«Тут прыгожыя людзі прыгожа п’юць»: інтэрв’ю са стваральнікамі бара «Молодой»
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 14.09.2022
- 8889
Улетку ў дварах на Харужай, сярод складоў і па суседстве з аўтамыйкай, запусціўся «Молодой» – спачатку ў фармаце двара з піўком, а потым у выглядзе паўнавартаснага бара. 34 сустрэўся з датычнымі, каб распытаць аб канцэпцыі бара на раёне і абмеркаваць менскія тусоўкі.
Пра людзей, месца і тэлеграм-рэаліці
– Давайце пазнаёмімся.
– Мяне завуць Сяргей.
– Мяне – Ларыса.
– Герман.
– Я Жэня, дырэктар.
– Я Юля.
– Адразу пытанне: чаму вас так шмат?
Г.: У нас не было грошай на бар. А калі больш людзей, то ў іх больш грошай, і яны могуць адкрыць бар.
– Як размяркоўваюцца вашыя функцыі ў такім «кааператыве»?
Г.: Я чыню, калі зламалася нешта.
Ю.: Ой, чыніш…
Ж.: Дырэктар займаецца дырэктарскімі справамі.
С.: Я тут старэйшы бармэн.
Л.: Я прынесла грошы і адказваю за возера радасці.
Ю.: Я кіраўнік. Гэта працэсы, развіццё, маркетынг.
– Чаму вы адкрыліся ў такім дзіўным месцы?
Ю.: Мы з Германам летась з'ездзілі ў Маскву, пагулялі, смачна паелі, смачна папілі ў вельмі нефармальных месцах, і, калі вярнуліся, закралася думка, што можна было б нешта і адкрыць. Пачалі думаць пра памяшканне, а ў Германа ёсць вельмі добры знаёмы з вельмі добрымі памяшканнямі.
Г.: Ён пасадзіў нас у машыну і павёз паказваць месцы ў розных пунктах горада. Усю дарогу мы казалі, што ў нас няма грошай. Ён прыехаў сюды і сказаў: «Ну пабудуйце, а потым пачняце плаціць».
– Што тут было раней?
Ю.: Нейкі склад пліткі, карацей, нічога. Мы сюды прыехалі, само памяшканне было дзіўнае. Але потым мы зайшлі ў гэты класны двор – з яго ўсё і пачалося.
– А як з'явілася ідэя тэлеграм-канала «Слабоумие и отвага» пра тое, як вы будуеце бар?
Г.: Тэлеграм – гэта ж новая беларуская сацыяльная сетка. Там усё адбываецца. Потым, калі мы яго ўжо зрабілі, я ўбачыў «Кругі на палях» [папулярны тг-канал комікаў ТНТ, дзе яны размаўляюць відэапаведамленнямі. – заўв. рэд.], і мы падумалі, што гэта рэальна можа ператварацца ў дыялог.
Ю.: Мы самі не разумелі, як яго весці.
Ж.: І да гэтага часу мы не разумеем, як яго весці.
Г.: Для тых людзей, для якіх мы адкрыліся, мы вядзём проста так, як трэба. З мацюкамі. Як ёсць.
– Але ў выніку атрымалася як быццам рэаліці.
Л.: Так! Мы потым зразумелі, што гэта першае беларускае бізнэс-рэаліці-шоу. І людзям яно падабалася, бо жывое і трушнае. Вось тут батарэю цягнуць, а вось пра х**ню з арэндай гавораць.
Ж.: Мы дзяліліся ўсім, нават лічбамі, у колькі нам гэта абыходзілася.
– І ў колькі абышлося?
Г.: 72?
Ю.: 75 з апошняй вентыляцыяй і апошняй апрацоўкай.
Л.: Вось прыкладна так мы і даведваемся, у колькі ўсё абышлося…
Г.: 75 тысяч долараў каштуе пабудаваць бар на месцы, дзе нічога не было.
Ю.: З нуля.
Ж.: 67,6 квадратаў.
