10 верасня ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў адкрылася выстава Non-fashion. На гэты раз НЦСМ прапаноўвае паразважаць на тэмы фэшн-індустрыі, яе ўплыву на штодзённае жыццё і пра ўзаемадзеянне арту і моды. Разбіраем з куратаркай Дзінай Даніловіч экспазіцыю па костках.
Праект цікавы праз сваю тэматыку і спіс удзельнікаў. Па-першае, сярод шматлікіх тыдняў моды і фэшн-маркетаў ён крытыкуе модную індустрыю і прыносіць новыя сэнсы, якія звязваюць яе з сучасным мастацтвам, – для Беларусі як свежае паветра. Таксама гэта першая за доўгі час выстава ў НЦСМ, у якой пагадзіліся ўдзельнічаць прадстаўнікі незалежнай арт-сцэны.
Куратарка выставы Дзіна Даніловіч, пра якую мы ўжо пісалі раней, доўгі час працавала з беларускай fashion-індустрыяй. «У мяне заўсёды паўставала пытанне, чаму ў беларускім фэшне справы абстаяць менавіта так, калі ва ўсім свеце зусім іншы ўзровень, – кажа яна. – Спачатку праект Non-fashion задумваўся як моднае мерапрыемства: выстава фэшн-фатаграфіі і прэзентацыя брэндаў, якія ствараюць сімбіёз сучаснага мастацтва з модай – выкарыстоўваюць арт-фота, перформансы і ствараюць мастацкія відэа для сваіх кампаній».
Але потым узнікла іронія. «Non-fashion – гэта не крытыка сітуацыі ў модзе, а імкненне паказаць, што можа быць па-іншаму, бо вельмі мала фатографаў і дызайнераў, якія глядзяць за межы Беларусі. Гэта не пытанне наяўнасці грошай, а больш звязана з жаданнем рабіць лепей і глядзець шырэй і адукаванасцю людзей, якія працуюць у індустрыі», – расказвае Дзіна, якая запрасіла на выставу таксама мастакоў, якія не займаюцца модай. У выніку гэтыя напрамкі зліліся, і чыстага «фэшну», акрамя латышскага брэнда Mareunrol’s, які стварае прыдатнае для штодзённасці адзенне з канцэптуальнымі фішачкамі, няма ў праекце.
Дарэчы, куратарка разам з фатографам Дзмітрыем Азам зрабіла праект пра сустрэчу хуткаплыннай моды са старэйшай фатаграфічнай цінтайп-тэхнікай. Па гэтай тэхналогіі ствараецца толькі адна выява і постпрадакшн немагчымы – усё адбываецца тут і цяпер. Праект называецца Black Light, таму што падчас праяўкі раствор калодыю пераўтварае чырвоны і жоўты колеры, якія звычайна сімвалізуюць святло, у чорны. А ў агульнаўжывальных слоўніках блэк-лайт – гэта яшчэ нябачны свет, ультрафіялетавае або інфрачырвонае выпраменьванне. Дзіне цікава было даследаваць, як калодый змяняе выгляд і атмасферу здымкаў, зробленых па ўсіх канонах фэшн-здымак: са стылістамі, візажыстамі, прафесійнымі мадэлямі і дызайнерскай вопраткай.
Яўгенія Лірас – камерцыйная фільммэйкерка ў моднай індустрыі – прадстаўляе відэа пра патрэбу спажывання. Цікава, што яе мастацкае выказванне супярэчыць ейнай асноўнай дзейнасці.
Яшчэ адзін латышскі праект Workshop of Portraits, у якім фатографка Ая Блэй скрыжавала традыцыі класічнай салоннай фатаграфіі з сучаснымі трэндамі ў партрэтах. Атрымалася іранічна, і нават не зразумела, гэта сцёб над студыйнай традыцыяй ці над сучаснасцю, але пры знаёмстве з яе персанажамі адчуваеш спецыфічную ўтульнасць.
Адзін з лейтматываў выставы – адзенне як сімвалічны сродак камунікацыі. З гэтай тэмай працуе ўкраінскі мастак Сяргей Паяркаў, які ў сваім перформансе Clothes flow. Structure кранае структурнасць цела і аморфнасць шмотак. Таксама на закрыцці будзе прадстаўлены перформанс магілёўскага актора і рэжысёра тэатра лялек Юрыя Дзівакова ROT пра ажыятаж вакол смерці вядомых людзей, тут – на прыкладзе самагубства і кашулі Маякоўскага. Маша Мароз, мастачка па касцюмах, стварыла серыю адзення і тэкстылю, звязаную з гісторыяй і этнікай Палесся.
Самы нестандартны экспанат – інсталяцыя чэшскага мастака Штэфана Ружычкі Vanitas. Гэты нацюрморт – скураныя садавіна, вінныя бутэлькі, цыгарэты і чалавечыя чэрапы – ягоная дыпломная работа, з якой мастак атрымаў спецыяльнасць фэшн-дызайнера. Цікава, што некаторыя элементы Дзіна выкарыстоўвала ў праекце Black Light, стварыўшы дыялог паміж часткамі выставы.
Ёсць і творы, што крытычна ставяцца да моды. Адзін з іх – праект Антаніны Слабодчыкавай «Хачу быць прыгожай, як ты», дзе аўтарка выказваецца пра навязаныя стандарты прыгажосці і сэксуальнасці, культуру сэлфі і паказвае, чым гэтая манія становіцца, калі захліствае ўсе пласты грамадства. Гэта іранічны і дасціпны праект, у якім Антаніна толькі паўтарыла тое, што можна знайсці ў сацсетках.
