«Да нас ходзяць не школьнікі». Чым жывуць менскія рэп-батлы?
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 11.10.2018
- 9238
У кастрычніку 2016 года ў Менску запусціўся Minsk Independent Battle – першая прыкметная батл-пляцоўка ў Беларусі. Усё пачыналася перспектыўна: цікавасць менчукоў, асобныя ўдалыя батлы ў рамках «Арэны» (так называецца іх рэгулярны турнір), некалькі ўдалых прывозаў і пераезд на ключавую пляцоўку горада – клуб Re:Public.
Але да канца 2018-га раптам нечакана выявілася, што батлы амаль нікому не патрэбныя. Я хаджу судзіць большую частку з іх, і асабліва паказальныя апошнія два івэнты. Першы – апошні ў рамках групавога этапу – праходзіў без камер і хутчэй нагадваў утульны кватэрнік, а не важную для рэп-культуры падзею. Другі – паўфінальныя батлы – ужо здымалі, але адчуванне міжсабойчыку па-ранейшаму заставалася. У зале былі выключна арганізатары, удзельнікі, суддзі ды іх сябры. Для параўнання: на леташні фінал у Re:Public прыйшло больш за 400 чалавек.
Мы сустрэліся з Косцем Баяндзіным – вядучым і адным з арганізатараў MIB – і пагаварылі з ім пра тое, як батл-рэп раптам ператварыўся з масавага вар'яцтва ў тусоўку для сваіх.
«Мы зразумелі, што цалкам забілі "Или"»
– Як прыйшла ідэя займацца арганізацыяй батлаў?
– Як толькі з'явіўся Versus, у школах сталі арганізоўваць лакальныя батлы. А я вучыўся ў ліцэі БДУ, там была свой закрыты варушняк: 6 чалавек, з якіх 4 суддзі і 2 удзельнікі, якія ўвесь час мяняліся паміж сабой. Не было ні камер, ні гледачоў. Гэтым займалася група 11-класнікаў, іх жартам называлі «Бандыты», а сярод іх быў хлопец з мянушкай «Цар». І я ў нейкі момант уліўся ў іх тусоўку. Спярша проста глядзеў, а потым сам вырашыў паўдзельнічаць. Гэта быў першы батл, які мы праафішавалі ў ліцэі. І туды прыйшло прыкладна 100 чалавек.
– Адкуль столькі людзей для ўнутранага мерапрыемства?
– Я на той момант быў досыць папулярным у ліцэі, яшчэ ў батле ўдзельнічаў 11-класнік, які быў маёй версіяй, але на год старэйшы. А супраць нас батлілі спартсмен і яшчэ адзін хайпавы чувак. І ўсё падумалі: «О, жарты-самасмейкі, клас!» Мы прайгралі 5-0, таму што я і сам не асаблівы батлавік, а мой напарнік наогул папрасіў напісаць яму тэкст. І пасля гэтага мы ўзяліся за арганізацыю батлаў у ліцэі. Займаліся гэтым некалькі гадоў, у тым ліку і пасля паступлення ва ўніверсітэты. А потым пачаліся праблемы з адміністрацыяй: «У вас там мат» і гэтак далей.
І да мяне звярнуўся Улад Казыра: «Хачу рабіць нешта маштабней, ліцэй мы перараслі. Давай ты будзеш вядучым». Я пагадзіўся. Летам сталі ўсё прадумваць, Улад прыдумаў першую назву: Independent University Duel. Мне падалося, што гэта дзіўна, навошта замыкацца на студэнтах? Вырашылі разагнацца на маштаб горада, я прыдумаў Minsk Independent Battle. Зрабіў першы лагатып: знайшоў у інтэрнэце нарыхтоўку са шчытом і кіпцюрамі, узяў жудасны шрыфт з адсылкай да грэцкай міфалогіі, уставіў туды мікрафон. Поўны шлак. Але гэты лагатып пару месяцаў правісеў на вокладцы групы. Потым аператар, які працаваў з намі, пакуль не сышоў у войска, прапанаваў бясплатна зрабіць нам лагатып са сваіх нявыкарыстаных работ. Так з'явіўся цяперашні. У нас пытаюцца: «Навошта там леў?» Таму што мы так хочам.
«Рэкорд па людзях быў якраз там на фінале сезона – 430 чалавек»
– Як прайшоў першы івэнт?
