Вясёлка наступае! 30 чэрвеня 2017 года «левакі» дамагліся легалізацыі аднаполых шлюбаў у Нямеччыне. Парачка фармальнасцяў – і якія-небудзь Роза і Клара атрымаюць такія ж правы, што Марлен з Эрыхам. Тым часам усяго ў 1000 кіламетрах на ўсход вясёлка здараецца хіба што пасля дажджу. Што рабіць беларускім квірам у выпадку, калі яны жадаюць «узаконіць» свае стасункі?
Не.
Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб сям'і і шлюбе няўмольны ў сваіх фармулёўках (арт. 12): «Шлюб – гэта добраахвотны саюз мужчыны і жанчыны, які заключаецца на ўмовах, прадугледжаных гэтым Кодэксам, накіраваны на стварэнне сям'і і спараджае для бакоў узаемныя правы і абавязкі».
З гэтага вынікае, што інстытут шлюбу ў Беларусі – усё яшчэ закладнік гетэранарматыўнасці. Калі ў партнёраў(-ак) супадаюць літары ў графе «Пол/Sex» на 33-й старонцы пашпарта, ім не суджана пачуць марш Мендэльсона ў свой гонар.
Нерэзідэнты могуць заключаць аднаполыя шлюбы ў наступных краінах: Бразілія (часткова: 13 штатаў), Данія, ЗША, Ісландыя, Канада, Мексіка (часткова: горад Мехіка і 10 штатаў), Нарвегія, Новая Зеландыя (часткова: акрамя Выспаў Кука, Ніўе, Такелаў), Партугалія, ПАР, Германія (з кастрычніка 2017-га).
Ёсць варыянты з умовай, каб да заключэння шлюбу хаця б адзін з партнёраў знаходзіўся ў краіне якісь час. Гэта прынцыповы момант у Аргенціне (96 гадзін у пэўных правінцыях), у брытанскіх краінах і на тэрыторыях, дзе легалізаваныя аднаполыя шлюбы (7 дзён), Уругваі (15 дзён), Францыі (40 дзён у пэўным муніцыпалітэце), Бельгіі (3 месяцы).
Аднак, у якую б краіну ты ні навастрыў(-ла) лыжы, памятай: шлюб магчымы толькі пры ўмове, што ніякіх супярэчнасцяў з мясцовым сямейным заканадаўствам не выяўлена.
У краінах, дзе рэгіструюць аднаполыя шлюбы: гэта Нідэрланды (у тым ліку саюз будзе прызнаны на нідэрландскіх тэрыторыях, дзе аднаполыя шлюбы не рэгіструюць), Бельгія, Іспанія, Канада, ПАР, Нарвегія, Швецыя, Партугалія, Ісландыя, Аргенціна, Данія, Бразілія, Францыя, Уругвай, Новая Зеландыя (акрамя Выспаў Кука, Ніўе, Такелаў), Люксембург, ЗША, Ірландыя, Кіпр, Фінляндыя, Кітайская Рэспубліка, Германія, Мексіка (на ўсёй тэрыторыі краіны), у Англіі, Уэльсе, Шатландыі, а таксама брытанскіх каронных уладаннях і заморскіх тэрыторыях.
Акрамя таго, замежныя аднаполыя шлюбы прызнаюць у Ізраілі, Мальце і Эстоніі.
Толку ад гэтага прызнання няшмат, паколькі за мяжой вы застаяцеся грамадзянамі краіны, у якой аднаполы шлюб не лічыцца сапраўдным. Але ў рэанімацыю, калі што, пусціць павінны.
Пакет дакументаў залежыць ад краіны, у якой вы вырашылі абмяняцца пярсцёнкамі. У сярэднім варыянце ён выглядае так:
- пашпарты будучых мужоў/жонак;
- пасведчанні аб нараджэнні;
- даведкі аб сямейным становішчы з міліцыі, загса або Консульства Рэспублікі Беларусь;
- пры адпаведных абставінах – пасведчанні аб скасаванні шлюбу, пасведчанні аб смерці ранейшага мужа/жонкі, папярэднія пасведчанні аб шлюбе, дакументы аб змене прозвішча.
Для ўдакладнення спіса неабходна звязацца з мясцовым дзяржаўным органам, які запраўляе матрыманіяльнымі справамі. Загадзя трэба паклапаціцца і пра візу.
