Правілы жыцця мастака Міхаіла Гуліна
- Рубрыка: ВІЗУАЛ
- 12.07.2019
- 6150
Успомнілі ўчэпістыя праекты мастака-акцыяніста Міхаіла Гуліна і выбралі ёмістыя фразы з яго свежанькага інтэрв’ю. Гартай прафайл – і адчувай, куды вывозіць нас усіх беларускі сучарт.
Хто такі Міхаіл Гулін?
Мастак, першапраходзец у новым беларускім акцыянізме, куратар, перформер. Нарадзіўся 1 красавіка 1977 года. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Жыве і працуе ў Менску.

Я з горада Гомеля. Як у нас казалі, Адэса – мама, Растоў – бацька, а Гомель – сын.
Я жыву па формуле «чым горш, тым лепш».
Ужо надакучыла, што праект павінен быць запакаваны з усіх бакоў у мяккую ўпакоўку, каб не дай божа нікога не зачапіць. А я апошнім часам адчуваю вострую патрэбу кагосьці ў рэшце рэшт зачапіць.
Дызайн – гэта не пра мяне. Ты пастаянна задаеш сабе пытанне: дызайн або мастацтва? Мастацтва – не пра дызайн. Мастацтва не заўсёды мае патрэбу ва ўпрыгожвальніцтвах.
Задача мастацтва – не ператварыцца ў гамагеннае меркаванне.
Я не люблю ўкараненне ў свае праекты.

Беларускае мастацтва знаходзіцца ў перыядзе, калі трэба пастаянна даказваць.
Цяпер я не чытаю сайты пра мастацтва і мастакоў. Але інстаграм, вядома, гартаю.
Я заўважаю за сабой уласцівасць: я, бывае, не трапляю ў час.
Плагіяту я не цураюся. Па-навуковаму гэта завецца апрапрыяцыя.
Пытанне другаснасці будзе стаяць у нашых краінах. Ты думаеш, што першым нешта прыдумаў, у Японіі ўжо запусцілі серыю работ па матывах тваёй прыдумкі, а ты і ведаць не ведаеш пра гэта.
Я хутчэй не ліберал, а анархіст.
Рэвалюцыю можа зрабіць абсалютна абнулены чалавек.

Цяпер мастак можа ніколі не трымаць у руках пэндзлік.
Сучаснае мастацтва – гэта не заўсёды пра прыгажосць.
Сучаснае мастацтва не пра надзею.
Большасць беларускіх мастакоў пакутуюць на дэпрэсію.
Мне падабаецца ператвараць простыя жэсты ў алхімію.
З сучасных беларускіх мастакоў і мастачак я б вылучыў Тоню Слабодчыкаву, Аляксея Лунёва, Ігара Саўчанку, Ігара Цішына і Руслана Вашкевіча.
Мне хочацца чагосьці праз край.
Мастацтва нікому нічога не павінна.

"> Некалькі праектаў Міхаіла Гуліна
Серыя акцый «Я – не...» (2008)
Чатыры з пяці акцый «Я – не...» ажыццяўляліся мастаком у Менску, пятая «Я – не габрэй» – у Варшаве. Для акцый мастак выкарыстоўваў шыльду з надпісам на шыі. У акцыі «Я – не гей» Гулін выкарыстоўваў жаночую сукенку і макіяж. У акцыі «Я – не амерыкос» – красоўкі, шорты і гамбургер у роце. У акцыі «Я – не тэрарыст» – чорную бараду і галаўны ўбор, які носяць мужчыны ў арабскіх краінах. Для акцыі «Ich bin kein Partisan» Гулін адмовіўся ад абутку і ішоў па горадзе басанож.
![]()
«Выстава НЕдзіцячага малюнка» (2011)

У гэтай выставе Гулін звяртаецца да тэмы масмедыя і аналізуе механізмы, законы і рытуалы, якія вызначаюць сёння дастаўку і спажыванне візуальнай інфармацыі.
Міхаіл Гулін для Art Aktivist: «Наконт тэмы дзяцінства, тут быў своеасаблівы разлік. Акрамя палітыкі ў Беларусі я не магу знайсці больш актуальнай і вострай тэмы для сябе асабіста. Я ўсвядоміў, што мне трэба будзе зараз сутыкацца не толькі з ідэалогіяй дзяржавы, але і з ідэалогіяй медыя, якая зыходзіць з тэлепраграм, часопісаў, газет, усяго гэтага глянцу. І мне як бацьку прыйдзецца нейкім чынам тлумачыць дачцэ пра тыя ці іншыя рэчы, на якія яна будзе звяртаць увагу. Гэта значыць, я нейкім чынам буду вымушаны рэгуляваць, цэнзураваць гэтую сітуацыю вакол яе, стаць дыктатарам. Мне цікавыя гэтыя ўзаемаадносіны, цікава паразважаць, якім чынам адбываецца гэтая своеасаблівая дэманізацыя дзіцячага свету».
![]()
Акцыя «Персанальны манумент» (2012)

