У пракат выходзіць фільм пра беларускі ЖЭС-арт
- 15.11.2019
- 9689
З 21 лістапада па 4 снежня кінакампанія Volia Films будзе пракатваць у менскіх кінатэатрах дакументальны фільм Максіма Шведа «Чыстае мастацтва». Гэта кіно пра так званы ЖЭС-арт – «карціны»-прамавугольнікі, якія ствараюць камунальшчыкі ў імкненні пазбавіць горад ад графіці і тэгаў.
На сёлетнім «Лістападзе» стужка атрымала спецыяльны дыплом ад экспертаў з фармуліроўкай «За дасціпнае і трапнае адлюстраванне беларускай самасвядомасці». Месяц таму рэжысёр Максім Швед быў прызнаны лепшым на Artdocfest – самым вялікім расійскім кінафестывалі дакументалак. Летам «Чыcтае мастацтва» прэзентавалі ў Кракаве.
Сюжэт фільма такі: маляркі ЖЭСа Зіна і Іна старанна зафарбоўваюць на менскіх сценах надпісы, пакідаючы пасля сябе рознакаляровыя прамавугольнікі, а натхнёны гэтымі фігурамі мастак-абстракцыяніст Захар Кудзін выходзіць на гарадскі пленэр і капіруе іх на палатно. Мінакі цікавяцца, спрабуюць інтэрпрэтаваць творчасць Захара і выказваюць свае думкі, прычым не толькі пра мастацтва. Увогуле фільм іранічна – як мы любім – расказвае пра Беларусь сучасную.
Акрамя кіно, Максім Швед займаецца фатаграфіяй, і праект «Чыстае мастацтва» вырас менавіта з фотачак. Больш за пяць гадоў Максім здымае «фупрэматычныя» квадраты і дзеліцца сваімі знаходкамі ў суполцы Facebook «ЖЭС-арт/фупрэматызм».
Максім Швед
рэжысёр
«Я пачаў распрацоўваць праект у 2016 годзе, калі вучыўся ў польскай кінашколе Анджэя Вайды. На фільм мяне натхнілі квадраты або прамавугольнікі, якімі менскія камунальныя службы зафарбоўваюць тэгі, надпісы і нейкія лозунгі на сценах дамоў. Галоўны герой першапачаткова быў для мяне чымсьці абстрактным. Я меркаваў, што гэта можа быць экскурсавод, які паказвае турыстам такое дзіўнае мастацтва. Ідэі, што гэта будзе менавіта мастак, першапачаткова не было. Галоўным для мяне было перадаць нейкі стан, атмасферу».
Дзе глядзець: «Ракета» – 20:00 у будні, 17:00 у выходныя; Silver Screen cinemas у ТРЦ Galileo – 20:00.