«Толк»: новая адукацыйная прастора ў Гомелі
- Рубрыка: УЛОЎ
- 16.03.2018
- 11140
Заснавальніцы часопіса Journalkit сёння, 16 сакавіка, адкрываюць у Гомелі адукацыйную прастору, пра якую распавядалі нам нядаўна. Месца называецца «Толк», і ў большай ступені яно прызначана для правядзення адкрытых інтэрв'ю.
«Тэкст, па сваёй сутнасці, мастацкі твор са сваімі правіламі, таму аўтару даводзіцца пакідаць многае за кадрам. Адкрытыя інтэрв'ю – гэта магчымасць задаць пытанне герою асабіста і злавіць яго на слове. Акрамя таго, у Гомелі па-ранейшаму не так шмат месцаў, дзе маладыя людзі з падобнымі інтарэсамі могуць пазнаёміцца паміж сабой», – тлумачыць Наста Пісчанкова, адна з заснавальніц Journalkit.
«Толк-пляцоўка» павінна даць магчымасць чытачам не толькі чытаць, але і размаўляць з героямі матэрыялаў. У дзень адкрыцця ўваход бясплатны, у будучыні цана на мерапрыемства будзе складаць 5 BYN.
Пляцоўка безбар'ерная, таму ў людзей з інваліднасцю з'явіцца магчымасць пашырыць кола знаёмстваў. У якасці герояў будуць выступаць людзі са сферы навукі, культуры і іншыя фанаты сваёй справы. Прычым не толькі з Гомеля – з усёй Беларусі.
«Гэта новы фармат для нашага горада, нягледзячы на тое, што ў сталіцы ён даволі даўно паспяхова прыжыўся», – кажа Наста.
У дзень старту Наста Пісчанкова возьме інтэрв'ю ў эколага Дзімы Янкова, які ў 2009 годзе разам з сябрамі выкупіў усе дамы ў выміраючай вёсцы Чырвоны Кастрычнік у Рэчыцкім раёне. У 2014 годзе малады чалавек канчаткова пераехаў з горада і цяпер адкрывае грамадскую арганізацыю, каб стварыць моладзевае паселішча і ўвесці моду на эміграцыю ў вёску.
Таксама ў дзень адкрыцця госці змогуць задаць пытанне мастаку Сяргею Каўрыгу, якога майстры-пачаткоўцы называюць мясцовым Сальвадорам Далі.
Сачы за раскладам наступных адкрытых інтэрв'ю на сайце часопіса Journalkit