ў ім шмат момантаў, якія абавязкова пакінуць неверагодныя ўспаміны.
Фота з асабістага архіва аўтаркі