– Мы ўзялі групу ліцэйскага батла, перайменавалі яе і патлумачылі, што зараз будзе адбывацца. Амаль ніхто не адпісаўся, усім было цікава. Івэнт быў закрытым, мы пускалі толькі знаёмых. Ён праходзіў у CoffeeLab каля наргаса, таму што там вучыцца Улад і ён усё арганізаваў. Мы дамовіліся правесці там мерапрыемства за бар. Яны зрабілі касу на месяц наперад. Прыйшло чалавек 130. Потым быў пост на «Как тут жить». Хай і негатыўны, але пасля гэтага прыйшло шмат людзей.
– Які быў бюджэт?
– Нуль, грошай не было наогул. У нас не было ніякага абсталявання. Узялі з Уладам у агульнай знаёмай два пражэктары. Яны палілі так моцна, што ўсім умомант стала горача. Добра, што здымалі толькі адзін батл. Яшчэ ў дзень здымкі зляцеў аператар. Я патэлефанаваў знаёмаму, які працаваў у БДУ. Я да гэтага распавядаў яму пра нашу ідэю з батламі, а ён лічыў іх поўным лайном. Але ў выніку ён пагадзіўся прыехаць і зняць усе бясплатна, таму што ён за рух. І да гэтага часу здымае і мантуе ўсе відосы.
– Першы батл з платным уваходам вы праводзілі ў «Или». І я здзівіўся, калі ўбачыў там рэальна шмат людзей. Вы адбіліся?
– Выйшлі ў нязначны плюс. Нам пашанцавала з аператарамі: яны працавалі амаль бясплатна. Фатограф сам напісаў на пошту, аказалася, што ў яго было святло – у выніку мы не траціліся і на яго. З арэндай у нас было два варыянты: альбо фіксаваная ў 300 рублёў, альбо 30% ад білетаў і 200 рублёў – не памятаю, як было дакладна. Мы баяліся, што не адаб'ёмся. Квіток каштаваў 5 рублёў. А ў выніку прыблізна роўна адбіліся, усім заплацілі. Нешта ўзялі сабе, але па мінімуме. Усё ўкідвалі ў арганізацыю далейшых івэнтаў.
Наступным якраз быў першы івэнт турніру – і мы зразумелі, што цалкам забілі «Или». Паставілі палеты, а людзям усё роўна не відаць. І пачалі шукаць іншую пляцоўку, пасля чаго ў нас быў няўдалы досвед з арт-прасторай «Калібр».
Пару разоў мы выходзілі ў мінус, але ў выніку адбіваліся, таму што спонсарскія выплаты нас прыходзяць ужо пасля івэнтаў – і за іх кошт усё атрымлівалася.
– Потым вы пераехалі ў Re:Public. Як гэта атрымалася?
– Мне патэлефанаваў Ягор Kipah. А я стаю на кухні, пры гэтым гатаваць я не ўмею, у мяне нічога не атрымліваецца. З-за гэтага званка ў мяне ўсё згарэла: «Прывітанне, гэта Kipah, я чуў, вы шукаеце новую пляцоўку. У мяне ёсць малышка, якая працуе ў Re:Public». Ён казаў пра 20% ад квіткоў, нейкія мінімальныя грошы. І праз 10 хвілін мне тэлефануе Насця Чарапанава: «Прывітанне, так і так, мы не супраць. Гэта будуць не тыя сумы, пра якія вы чулі, але вырашыце ўсё з кіраўніцтвам ужо». Калі трэба нешта арганізаваць у Re:Public, зараз тэлефаную Старцаву-старэйшаму.
«Мы не хацелі працаваць з букмекерскімі канторамі – нават кансультаваліся з юрыстам»
Звычайна я з прынцыпу на ўсе інтэрв'ю і сумоўі апранаюся як рэпер. А тут я падумаў: трэба не вы*бывацца, а сур'ёзна схадзіць, Re:Public жа. І нам назвалі суму, якую мы маглі пацягнуць. Натуральна, мы адразу ж пачалі рабіць івэнты ў Re:Public. Рэкорд па людзях быў якраз там на фінале сезона – 430 чалавек. Білет тады каштаваў 8 або 10 рублёў. Мы нармальна акупіліся, але шмат грошай укінулі ў само мерапрыемства.
А потым пачаўся спад, мы зразумелі, што перастаём вывозіць Re:Public па колькасці людзей. Плюс, калі рабіць батлы пад біты і арандаваць гук, усё выходзіць у два з паловай разы даражэй. У той момант на нас выйшаў «Купаж» – і мы пераехалі туды.
– А навошта ім гэта? Наўрад ці ваша аўдыторыя пакідае добры бар.
