Кірыл Атаманчык: «Паўстанцы апынуліся на тым месцы, дзе павінны быць»
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 06.12.2019
- 8507
22 лістапада Вільня была бчб: каля 10 тысяч беларусаў прыбылі на цырымонію перапахавання сваіх герояў – Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў, якія кінулі выклік імперыі. Мы ўразіліся тым, наколькі маштабна ўсё атрымалася, зацікавіліся «ўнутранкай» унікальнай падзеі і, каб задаволіць сваю (і тваю) цікаўнасць, сустрэліся з Кірылам Атаманчыкам – заснавальнікам агенцтва Vilnius Relax, членам Беларускага грамадскага камітэта ўшанавання памяці паўстанцаў 1863–1864 гадоў. Атрымалася размова пра памяць і справядлівасць.
– Чаму ты вырашыў далучыцца да працы Беларускага грамадскага камітэта ўшанавання памяці паўстанцаў 1863–1864 гадоў?
– Калі не хапае дзеяння, не хапае людзей, не хапае часу, не хапае сродкаў, даводзіцца браць пэўную адказнасць на сябе. Як чалавек, які мае арганізацыйны вопыт, я ўсведамляў, што магу дапамагчы.
Тут матывавала сама думка, што ты паўдзельнічаеш у падзеі, пра якую будзеш распавядаць сваім дзецям і ўнукам. Не кожны дзень знаходзіцца нацыянальны герой, якога трэба годна правесці ў апошні шлях.
– Раскажы, як уладкаваны Беларускі грамадскі камітэт.
– Туды ўваходзяць пяць чалавек: Аляксандр Смалянчук, Аляксандр Адамковіч, Анатоль Міхнавец, Дзяніс Кучынскі і я. Кожны мае свае здольнасці і вопыт. Я займаўся ў асноўным каардынацыяй мерапрыемстваў, якія праходзілі 22–24 лістапада, часткова адказваў за знешнія сувязі камітэта з літоўскімі інстытуцыямі і збор валанцёраў.
«Матывавала сама думка, што ты возьмеш удзел у падзеі, пра якую будзеш распавядаць сваім дзецям і ўнукам»
Натуральна, я нічога не паспяваў. На нарады мы збіраліся альбо рана раніцай, альбо па вечарах у выходныя. Усім трэба было спалучаць сваю працу з маштабнай падрыхтоўчай дзейнасцю. А 22–24 лістапада давялося памерзнуць. Але што такое памерзнуць некалькі дзён, калі нашы героі мерзлі ў зямлі 155 гадоў?
– Як у цэлым ацэньваеш падзеі 22 лістапада?
– Было вельмі прыемна бачыць, колькі людзей прыехала ў Вільню. Шмат хто казаў: «Будзе чалавек сто, не тое, што было б у Менску, калі б яго хавалі там». Але гэтыя людзі памыліліся. Памыліўся і я. Але, шчыра, кайфую, калі памыляюся ў такіх сітуацыях. Бо тады ўва мне аднаўляецца вера ў Беларусь і беларусаў.
– З якімі цяжкасцямі сутыкнуліся арганізатары?
– Складана ішоў пошук сродкаў, але дзякуючы народнаму збору і арганізацыям, якія прынялі ўдзел, мы змаглі сабраць неабходную суму. Натуральна, што за кожны цэнт мы зробім справаздачу, бо сродкі народныя. Лічу, гэта нармальна, калі арганізатары любога праекта, які анансуе падобны збор, адкрыта даюць справаздачу: колькі грошай было сабрана, куды яны пайшлі і куды пойдзе рэшта, калі яна ўтварылася. Так выбудоўваецца празрыстасць у грамадскім сектары.
Вяртаючыся да тэмы цяжкасцяў, трэба сказаць, што мы вельмі шмат часу страцілі праз «выбар» месца перапахавання: Вільня ці Беларусь. Па факце выбару не было, аднак атрымалася так, што ў нас першапачаткова не было адзінага кірунку дзейнасці і гэта перашкаджала ўсім. Праўда, у выніку хапіла цярпення, узаемапавагі, кампраміснасці, каб выступіць камандай.
– Чаму Вільня «перамагла»?
– Да выбару месца перапахавання былі два падыходы. Адны лічаць, што трэба было правесці яго на тэрыторыі Беларусі. Іншыя – і я ў іх ліку – мяркуюць, што паўстанцы апынуліся на тым месцы, дзе павінны быць.
Па-першае, гэта пытанне даверу да сённяшняй улады ў Беларусі. Мне здаецца, мы б маглі доўга чакаць – калі б наогул дачакаліся – перапахавання Каліноўскага. І пытанне: было б яно такім прыгожым і ўрачыстым?
«Вільня для Каліноўскага абсалютна не чужы горад»
Па-другое, ёсць праблема ў дзяржаўнай ідэалогіі Беларусі. Кастусь Каліноўскі і антырасійскае паўстанне 1863–1864 гадоў не ўпісваюцца ў афіцыйны наратыў.
Трэці момант звязаны з гістарычнай памяццю. Каліноўскі – Яська-гаспадар з-пад Вільні. Яго жыццё наўпрост звязана з Вільняй. Якія альтэрнатывы? Свіслач? Добра, калі б раз на год нехта туды прыязджаў. Менск? Якая ў Каліноўскага сувязь з гэтым горадам? Фактычна ніякай. Вільня ж для Каліноўскага абсалютна не чужы горад, і добра, што ён будзе знаходзіцца разам з паплечнікамі тут.
Росы – вельмі сімвалічнае месца, а магіла паўстанцаў у капліцы – цэнтральнае месца на адных з самых старажытных могілак Вільні.
