У Берасці пройдзе персанальная выстава Міхаіла Гуліна
- Рубрыка: УЛОЎ
- 27.10.2020
- 4762
30 кастрычніка ў 19:00 у берасцейскім арт-квартале «Conserva» па вул. Куйбышава, 33, адкрыецца персанальная выстава мастака і акцыяніста Міхаіла Гуліна.
Выстава «(НЕ)ПРАВДА» распавядае пра пошук мяжы паміж праўдай і няпраўдай. Аўтар прапануе задумацца над тым, у якім няўстойлівым свеце мы жывём: тут у кожнага свая праўда, а непарушныя ісціны адсутнічаюць як факт. Цяпер праводзіць мяжу трэба не між праўдай і хлуснёй, а між нечымі праўдамі: напрыклад, праўдай грамадзяніна і праўдай дзяржавы. Выстава прысвечаная гэтай мяжы, а таксама трывалай узаемасувязі праўды-няпраўды, тактыкам падману і самападману, штампам і стэрэатыпам закасцянелай праўды, фальшыўкам, падробкам, сімулякрам ды іншым фэйкам эпохі постпраўды.
«Усіх нас з дзяцінства вучылі ставіць праўду вышэй за ўсё. Казаць праўду, учыняць па праўдзе… Быццам бы нескладаная задача на паверку аказваецца практычна невыканальнай. Вядома, ёсць факты і падзеі, якія мы без сумневу можам ідэнтыфікаваць як праўдзівыя ("у мяне дзве нагі" або "гэта я без дазволу ўзяў сліву з талеркі"). Але налева ці направа – межы праўды неадкладна і імкліва размываюцца. Чаму і як гэта адбываецца?» – вось такое глабальная пытанне ставяць перад гледачамі аўтар і арганізатары выставы. А яе назва – гэта своеасаблівы выклік тым самым гледачам, якія могуць на свой густ вырашыць, дзе перад імі праўда, а дзе – самая сапраўдная няпраўда.
Кантэнт выставы «(НЕ)ПРАВДА» – і новыя, і старыя працы Міхаіла Гуліна, што трапляюць у нерв часу і знаходзяць свежае гучанне ў актуальным кантэксце. Фарматы – жывапісныя палотны, аб'екты, інсталяцыі, відэа.
Хочаш падрыхтавацца да выставы і дазнацца больш пра праўду Міхаіла Гуліна? Чытай яго «правілы жыцця» на 34mag.net.