Акцыю «Персанальны манумент» мастак рэалізаваў у Менску ў рамках міжнароднага праекта «Going public: пра цяжкасці публічнага выказвання» пад эгідай Інстытута імя Гётэ.
Разам з трыма валанцёрамі мастак перамяшчаўся па горадзе з партатыўнымі модулямі, якія часова ўсталёўваліся на плошчах Менска. Акцыя была ажыццёўлена на плошчах Калініна, Якуба Коласа і Незалежнасці. Але публічна выказацца сапраўды аказалася няпроста: на Кастрычніцкай плошчы мастак і яго памочнікі былі затрыманыя міліцыяй.
Пасля затрымання Інстытут імя Гётэ назваў гэтую акцыю несанкцыянаванай і адмовіў у прававой і матэрыяльнай падтрымцы. Нягледзячы на апраўдальны прысуд, мастака звольнілі з выкладчыцкай пасады ў БНТУ.
![]()
Праект «Дварцовы комплекс» (2012)

Праект складаўся з інтэрвенцыі актуальнага мастацтва ў музейную прастору Палаца Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі. Ён аб'яднаў мастакоў актуальнага беларускага арту і стаў першым маштабным вопытам узаемадзеяння актуальнага мастацтва з дзяржаўнай інстытуцыяй. Больш як 20 мастакоў ператварылі палац Румянцавых і яго ваколіцы ў арт-праект – гэтакі музей у музеі.
Цікава, што Міхаіл Гулін, які курыраваў праект, першапачаткова жадаў назваць яго «Дварцовы пераварот». Але, зразумела, «узаемадзеянне актуальнага мастацтва з дзяржаўнай інстытуцыяй»…
![]()
Інсталяцыя «Мастацтва павінна» (2014)

У інсталяцыі «Мастацтва павінна» («Art should be...») глядач сутыкаецца са своеасаблівымі «тэгамі», на якія абапіраецца сістэма мастацтва: гісторыя, шэдэўры, тэорыя і крытыка, рэйтынгі, арт-рынак, папулярнасць, аўтарытэты і тэматычныя накіраванасці.
Гэтымі тэгамі з'яўляюцца гіпсавыя галовы Венеры і Апалона. Інсталяцыя апелюе да выказванняў прызнаных мастакоў і выкарыстоўвае дуальную ў разуменні фразу.
![]()
Праект «100% маскулін» (2014–2017)

Частка серыі – франтальныя мужчынскія партрэты. Як правіла, гэта ананімныя асобы, зборны вобраз у прапагандысцкай манументальнай стылістыцы. Партрэты адсылаюць да таталітарнага, патрыярхальнага ўзору мужнасці.
Міхаіл Гулін для Chrysalis Magazine: «Я ўсімі магчымымі сродкамі даследую тэму мужнасці, гендарнай ідэнтычнасці і самаідэнтыфікацыі. Спрабую праз малюнак задацца пытаннем, што робіць мужчыну мужчынам і якім чынам гэта можна адлюстраваць у цяперашні час. Ну і вядома, тут прысутнічае іронія, таму што мужнасць – гэта не знешні, а ўнутраны стан».
![]()
Праект «Сацыяльная роля» (2019)

У праекце «Сацыяльная роля» Міхаіл Гулін запрашае гледача(-ку) самым непасрэдным чынам паўдзельнічаць у змене ўласнага вобраза. У межах інтэрактыўнай інсталяцыі можна было сфатаграфавацца ў касцюмах рабочых і выкласці фота з хэштэгам #социальная_роль. Так праект працягваецца ў віртуальнай інфармацыйнай прасторы.
Дзякуй Вользе Мжэльскай за арганізацыю адкрытага інтэрв’ю з мастаком у серыі «Гутаркі маленькага геданіста».
Фота: Віялета Саўчыц, kalektar.org, ygallery.by.