Дакументы неабходна перакласці на мову краіны, у якой адбудзецца шлюбная цырымонія. Для якіх-небудзь дакументаў можа спатрэбіцца натарыяльнае засведчанне, для іншых – апастыль.
Абавязкова прыйдзецца раскашэліцца на дзяржаўную пошліну за рэгістрацыю шлюбу.
У некаторых краінах на цырымоніі абавязкова павінны прысутнічаць сведкі. Яшчэ адзін цэнны чалавек – перакладчык: ну, каб не налажаць з малазнаёмай мовай і вымавіць адно аднаму галоўныя словы ў патрэбны момант.
Па завяршэнні ўсіх фармальнасцяў вы атрымаеце пасведчанне аб заключэнні шлюбу. Каб дакумент быў сапраўдны ў іншых краінах, трэба яго легалізаваць. Краіны – удзельніцы Гаагскай канвенцыі 1961 года абыходзяцца апастылем, у іншых выпадках патрэбная консульская легалізацыя.
Не. І ніякі апастыль не дапаможа.
Здавалася б, артыкул 230 Кодэкса РБ аб шлюбе і сям'і абвяшчае: «У тых выпадках, калі шлюбы паміж грамадзянамі Рэспублікі Беларусь і шлюбы грамадзян Рэспублікі Беларусь з замежнымі грамадзянамі або асобамі без грамадзянства заключаюцца па-за межамі Рэспублікі Беларусь з захаваннем формы шлюбу, што ўстаноўлена законам месца яго здзяйснення, гэтыя шлюбы прызнаюцца сапраўднымі ў Рэспубліцы Беларусь пры ўмове, што яны не супярэчаць патрабаванням артыкулаў 17–19 гэтага Кодэкса». У артыкулах 17–19 няма ані слова аб аднаполых адносінах, аднак яшчэ раз зірні на артыкул 12 і ўспомні, што беларускі шлюб – гэта прывілей мужчыны і жанчыны.
Вось чаму па прыездзе дадому можна абсалютна не замарочвацца з легалізацыяй атрыманых за мяжой дакументаў: запаветны штамп у пашпарце ўсё роўна не з'явіцца.
Што тычыцца аднаполага шлюбу, афіцыйна заключанага паміж замежнікамі(-цамі) у адпаведнасці з устаноўленым у іх дзяржаве парадкам, – ён павінен быць прызнаны і на нашых балотах.
Аднаполы шлюб не будзе прызнаны ў Беларусі сапраўдным. Аднак беларус(-ка) можа разлічваць на адпаведныя статусу прывілеі ад краіны, дзе шлюб быў зарэгістраваны. Тут усё залежыць ад візавай палітыкі канкрэтнай дзяржавы.
Так, беларускі праваабаронца Вячаслаў Бортнік, які ўзяў шлюб з грамадзянінам ЗША Шонам Гейлардам, распавёў у адным з інтэрв'ю пра перавагі замужняга статусу: «Апошнія дзесяць гадоў мне фактычна даводзілася жыць на дзве краіны, хвалявацца, дадуць у наступны раз амерыканскую візу ці не. Цяпер гэтыя пытанні застануцца ў мінулым. Нашым асноўным месцам жыхарства будзе Вашынгтон».
Правы, якія гетэрасексуальным партнёрам дастаюцца аўтаматычна, калі яны зганялі ў загс, можна адваяваць сабе іншым спосабам: адправіцца да юрыста і скласці дакументы, якія ўрэгулююць некаторыя маёмасныя і немаёмасныя адносіны. Так, можна аформіць даверанасці на валоданне агульнай маёмасцю, замацаваць права долевай уласнасці на жылое памяшканне, змяніць прозвішча на прозвішча партнёра(-кі), скласці завяшчанне, прызначыць партнёра(-ку) адказным(-ай) за тваю крэмацыю і гэтак далей.
Ілюстрацыя by Sheeborshee
Кароткі і ясны мануал пра тое, як перастаць быць індывідуальным прадпрымальнікам.
Падрабязна разбіраем, як і чым жывуць грамадскія арганізацыі ў Беларусі.
Расказваем, што табе можа быць за рэпост песенькі ва «ЎКантакце».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.