Падкаст дня: «Ежа»
- Рубрыка: УЛОЎ
- 04.04.2024
- 2438
34travel працягвае выходзіць падкаст «Ежа», прысвечаны беларускім стравам і культуры харчавання. Слухаць яго пажадана не на пусты страўнік.
З падкасту можна даведацца, як на нашым стале з’явіліся стравы, якія лічацца гонарам беларускай кухні; чым прынята частавацца на розныя святы; які этыкет і прыкметы суправаджаюць спажыванне той ці іншай стравы. Кожны выпуск публікуецца з падрабязным канспектам для тых, хто хоча нешта для сябе занатаваць, а мо і прыгатаваць які шляхецкі супчык.
Першы эпізод «Ежы» прысвечаны дранікам і распавядае, як беларусы абыходзіліся без бульбяной аладкі да адкрыцця Амерыкі Хрыстафорам Калумбам. Другі эпізод – пра «Калядны стол» – варта дадаць у закладкі, каб на наступныя «шчодрыкі» частаваць гасцей «як дзяды наказвалі». З трэцяга выпуску можна даведацца, што елі на першае, другое і дэсерт нашы заможныя продкі, якімі стравамі намагаліся ўразіць дарагіх гасцей і што лічылі вяршыняй кулінарнага мастацтва. Чацвёрты выпуск – пра хлеб. Хлеб пякуць па ўсёй зямлі, але паўсюль ён розны. Чаму беларускі менавіта такі – у падкасце ёсць адказы. Там жа можна паслухаць пра святочную выпечку: караваі і печыва. «Супы» – пяты выпуск – дае амаль вычарпальную інфу пра беларускі боршч, халаднік, бацвінне і зацірку (дарэчы, у тэкставай версіі можна вычапіць парачку рэцэптаў карысных для страўнікава-кішачнага тракту).
Плануюцца новыя выпускі, таму лепей адшукаць «Ежу» на любой зручнай платформе, падпісацца і сачыць за абнаўленнямі, каб атрымаць аўдыяасалоду і натхненне прыгатаваць нешта беларускае ды пачаставаць сваіх блізкіх.
Слухаць:
Apple Podcasts / Spotify / Castbox / Soundcloud / Google Podcasts / Yandex.Music
Праект ствараецца пры падтрымцы МТС.