Г.: 1000 долараў за квадрат.
«75 тысяч долараў каштуе пабудаваць бар на месцы, дзе нічога не было»
– Куды вы хадзілі ў Менску да з'яўлення свайго бара?
Г.: Калі казаць пра тусоўку, то цяпер гэтых месцаў няма.
– Вы хочаце, каб у вас сфармавалася тусоўка?
Г.: Так, мы не хочам рэстаран. Мы хочам кам'юніці.
– А што для гэтага трэба зрабіць?
Ю.: Мусіць, быць адкрытымі. Камунікаваць з людзьмі не як з наведнікамі, а як з сябрамі.
– Чаму «Молодой»?
Ж.: У нас з Сярожам у камунікацыі быў такі зварот: «Малады, трэба зрабіць гэта».
С.: Мы замянялі ім слова «чувак». І вельмі часта гэтае слова прамаўлялі, так што яно распаўсюдзілася на ўсіх.
– Як вы вырашаеце спрэчныя сітуацыі? Напрыклад, з той жа назвай, калі камусьці не падабаецца.
Г.: Паланецкая ўсіх піз**іць... У нас умоўна падзелена: на мне – дакументацыя, на дырыку – дырэктарскія справы, Сярога ставіць бар, Паланецкая – за арт-развіццё. Ларысон – наш венчурны інвестар.
– Але вы ўсе не навічкі ў барнай культуры?
Л.: Я навічок.
– Як цябе занесла сюды?
Г.: Яна бухае.
Л.: Хах. Увогуле, ведаеце, усё мараць адкрыць бар. І калі побач ёсць людзі, якім можна даверыцца і з якімі добра, то ўсё атрымліваецца.
Ж.: Мы з Сярожам працавалі ў барах.
С.: Мы працавалі разам. У мяне была ідэя адкрыць бар на раёне, і рабяты кажуць: «Давайце зробім бар на раёне», і я кажу: «Давайце зробім бар на раёне».
– Юля, для цябе гэта ўжо трэці праект. Калі першы бар – гэта, як для Ларысы, мара, то трэці – гэта што?
Г.: А гэта мая мара.
Ю.: Трэці – гэта яго мара, у якую ён мяне ўцягнуў.
Г.: У мяне была ідэя адкрыць такі бар, я прыйшоў і заразіў усіх ідэяй.
– А «такі» – гэта які? У чым канцэпцыя?
Г.: У Маскве ёсць выдатнае месца Underdog, у яго немагчыма не закахацца. Гэта кам'юніці людзей, якія любяць туды хадзіць.
Ю.: Панк-тусоўка, але вельмі камфортная для цябе. Няма адчування, што ты прыходзіш у закрыты клуб. Ты, можа, і не панк, але там адразу ўліваешся, і табе камфортна, весела. І вельмі смачна. Мы тады паелі сечаны сэндвіч і не зразумелі, чаму ў Менску такога няма.
«Джанк-фуд – каб адразу было зразумела, што гэта не пра тэйбл-сэрвіс»
– Што ў вас за прыкол з джанк-фудам?
Ю.: Джанк-фуд – гэта проста іншая назва для стрыт-фуда. У Менску стрыт-фуд мае канатацыю чагосьці з танных прадуктаў.
Г.: А ў нас стаіць прафесійнае абсталяванне для крутой кухні, на якім мы можам гатаваць усё, што заўгодна. Але мы гатуем джанк-фуд.
Ю.: Гэта ўсё, што можна есці рукамі. Джанк-фуд – каб адразу было зразумела, што гэта не пра тэйбл-сэрвіс.
Г.: Так, мы не прагонім ката, які залез на стол.
– А чалавека, які залезе на стойку?
Г.: Тут пытанне. У нас там жырандоля такая, яе шкада.
– Як выбіралі мэблю?
Г.: «Буржуазныя каштоўнасці», нешта моднае з Піцера, але ўсё вельмі ў бюджэце.
