Калі ты сапраўдны «вясёлкавы конік» і ведаеш розніцу паміж «Старой Кельей» і «Черным Знахарем» альбо цябе «ўбівонькаюць сіжкі» – ты сто пудоў ужо ў курсе, хто такі Бакей. Калі ж не разумееш і паловы з таго, што напісана вышэй, – ладкуйся ямчэй. Мы сустрэліся з самым дзіўным персанажам беларускага хіп-хопу апошняга часу і заспелі яго за запісам новага трэка. Чытай, што атрымалася.
«Нарка-суіцыдальна-дэнсавы мікс» – так Бакей называе свой стыль. Вясёлыя песні пра сумнае пад EDM-біты і вельмі спецыфічны флоў. Гучыць настолькі дзіўна, што адразу хочацца дадатку. І галоўнае – ніхто ў беларускім хіп-хопе яшчэ так не рабіў. Ды што там у беларускім, нават у нашых чорных братоў абсалютны аналаг знайсці складана. А ўжо яны па хіп-хопу паездзілі ўздоўж і ўпоперак. Хіба яшчэ патрэбныя прычыны, каб сустрэцца з гэтым хлопцам?
Для інтэрв’ю Бакей паклікаў нас у сапраўды легендарнае месца – на студыю Nestanda Records (тут запісваліся ўсе, ад УННВ і Rap Crew да ЛСП і Макса Каржа).
Знаходзіцца гэтая рэперская Мека ў самым сэрцы «спальна-прамысловай нікуды», што, несумненна, дадае ёй аўтэнтычнасці. Наогул раён трактарнага завода – гэта сапраўдны беларускі Комптан: кожны яго завулак выглядае як лакацыя з олдскульных рэп-кліпаў дзевяностых. Прычым нават напружвацца асабліва не трэба, каб гэта ўявіць: мозг сам дамалёўвае патрэбныя часткі карцінкі. Вось Бігі махае рукамі на фоне рэстарана «Кабанчык». А вось 2pac выводзіць «Fuck da police!» на сценцы падземнага перахода, побач з афішай Лепса. І выглядаюць яны ў гэтых дэкарацыях як улітыя.
Бакей чакаў нас ля пад'езда. На выгляд – звычайны просты хлопец. Усмешлівы і прыязны.
– Прывітанне, я Бакіч! Заходзьце.
Студыяй Nestanda апынулася аднапакаёўкай на першым паверсе. З выгляду і не сказаць, што тут куецца сапраўдны стайл. У калідоры ўсе сцены абвешаны дыпломамі і ўзнагародамі розных творцаў айчыннага хіп-хопу. Больш за ўсё здзівіў адзін з «Рок-каранацыі».
– Гэта як так атрымалася наогул?
– Ды гэта прэмія «Нестандартного варианта» за «лепшы хіп-хоп праект». Таксама спачатку не зразумеў, прычым тут «Рок-каранацыя».
– А суседзі на шум не лаюцца, дарэчы?
– Тут столькі ізаляцыі, што трэба вельмі пастарацца, каб нешта пачуць праз сценку. Ну што, пайшлі на кухню, пагаворым, пакуль там хлопцы свае куплеты пішуць. Уся прыгажосць у самой студыі, вядома, але яе я вам крыху пазней пакажу.
– Адразу ў лоб пытанне. Ці жывы беларускі хіп-хоп?
– Вядома! А ты што, сам не бачыш? Добра, насамрэч усё хранова. Ён, вядома, жывы, але ў коме і на апараце жыццезабеспячэння. І мы тут спрабуем усімі сіламі яго рэанімаваць.
– А тыя ж ЛСП, Корж або Murovei?
– Яны ўжо, можна сказаць, за дужкамі беларускага хіп-хопу. Гэта зусім іншы ўзровень. Увогуле ўсім, хто падняўся і зараз па СНД катаецца, – рэспект. У гэтым, як бы, і складаецца задача максімум. Каб ты ездзіў па гарадах і краінах і ўсе ведалі, што ты беларускі артыст і што тут у нас усё таксама жыве, кіпіць і варыцца.