– Як вы вырашалі спрэчныя пытанні?
– Калі большасць згодная з тым ці іншым, то гэтае пытанне закрываецца. У нас пяць чалавек – большасць па-любому атрымліваецца. Гэта нармальны дэмакратычны шлях, і я лічу, што на такое здольныя любыя грамадскія арганізацыі, якія гатовыя працаваць не на ўласныя амбіцыі, а на агульную мэту.
– Хто цяпер «даглядае» беларускую спадчыну ў Вільні?
– У гэтым плане Вільня – месца дэмакратычнае. Мясцовыя ўлады больш лаяльна ставяцца да ўсяго, што супярэчыць існуючым ідэалагемам у сучаснай Беларусі: не перашкаджаюць з шанаваннем спадчыны, звязанай з «праблемнымі» часткамі нашай гісторыі, такімі як паўстанне 1863–1864 гадоў, сталінскія рэпрэсіі, антысавецкі ўзброены супраціў часоў Другой сусветнай вайны. Хоць з такой спадчынай у Літвы хапае і сваіх праблем, унутраных.
За беларускай спадчынай часткова прыглядаюць нават на ўзроўні дзяржавы. Таксама ёй займаюцца беларусы, якія жывуць у Вільні. Зразумела, што не заўсёды ўсё ўдаецца. Бываюць рэчы, за якія трэба змагацца – даказваць, што гэта важна.
Апошняя праблема, з якой мы цяпер працуем, – гэта помнік Францішку Аляхновічу на віленскіх могілках Росы. Ён у дрэнным стане. Мы пакуль яшчэ не можам дамовіцца паміж сабой і з віленскім гарадскім самакіраваннем, каб гэты помнік быў закансерваваны і потым адрэстаўраваны. Але дыялог ідзе. Спадзяемся, што да новага года зможам дамовіцца.
«Мясцовыя ўлады не перашкаджаюць з шанаваннем спадчыны, звязанай з праблемнымі часткамі нашай гісторыі»
– Калі ўспамінаць ранейшыя часы, ты гэтак жа займаўся грамадскай актыўнасцю?
– Калі мы былі студэнтамі ЕГУ, мне давялося ўдзельнічаць у публічных абмеркаваннях і рабіць сумесныя беларуска-літоўскія пікеты за тое, каб у праект рэканструкцыі Лукішскай плошчы было ўключанае памятнае месца пра паўстанне 1863–1864 гадоў.
Мы стваралі жывы ланцужок, дэбатавалі, пісалі звароты ў Міністэрства культуры і гарадское самакіраванне, падкрэсліваючы, што гэта важнае месца для вялікай колькасці людзей. У выніку тыя, хто гэтага месца не заўважалі, убачылі, што людзям не ўсё роўна – раз яны за гэта памятнае месца змагаюцца.
Калі я быў школьнікам, мне былі цікавыя прыклады такой працы ў Беларусі, але гэты шлях больш бюракратычны. Я збіраў подпісы за аднаўленне краязнаўчага музея ў сваім родным Жлобіне. Тады давялося паслухаць пра «БНФ» і «апазіцыю». Бурчалі шмат. Але ў выніку, ужо пасля майго ад'езду з краіны, музей працу аднавіў.
Калі я студэнтам прыехаў у Вільню, то ў мяне было пытанне: што паглядзець тут беларускага? Наткнуўся на кнігу Лявона Луцкевіча «Вандроўкі па Вільні». Але кніжка гэтая «ва ўзросце», даволі барадатая. І я вырашыў, што яе можна «дапрацаваць», аднавіць з вялікай колькасцю ілюстрацый, з лепшай навігацыяй.
Узяўшы канцэпцыю Лявона Луцкевіча, я склаў сучасны даведнік, зрабіў гэта, здаецца, на трэцім курсе ЕГУ, і ўніверсітэт мне моцна дапамог – вырашылі, што гэта годны студэнцкі праект, і фінансава яго падтрымалі. Ёсць ідэя ў наступным годзе аднавіць мой стары даведнік, і я буду рады любой дапамозе.
Беларуская Вільня інтэграваная і ў адзін з маіх бізнес-праектаў – Vilnius Relax. Гэта праект, які жыве яшчэ з часоў майго студэнцтва. А пачынаўся ён з таго, што вельмі шмат беларусаў, прыязджаючы ў Вільню, не ведалі, што тут рабіць, акрамя таго як пайсці ў «Акропаліс», і мяне гэта ўнутрана крыўдзіла, таму што гэты горад мае непасрэднае дачыненне да нашай гісторыі, а на яго не асабліва звярталі ўвагі. Тады я вырашыў, што з гэтым трэба штосьці зрабіць – паказаць, што Вільня цікавая і разнастайная. Так нарадзілася ідэя Vilnius Relax, куды ўключаная і беларуская гісторыя.
Гартаць даведнік «Беларускія старонкі Вільні»
Vilnius Relax – агенцтва забаў і адпачынку, якое знаходзіцца ў Вільні і прадастаўляе свае паслугі па ўсёй Літве. Vilnius Relax прапануе каля 70 варыянтаў актыўнасцяў: ад «класікі» накшталт шпацыраў па Ужупісе, піўных дэгустацый і паездкі ў Тракай да «нестандарту» – палётаў на паветраных шарах, байдарачных сплаваў, тураў на снегаходах і іншых цікавасцяў. Місія кампаніі – арганізацыя адпачынку ў стылі «як для сяброў».
Замовіць цікавую праграму анлайн можна тут.
Фота: Ірына Арахоўская, palasatka, Вiялета Саўчыц
УНП 191751509
ООО «Ирвинга группа»