Ю.: Ёсць пянькі ад твайго таты.
Г.: Колькі яны каштуюць у «Зары»?
Ю.: 300 адзін. Я сказала: «Хачу такія пянькі». Знайшла іх у «Зары». Калі ён убачыў 300 рублёў за пянёк, у яго ў вачах пацямнела. Адправіў фатаграфію бацьку. Бацька кажа: «Вам колькі трэба?» – «Чатыры». Тэлефануе праз месяц: «Я зрабіў 12, забірайце».
– Адкрыліся па плане?
Хорам: Не!
– У чым былі галоўныя цяжкасці?
Ж.: Калі я прыступіў да пасады дырэктара, мне далі спіс заданняў. Я такі: дзевяць пунктаў? Ды я іх раскідаю за месяц і далей буду ў носе калупацца. Але гэтыя пункты пачыналі дадавацца і дадавацца, а я яшчэ паралельна працаваў. Трэба было сумяшчаць, але гэта прыкольна, калі разумееш, што ўсё – дзеля агульнай справы. А рэальна складаней за ўсё – знайсці грошы.
Г.: Мы бралі крэдыт, зараблялі самі. У нас ёсць яшчэ другое памяшканне побач, мы будзем будаваць там нарыхтоўчы цэх і кабінет дырэктара з шастом.
Ж.: Чырвоная канапа, велюравыя прасціны.
– Аквадыскатэка будзе?
Ж.: Магчыма.
Пра канцэпцыю бара на раёне
– Раскажыце пра ваш поп-ап у «Бедном родственнике».
Ю.: Мы рабілі мерч у падтрымку тэлеграм-канала «Слабоумие и отвага», трэба было прадаць футболкі з папярэдніх замоў. І нам цікава сябраваць з установамі, якія нам блізкія. Мы напісалі рабятам: пусціце нас да сябе, паробім барбекю, прададзім футболкі.
– Чаму выбралі «Бедный родственник»?
Г.: Мы падобныя. Яны класныя, і мы таксама класныя. Яны рабілі бар з мінімальнымі рэсурсамі, але зрабілі яго прыгожа, стылёва і модна, каб збіраць такіх самых прыгожых, стылёвых, модных людзей.
«Прыкольна, калі разумееш, што ўсё – дзеля агульнай справы»
– Гэта новы мінскі трэнд – рабіць бары без мармуровых стальніц?
Ю.: Мне здаецца, на адзін такі панк-бар у Менску адчыняюцца тры з мармуровымі стальніцамі.
– Якіх бараў не хапае ў Менску вам самім?
Г.: Такіх, дзе людзі пачуваюцца вольна, дзе няма правіл, дзе не трэба прыходзіць у гарнітуры, дзе можна танцаваць. Мы ж таксама камерцыйны праект і хочам зарабляць грошы, але хочацца, каб тусоўка была ў першую чаргу, а ўжо другім нумарам – зарабляць грошы. У нас няма мэты прадаваць стэйкі па восемдзесят баксаў, навошта?
– Як адчуванні ад дня адкрыцця?
Ж.: Што было за дзень да адкрыцця і што было ў дзень адкрыцця – гэта проста дзве розныя карціны. Тут яшчэ свідравалі, рабілі вентыляцыю, усё было ў плёнках. Дурдом.
Ю.: І гэта як бясконцы рамонт. Увесь час трэба нешта дарабляць. Планаў шмат. Пачынаючы з таго, што трэба павесіць гаплікі пад барам...
Г.: Заўтра павешу.
Ю.: …заканчваючы дастаўкай і сваімі наборамі навынас. Бар на раёне – суперкласна, але для эканомікі бара гэтага замала. Трэба ўвесь час нешта прыдумляць. Гэта могуць быць вечарынкі, можа быць дастаўка, яшчэ нешта. Ніколі не надыдзе момант, калі мы зможам спыніцца і нічога не рабіць.
– Як вы трымаецеся ў такой вечнай напрузе?
