«Паўночнае ззянне – 2020» пройдзе ў анлайн-фармаце
- Рубрыка: УЛОЎ
- 06.10.2020
- 6754
6-ы Фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» адбудзецца з 22 па 29 кастрычніка ў анлайн-фармаце. У новай праграме кінафестывалю 28 фільмаў, сярод якіх стужкі з Паўночнай Еўропы і Балтыі, дэбюты беларускіх рэжысёраў, шведскія кароткаметражкі ды насычаная індустрыйная платформа з лекцыямі ад скандынаўскіх феміністак.
Фестываль быў двойчы перанесены з-за розных абставінаў (спачатку пандэмія COVID-19, а пасля інтэрнэт-блакада ў Беларусі), але арганізатары вырашылі падтрымаць сваіх гледачоў і ўсё ж правесці «Паўночнае ззянне – 2020».
Анлайн-фармат – гэта новы досвед не толькі для каманды арганізатараў, але і для саміх гледачоў, якія звыкліся глядзець стужкі фестывалю ў кінатэатры. Адмыслова да новага фармату сумесна з mediatech.by была створана асобная стрымінгавая платформа для зручнага прагляду карцін. Фільмы фестывалю можна паглядзець, аплаціўшы доступ, але ўсе івэнты будуць даступныя бясплатна. Дэталі – кроху пазней.
У межах кінафестывалю будзе паказана 28 стужак, сярод якіх 15 міжнародных поўнаметражных фільмаў, 8 дакументальных фільмаў са Швецыі, Даніі, Фінляндыі, Ісландыі, Нарвегіі, Літвы, Латвіі і Эстоніі, упершыню 5 кароткаметражных фільмаў са Швецыі і 8 стужак у паўнавартаснай праграме беларускага кіно! Акрамя таго, на індустрыйнай платформе «Паўночнага ззяння» адбудуцца 7 індустрыйных мерапрыемстваў, якія будуць транслявацца ў сацыяльных сетках фестывалю.
Такім чынам, «Паўночнае ззянне – 2020» – найбуйнейшы фэст у гісторыі праекта, толькі стужак з міжнароднай праграмы больш за 20.
Сярод іх:
Дакументальна-гульнявая стужка «Сезон» (Швецыя) прадзюсара Эрыка Хэмендорфа, які таксама прадзюсуе фільмы знакамітага рэжысёра Рубэна Эстлунда, атрымала спецыяльную ўзнагароду на CPH:DOX Award. У стужцы можна назіраць выдатную аператарскую работу Іты Зборнец-Зайт – уладальніцы прэміі імя Свэна Нюквіста на Göteborg Film Festival.
Літоўскі фільм Аўдруса Міцкевічуса і Нэрыюса Мілерыуса «Узорныя паводзіны» ўздымае актуальныя тэмы для постсавецкага грамадства пра пачуццё калектыўнай віны і даследуе парадокс узорных паводзін забойцаў. Стужка атрымала спецыяльную прэмію the Golden Dove на міжнародным фестывалі дакументальнага кіно ў Лейпцыгу.
Дакументальная стужка са Швецыі «Феміністарка» – неверагодны агляд чатырох год кіравання шведскай міністаркі замежных спраў Маргот Вальстром.
Будзе і асобная беларуская праграма. Сёлета яна складаецца з 8 стужак, больш за палову з якіх – рэжысёрскія дэбюты! У праграме прадстаўленыя ўжо такія знаёмыя імёны, як кінарэжысёр Віктар Аслюк і ягонае паэтычнае эсэ «Эпітафія», Андрэй Куціла з эмацыйным фільмам «Мне трэба поціскаў», «Межы» Юліі Шатун і «Невядомы рай» Дар’і Юркевіч.
Упершыню глядач пазнаёміцца са стужкай паспяховага беларускага кліпмэйкера Арцёма Лобача «Шлях дадому» пра пошукі маладых людзей свайго месца ў свеце; з псіхалагічнай драмай «Дзэзерцір» Сашы Сцельчанкі – дыпломным фільмам мінскага рэжысёра, які скончыў вельмі прэстыжную кінашколу FAMU ў Празе. Новыя імёны з’явяцца таксама і ў альманаху «На сувязі»: акрамя стужкі Максіма Шведа, можна будзе пабачыць работы перспектыўных рэжысёрак і рэжысёраў Ксеніі Галубовіч, Алеся Лапо і Веранікі Бандаровіч. Асноўная тэма альманаха – як камп'ютары і інтэрнэт змяняюць жыццё маладых беларусаў.