– Насамрэч клубу Re:Public было цікава ў тым ліку і за кошт выручкі з бара. Людзі купляюць. Пры ўсім маім здзіўленні, да нас ходзяць не школьнікі. Гэта студэнты і людзі старэйшага ўзросту. І хоць бы на півасік у іх грошы ёсць. Так што на бары мы прыносім нармальныя грошы.
«У выніку патрапілі на бабло, нават пазычаў у бацькоў, каб аплаціць усе на месцы»
«Ёсць рэчы, з якімі не хочацца сябе звязваць»
– Як прадаць сябе спонсарам?
– Калі ў нас толькі з'явіўся турнір, зразумелі, што трэба шукаць спонсараў. І літаральна на наступны дзень на пошту прыходзіць цэлая прэзентацыя ад энергетычнага напою Gorilla. У нас наогул ніякага вопыту ў плане перамоваў. Адзінае, што мы абгаварылі з Казырам: не рэкламаваць тое, чым мы б самі не карысталіся. З разраду всемайки.ру – і гэта яшчэ нядрэнна. Ёсць рэчы, з якімі не хочацца сябе звязваць. На той момант мы не хацелі працаваць з букмекерскімі канторамі – нават кансультаваліся з юрыстам. У выніку сустрэліся з дырэктарам па маркетынгу Gorilla. Ён на аркушыку нам напісаў, чаго яны хочуць. Навязаў пэўныя ўмовы, таму што мы не ўмелі гандлявацца. Умоўна, на ўсіх відосах ёсць вадзяны знак Gorilla. У выніку пра ўсё дамовіліся, узгаднілі па кошце. Так з'явіўся першы спонсар.
Пасля першага сезона мы зразумелі, што трэба шукаць кагосьці яшчэ. Зрабілі ў тыльдзе сайт-прэзентацыю: хто мы, што зрабілі, якія лічбы, з кім працавалі, хто пра нас пісаў. І гэтак далей. Я рассылаў гэта па розных банках, яшчэ кудысьці. А ў выніку на наступны дзень мне тэлефануюць з Sigaret.net. І мы проста па тэлефоне ўсё ўзгаднілі. Потым прыехаў усё ўдакладняць да іх у офіс, а там вялізны двухметровы мужык на імя Раман з вельмі добрым тварам. Так з'явіўся другі спонсар.
У плане партнёраў на першым івэнце мы атрымалі красоўкі ад крамы Sneakerhead. І яна сапраўды атрымала ад нас аўдыторыю. Таксама з намі супрацоўнічаў брэнд TimeX, які даваў сертыфікаты на адзенне. Яшчэ былі «Простыя рэчы» на самым першым івэнце. Мы згаджаліся на ўсё запар, а потым ужо зразумелі, што гэта нешта не тое. Зараз мы працуем з брэндам адзення Outkast. І plum gun magazine – мясцовыя рэсэлеры, якія возяць Supreme і гэтак далей. Па сутнасці, гэта themarket у Беларусі, многія цяпер пераходзяць на іх.
Лічбы, грошы, панчы
– Ваш самы прагляданы і горшы батлы.
– Самы паспяховы – Эміа супраць Абалбіска, 105 тысяч праглядаў. Горшы – адзін з батлаў другога сезона, там штосьці ў раёне 750 праглядаў.
– Калі казаць пра першы сезон, што лічылі добрым вынікам для роліка?
– 10 тысяч. Яны столькі і збіралі. Калі раптам батл набіраў менш за 5 тысяч, мы наязджалі на чувакоў: «Чаму вы так дрэнна батліце?»
– Што вам прыносіць YouTube?
– Наогул нічога. У мяне ёсць картка спецыяльна пад гэтую справу, але я ні разу яе не правяраў. Як толькі мы задумаліся аб манетызацыі, на нас выйшаў MediaCubeNetwork, вырашылі працаваць з імі. Але ў іх такія ўмовы: грошы прыходзяць да цябе на рахунак, толькі калі за месяц набіраецца больш за пэўную, чыста сімвалічную, суму. Яе частку яны бяруць сабе, астатняе табе. А ў нас і такога не будзе. Рэальны даход ад праглядаў можа атрымліваць толькі канал-мільённік.
«Чувакі на сур'ёзных шчах абмяркоўваюць "абзывашкі" – гэта п*здец»
– Добра, колькі трэба праглядаў, каб на картку ўпала 100 баксаў?