Ж.: Я ў «Dark Souls» гуляю па вечарах.
Л.: Мы нават месяц яшчэ не адпрацавалі, каб сесці і яго прааналізаваць. Але гэта афігенна – бачыць, што хтосьці ў нас сядзіць і така з курыцай есць. Рабяты, можа, паабвыклі, а ў мяне гэта выклікае шчанячае захапленне.
– Сяргей, раскажы, што па бары.
С.: Мы вырашылі зрабіць вялікую лядоўню з піўком і з прышпільнымі штукамі. Ён будзе ўвесь час абнаўляцца. Усякія рэчы будуць з'яўляцца – аж да кефіру. Чаму б і не? Гэта пацешна. У нас ёсць свой мінімум кактэйляў, але мы не кактэйльны бар. Шэйкерам не трасём. Можам нешта табе прыгатаваць, без праблем, ці чыстую чарачку бурбона наліць. У некаторых барах госці на выбар кактэйлю трацяць больш часу, чым на сам кактэйль. Мы хочам, каб гэта ўсё спрасцілася.
Да размовы далучыўся шэф Мікіта Цвяткоў.
– Мікіта, а ў чым галоўная ідэя кухні?
М.: Ежа павінна быць дастаткова простая для таго, каб можна было есці нават стоячы, не займаючы ні стол, ні крэсла. Наша ідэя – сумяшчаць якія-небудзь назвы накшталт така і зразумелы бабулін таўшчэнны блін, які падаем з ірванінай, атрымліваецца пацешна. Выкарыстоўваем нейкія фішкі, якія атрымалі абсалютна выпадкова. Напрыклад, соус з яблыкаў з кінзой і часныком, які мы рабілі як ткемалі, а потым зразумелі, што гэта не ткемалі, але ён вельмі прышпільны.
– Ёсць нешта для вегетарыянцаў?
М.: Сёння распрацавалі сэндвіч з вешанкамі. Ёсць павага да выбару людзей, і вегетарыянцаў, і веганаў. Хтосьці рэжа для веганаў агуркі і памідоры, але чалавеку, які хоча паўнавартасную страву, гэта крыўдна.
Г.: Мікітос – знаходка. Усе пытаюцца: што вы зрабілі для таго, каб ён да вас прыйшоў?
– А што вы зрабілі?
Ю.: Гэта сакрэт.
– Мікіта, міргні два разы, калі што.
Г.: Была размова. Юля кажа: «Напішу Цвяткову». Я кажу: «Ага, ну так, і Гордану Рамзі напішы яшчэ, раптам хтосьці з іх пагодзіцца, шанцы прыкладна аднолькавыя». Яна кажа: «Ён прыязджае». Я кажу: «Дык можна было і Рамзі паспрабаваць напісаць, раз гэта так працуе…»
Пра Менск барны
– Пару гадоў таму ўсе пісалі, што Менск – гэта новы Берлін. Цяпер, па вашых адчуваннях, на што больш падобны?
Л.: Жабінка!
Усё: Ах-ха-ха.
Ж.: Калі мы пра бары, то куды людзі звычайна ходзяць тусавацца? Большасць – на Зыбіцкую або Кастрычніцкую. Зыбіцкая сем гадоў таму была прыгожая культурная вуліца, а цяпер там некамфортна знаходзіцца.
– Чаму так адбылося?
Ж.: Там адкрываецца вялізная колькасць бараў, і ўсе яны працуюць на турыстаў.
Ю.: Рэзервацыя. Няма нічога акрамя бараў. Ты ідзеш туды мэтанакіравана піць, і людзі, якія там адкрываюць бары, на гэта разлічваюць. Там паток. А тут мы робім іншую субстанцыю.
– А што загубіла Кастрычніцкую?
Ю.: Намёты з шавухай, кальяны ў багажніках.
– Як вам Інтэрнацыянальная – Рэвалюцыйная – Камсамольская цяпер?
Ю.: Сумна. Мне не хочацца знаходзіцца ў цэнтры, бо ўсё стала сумна.