У холе другога паверха НЦСМ, дзе звычайна месціцца піяніна, экспануецца відэа Міхаіла Гуліна з перформанса, калі аўтар рабіў лекцыю пра антычнае мастацтва для мадэляў. Гэта была ні ў якім разе не насмешка, а, хутчэй, праца са стэрэатыпамі праз эксперымент. Сам тэлевізар куратарка паставіла на піяніна, побач з антычнымі галовамі, размаляванымі маркерамі, якія былі створаны Гуліным для праекту «Мастацтва павінна». Уся прастора разам з фіялкамі каля тэлевізара і крэсламі – алюзія на «чырвоныя куткі» ў санаторыях і бальніцах.
Праект Сяргея Шабохіна Duchamp Boutique расказвае пра тое, што зараз мастацтва лёгка пераўтвараецца ў модны брэнд, як і ўсё ў свеце, і сучаснае мастацтва дзейнічае па законах фэшн-індустрыі. Сяргей працуе з самымі знакавымі творамі Дзюшана, размясціў іх на цішотках, вывешаных, як у краме адзення.
Праект Машы Святагор «Маскі-шоу» некалькі выбіваецца з шэрагу, бо працуе з модай не наўпрост, а тычыцца этыкі мадэльнага бізнэсу і права на ўласны вобраз. Так склалася, што адна з дзяўчат, якая здымалася аголенай для яе, змяніла свае светапогляды – стала верніцай – і пачала патрабаваць, каб ёй аддалі ці знішчылі здымкі, бо пазіраваць без адзення, чым яна займалася да гэтага, неяк не па-боску. Маша задалася пытаннем, каму належыць вобраз на фатаграфіях – мадэлям ці фатографам. Вельмі важная праблема для моднай індустрыі.
Праект Жанны Гладко «Героіка» можна аднесці да феміністычнага арт-актывізму. Мастачка прадставіла серыю аўтапартрэтаў, дзе яна – у вобразах жанчын-зорак, з якімі, так ці інакш, яе параўноўвалі: Наталляй Вадзянавай, Ірынай Алфёравай, Фрыдай Кала і іншымі. Але яна паўтарала не проста іх стэрэатыпныя вобразы, а здымкі, дзе яны ў маскулінным абліччы – у мужчынскай вопратцы, са зброяй ці нават у даспехах.
У якасці бонусу ў рамках выставы прадстаўлена экспазіцыя «Девушка, освященная солнцем», створаная з прыватных архіўных слайдаў Элеаноры Язерскай. Куратарская група, якая складаецца з фатографа Уладзіміра Парфянка, пляменніцы дзівы Эвеліны Домніч і журналісткі Веры Савінай, запрашае ў падарожжа па зніклай краіне разам са спадарыняй Элеанорай, каб пабачыць тое, што не ўбачыш ні ў казённых справаздачах пра жыццё будаўнікоў сацыялізму, ні ў дэпрэсіўных фотасерыях пра забытую глыбінку. Тыя, хто быў знаёмы з адзінай беларускай свецкай львіцай асабіста, абурыліся нерэалістычным вобразам, які ўвасобіў праект, канчаткова зрабіўшы з Язерскай сімулякр. А ў цэлым фота – праз сваю сонечнасць і яскравасць, што кантрастуе з самотным сыходам зоркі, – ствараюць адчуванне непазбежнай безвыходнасці і суму.
20 верасня 2016 / аўторак / 19.00
Анлайн-лекцыя Алены Агарэлышавай «Мода на (не)стандарты: ад сцiгмы да
субкультуры»
22 верасня 2016 / чацвер / 19.00
Лекцыя Святланы Уланоўскай «(Ня)правільнае цела сучаснага танца»
23 верасня 2016 / пятніца / 19.00
Экскурсія па выставе і сустрэча з аўтарамі
30 верасня 2016 / пятніца / 19.00
Лекцыя Дзмітрыя Рагеля «Элітызм для ўсіх: эканоміка моды»
1 кастрычніка / субота / 19.00
Марка LSD clothing / Інсталяцыя 001
Дызайнерка – Дар'я Лебедзева
Рэжысёр – Мікіта Апенка
6 кастрычніка 2016 / чацвер / 19.00
Лекцыя Валера Краснагіра «Sex Pistols vs. Vogue, ці як Purple Fashion
стаў Бібліяй антымоды»
8 кастрычніка 2016 / субота / 18.00
Laboratory Figures Oskar Schlemmer / перформанс ROT
Актор, рэжысёр – Юра Дзівакоў
Мастачка – Таня Дзівакова
8 кастрычніка 2016 / субота / 20.00
TARAKANOVA. Be my Lover
Fashion-брэнд TARAKANOVA / дызайнерка Людміла Тараканава
21 верасня 2016 / серада / 19.00
Фільм Давіда Тэбуля (David Teboul) «І "ELLE" стварыў жанчыну» (Et Elle crea la femme) (2006). Пераклад Анастасіі Хадарэнка.
28 верасня 2016 / серада / 19.00
Фільм Эндру Моргана (Andrew Morgan) «Рэальны кошт моды» (The True Cost) (2015).
5 кастрычніка 2016 / серада / 19.00
Фільм Алена Тэлера (Alain Teulère) «Жан-Поль Гацье. Шлях пестуна лёсу» (Jean-Paul Gaultier, itinéraire d'un enfant chéri) (2012).
Пра фатасэты на раёне і ў злачняках з незнаёмцамі.
Заходні свет фатаграфіі ўжо колькі гадоў калоціць ад «архіўнай ліхаманкі». Навошта варушыць старыя здымкі – чытай у нашым даследаванні трэнду.
На гэты раз візуальную ўвагу 34mag прыцягвае сучасны ўкраінскі мастак і фатограф Саша Курмаз.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.