Стартуе «Месяц фатаграфіі ў Менску»
- Рубрыка: УЛОЎ
- 10.09.2019
- 6835
10 верасня адкрываецца «Месяц фатаграфіі ў Менску». Гэта амаль два дзясяткі выстаў фатографаў(-ак) і фотакалектываў з дзесяці краін на васьмі пляцоўках.
Тэма шостай эдыцыі фэсту – «гісторыя». Унутры тэмы будзе тры блокі: «сацыяльная харэаграфія» (паглядзім, як падзеі ды ідэалогіі дэманструюць сябе праз цела, напрыклад на парадах ці пратэстах), «рэ/дэканструкцыя гісторыі» (пабачым, што любая гісторыя не зусім тое, чым падаецца), «зазоры гісторыі» (кінем позірк туды, куды яшчэ не кідалі).
Што будзе на «МФМ-2019»
Выстава да 150-годдзя вялікага партрэтыста Майсея Напельбаўма – аўтара першага мастацкага фотаздымка Леніна. На памяць можна будзе купіць спецыяльна надрукаваныя паштоўкі.
Выстава знакамітага амерыканскага ваеннага фатографа Стэнлі Грына «Чорны пашпарт».
Праект «Травень'68» пра пратэсты ў Парыжы.
Серыя нямецкага мастака Зімона Мэнэра «Комплекс назірання», прысвечаная даследаванню архіваў Штазі.
Інсталяцыя «New Olympia» Сяргея Гудзіліна – вынік даследавання менскіх парадаў праз целы іх удзельнікаў.
Праект (з абмеркаваннем) літоўскага фатографа Рамуальдаса Пажэрскіса «Балтыйскі шлях» – задакументаваны пратэст жыхароў балтыйскі краін супраць СССР у 1989 годзе, калі літоўцы, латвійцы і эстонцы склалі жывы ланцуг даўжынёй амаль у 600 кіламетраў.
Калажы Машы Святагор, якія прымушаюць іранічна перагледзець сімвалы перыяду застою: ад балета да Брэжнева.
І яшчэ шмат чаго цікавага.
Упершыню за шэсць гадоў працы «МФМ» зладзіць партфоліа-рэвю: гэта калі фатографы паказваюць свае працы экспертам(-кам) і тыя сумленна кажуць, гэта фота ці лайно.
Таксама ў праграме – майстар-клас Зімона Мэнэра і Максіма Сарычава, лекцыя Андрэя Лянкевіча «Фатаграфія без фатографа і фотаапарата», кінапаказы (у музеі Заіра Азгура будуць круціць, напрыклад, «Гуд бай, Ленін!»).
Адкрыццё: 10 верасня, 19:00, галерэя «Ў».
Поўная праграма тут.
Сачыць за навінамі фестывалю можна ў FB.
Фота: Майкл Крыстафэр Браўн