– Шмат. Думаю, некалькі мільёнаў. Калі відос будзе добрым і яго будуць разбіраць на мемы, як гэта было з Абалбіскам і Lastend, дзе зрабілі асобны ролік «Арабскі флоу», які набраў 100 тысяч. Мы па-дурному паступілі, калі не падлучалі іх да сябе. Гэта наш кантэнт, і калі відэа-першакрыніцу разарвуць на 10 ролікаў, кожны з якіх збярэ па 100 тысяч, – вось гэта ўжо магло б прынесці нам 100 долараў. Але мне, мабыць, было трохі лянота гэтым займацца.
– Як думаеш, колькі на гэтай картцы будзе цяпер?
– Рублёў 20, не болей. Тыя ж блогеры не зарабляюць з праглядаў, яны атрымліваюць з рэкламы. Плюс колькасць грошай залежыць ад рэкламных ролікаў, якія людзі глядзяць перад пачаткам відэа. А гэта ўжо выпадковы працэс.
«Я згодны з тым, што батлы – усё»
«Ёсць розныя думкі. Ад закрыцця да перафармавання»
– Калі зразумелі, што ўсё дрэнна?
– Калі ў ліпені зрабілі івэнт «Арэны», а туды прыйшло 100 чалавек, у тым ліку плюсы. Мы зразумелі, што ўсе раз'ехаліся. У выніку патрапілі на бабло, нават пазычаў у бацькоў, каб аплаціць усё на месцы. Гэта быў самы ўсраты івэнт.
Да другога івэнта другога сезона мы ўжо зразумелі, што людзі глядзяць толькі батлы пад біты. Розніца паміж звычайнымі батламі і BPM даходзіла да трох разоў: тут касец, а тут – тры. Першае, што мы зрабілі, – сумесныя івэнты, дзе адначасова і біты, і не. Але было складана, таму што адстаяць шэсць батлаў запар – цяжка.
Сыпацца ўсё стала да сярэдзіны гэтага сезона, у другой палове 2017 года. У тым ліку таму трэці круг мы вырашылі не здымаць. Паказальна, што ніхто нас не спытаў, чаму мы не выпусцілі гэтыя батлы на відэа. А ўдзельнікі – ну, яны ж і самі вінаватыя ў гэтым. Калі прыходзяць на батлы бухія і чытаюць тэкст з куфля піва, няхай гэта і выглядае шэдэўральна.
– Ужо думалі, што рабіць далей?
– Былі розныя думкі. Ад закрыцця да перафармавання. Дапускаем, што можна пакінуць турнір пад біты. Думаю, трэцяга сезону «Арэны» не будзе. Гэта нерэнтабельна для нас. Лепш павялічым прызавы фонд на бітах. Але там праблема ў тым, што мы не ведаем, ці будзе дастаткова стромкіх заявак. Цяпер яшчэ думаем над новым фарматам: рэпер + бітмэйкер. Але там шмат пытанняў: як арганізаваць, як судзіць? Але ўхіл у любым выпадку будзе ў музыку.
– Чаму ўсё загнулася?
– Дык гэта ж зразумела. Усіх задзяўбалі батлы. Я не гляджу Versus. Паглядзеў два адборы з новага Fresh Blood. І так робяць многія людзі. Іх круглыя сталы – гэта прыкольна, з аднаго боку. А з другога – там чувакі на сур'ёзных шчах абмяркоўваюць «абзывашкі» – гэта п*здец. Людзі занадта сур'ёзна да ўсяго ставяцца.
І ў Versus таксама падаюць прагляды. Пры пяцімільённай аўдыторыі канала набіраць на відэа мільён – гэта не вельмі крута. Я згодны з тым, што батлы – усё. Але я па-ранейшаму за рух. Можа, цяпер стрэльнуць фрыстайл-батлы. Можа, прыдумаюць нейкі новы фармат. Ад цяперашняга ўсе відавочна стаміліся. Гэта як глядзець шосты сезон «вДудя» – адно і тое ж новымі словамі.
– Усе панчы ўжо прыдумалі?
– Не ўсе. Але калі капацца і шукаць, у цяперашніх батлах можна знайсці шмат што з таго, што ўжо было выкарыстана раней.
– Ты не перагарэў?
– Мы заўсёды разумелі, што гэта лакальны рух і мы не будзем на ім зарабляць. Разумелі, што мы не мегаарганізатары з імем. Усё ж пачыналася з нуля. А калі гэта не прыносіць табе задавальнення, то навошта? Мне будзе цікава, калі з'явіцца новая ідэя, якая зойдзе.
Фотa: Таня Капiтонaва, афiцыйны паблiк Minsk Independent Battle VK