С.: Думаю, і людзям ужо хочацца адысці ад цэнтра, таму што тая ж Камсамольская вуліца ператвараецца ў нешта не вельмі зразумелае. Яна стала турыстычнай у кепскім сэнсе слова.
– А турыстычная ў добрым – гэта як?
С.: Гэта не калі ты прыехаў у горад і табе кажуць ісці на Зыбіцкую, а калі кажуць, што трэба з'ездзіць у пэўны бар у задуп’і. Думаю, класна, калі ёсць бар недалёка ад цэнтра, дзе спакойна, прыемная тусоўка. Як у тым жа Accidental Point.
– Там, дарэчы, як быццам спрабуюць зрабіць новую Кастрычніцкую, але чамусьці не атрымліваецца.
Ю.: Механізмы розныя. Калі я ва ўніверсітэце вучылася і мы гулялі па Кастрычніцкай, гэта была пустынная вуліца. На яе баяліся заходзіць, таму што яна далёка, няма трафіку. І спачатку там адкрываліся хлопцы і дзяўчаты, якія маглі гэты трафік з сабой прывесці, – неабыякавыя людзі для неабыякавых людзей. Кастрычніцкая стваралася паціху. А гэтыя кластары – як бы класна, што яны з'яўляюцца адразу гатовымі і там ужо ёсць прыгожыя памяшканні, куды можна заехаць. Але арэндадаўцы часта не фільтруюць тых, хто туды заязджае, нават не патрабуюць нейкай знешняй адпаведнасці. У выніку ўсе будуць гнуць сваю лінію і будзе страката, а потым туды абавязкова заедзе шавуха і кальяны.
– Ці бывалі ў вас незвычайныя наведнікі, якія проста патрапілі сюды па дарозе з «Санты»?
Г.: У нас побач аўтамыйка, з яе класныя рабяты зарульваюць. У іх ёсць сваё прывітанне – туф-туф-туф рукамі, цэлы рытуал. Гэта самае крутое суседства, якое толькі можа быць.
Ж.: Нас жа так адразу не ўбачыш і выпадкова сюды ці наўрад зойдзеш. Ты, хутчэй за ўсё, пачуеш пра нас недзе. Вельмі шмат людзей жыве менавіта ў гэтым раёне. Калі ў пятніцу тут тусоўка і ў прыбіральню схадзіць праблематычна, то чалавек ідзе дадому папісаць і потым ідзе назад.
Г.: У нас адзін туалет – праблема.
Ж.: Але ён вельмі прыгожы.
«У некаторых барах госці на выбар кактэйлю трацяць больш часу, чым на сам кактэйль»
– Цяпер прынята казаць, быццам у Менску вуліцы пустыя, а там, дзе не пустыя, людзі нейкія «няякасныя».
Ж.: У нас тусоўка збіраецца проста выдатная.
Г.: У нас няма турыстаў, так іх карэктна назавём. Да нас ходзяць жыхары гэтага горада. Спадзяюся, што так і працягнецца. Неяк зайшлі тыпу пацаны з раёна ў трэніках. Так яны вельмі культурна сябе паводзілі. Зразумелі, што гэта не іхняя лаўка.
– Як так атрымалася?
Г.: Атмасфера ўплывае. Ты прыходзіш – тут прыгожыя людзі прыгожа п'юць, і ты будзеш паводзіцца адпаведна. У агрэсіўным месцы, дзе ўсе бухаюць, як на Зыбіцкай, можна і пабіцца – атмасфера спрыяе.
Ю.: Калі мы запусцілі двор, то мы не хацелі ўвесь час уносіць і выносіць мэблю. А двор прахадны, ніяк не закрываецца, і мы баяліся, што людзі могуць нешта ўкрасці. Тады мы проста прыматалі на дрэва запіску: «По-братски, ничего не пиз*ите ради Христа».
Г.: І ўсё на месцы.
Фото: Palasatka