У Маладзечне распісалі графіці вуліцу стрыт-фуду

Маладзечна рухаецца ўверх па пірамідзе Маслоў: першую ў краіне «вуліцу стрыт-фуду» тут распісваюць балонамі, укладваючы ў выявы добрыя сэнсы. Таксама абяцаюць арганізаваць свой фестываль. Грошы на гэтую прыгажосць вылучыў мабільны аператар velcom | A1 у рамках конкурсу Social Weekend 12.

Маладзечанцы праклалі шлях да сэрцаў гасцей горада наўпрост – праз страўнік. Спачатку падсадзілі аматараў стрыт-фуду на цудоўны лацінскі бургер, а потым арганізавалі цэлую «вуліцу» нажорыстай ежы.

Надышла пара адарваць твар ад кебаба і зірнуць вакол: 48 вулічных мастакоў сабраліся ў Мола, каб упрыгожыць горад сваім мастацтвам. Павільёны міні-рынку разам з беларусамі распісвалі рабяты з Італіі, Люксембурга, Азербайджана, Эстоніі і Расіі, якія апынуліся ў Мола па праграме Erasmus+.

Аўтараў не скоўвалі ў тэхніцы, папрасілі толькі прытрымлівацца тэмы клопату аб прыродзе. Вынік гараджанам ужо падабаецца: параўноўваюць з Лонданам, Берлінам і цэлай Бразіліяй. Нездарма «вуліца стрыт-фуду» ўзяла прыз глядацкіх сімпатый на леташняй Rada Awards.

Гэта яшчэ не ўсе малюнкі. Другі бок «вуліцы стрыт-фуду» распішуць маладыя мастакі пад наглядам вядомага арт-актывіста Bazinato, якога заўсёды цікавіла тэма прыроды і пошуку сваіх каранёў.


«Пакуль я не ведаю, што канкрэтна гэта будзе. Але гэта дакладна будзе чыстае, сумленнае выказванне рабят. Гэта павінны быць графіці на тыя тэмы, якія хвалююць і цікавяць асабіста іх, а не навязаныя старэйшым пакаленнем. Гэта спосаб для падлеткаў пачаць працаваць з публічнай прасторай. А такая прага ў іх сапраўды ёсць! Рабяты ўбачаць, якое моцнае рэха дае мастацтва. За гэтым заўсёды ідуць змены ў жыцці горада і свядомасці людзей на розных узроўнях».

Калі фарба высахне, на «вуліцы стрыт-фуду» ў Мола пройдзе гастрафэст. Падрабязнасцяў амаль не раскрываюць: анансаваныя дваццаць устаноў-удзельніц, інклюзіўнасць мерапрыемства, дзіцячая зона, музыка, прыемнае асвятленне і зручная мэбля, пляцоўка пад выставы, гандаль сувенірамі (цвік асартыменту – сувенірка з катом Францыскам, гэта рэальны кот, у гонар якога мясцовыя называюць сваю вуліцу смакаты).

 

Фота: Аляксей Мацюшкоў