«Беларускі хіп-хоп жывы, але ў коме і на апараце жыццезабеспячэння»
– А як наконт маладых, гарачых і перспектыўных?
– Ну, вось ёсць я, напрыклад (усміхаецца). Не, насамрэч ёсць годныя хлопцы. Тыя ж Rap Crew і Kakora, які цяпер за сценкай свае партыі піша. Lastend – малады, таленавіты хлопец. У яго вось зараз кліп новы выйшаў. Яшчэ CJ, Ground, ды шмат іх. Плюс яшчэ ўсялякія творчыя тусоўкі, тыпу «Погода огонь», два хлопцы – Мікіта Мастак і Уладзік CokeBoy. Яны кліпы, біты і вокладкі шыкоўныя пілуюць.
– Значыць, усё не так дрэнна.
– Ну, у цэлым так. Цяпер новых імёнаў куды больш, чым яшчэ пару гадоў таму. Беларускім рэперам трэба толькі крыху больш нейкай дысцыпліны. Каб матэрыял выходзіў рэгулярна, а не раз у паўгода па настроі. І ўсведамленне таго, што мы – вялікая сям’я і робім адну справу. Вось тады ўсё добра будзе.
– Давай цяпер пра цябе канкрэтней пагаворым. У цябе, мякка кажучы, вельмі незвычайны стыль. Як ты да яго дайшоў? Відавочна ж не адразу пачаў так валіць.
– Вядома, не адразу. Спачатку быў тыповы такі андэграўнд з сур’ёзным тварам. А потым я проста перастаў саромецца і пачаў рабіць тое, што прэ. І, здаецца, я знайшоў, што шукаў, зараз адчуваю сябе найбольш камфортна ў такім стылі. Гэта наогул вельмі важна – знайсці сябе, рабіць нешта ўнікальнае, не падобнае да астатніх. У гэтым увесь прыкол. Нікому не цікава, калі ты спрабуеш пад кагосьці касіць. Гэта заўсёды ненатуральна выглядае.
– Шмат наогул тых, хто не ўключаецца і адразу пачынае хэйціць?
– Ды не, хэйтараў наогул няма, як ні дзіўна. Бывае, што хто-небудзь напіша, маўляў, «ты не рэп». Ну і хрэн з ім, я не прэтэндую. Наогул я за канструктыўную крытыку. Лайце на здароўе, толькі аргументавана, каб я з гэтага мог што-небудзь вынесці для сябе. А проста «ты не рэп» сказаць – гэта не лічыцца.
Ну і тыповая такая фігня бывае: выпускаеш новы трэк – і абавязкова знойдуцца людзі, якія скажуць, што ты ўжо не торт і яны чакалі ад цябе іншага. Ну, рабят, ну я ж артыст, як-ніяк. Я раблю тую музыку, якая падабаецца мне, і ўжо ў наступную чаргу я буду рады, калі яна зойдзе камусьці яшчэ. Вось цяпер фіт з Какорай выйшаў. Я моцна запарыўся над ім, лічу, што вельмі крутая песня атрымалася. А ў каментарах кажуць: «Хочам новы Vi+ik!». Ну прабачце, сябры, нічога не магу зрабіць.
– Як у цябе наогул зваротная сувязь з фанамі адбываецца? У цябе ж нават суполкі ў ВК няма, наколькі я зразумеў. Ты проста кідаеш трэкі да сябе на сценку і ўсё?
– Так, а потым людзі проста адпісваюцца ў асабістыя, спадабалася ці не. Так і павінна быць, я лічу. Музыка павінна сама за сябе казаць. Вось, дарэчы, Vi+ik я наогул ніяк не піярыў, проста запампаваў кліп і ўсё. А ён, глядзі, разышоўся.
– Ці быў такі момант, калі раптам ты зразумеў: «Ну ўсё, цяпер я селебрыці, маць вашу!»
– Неее, такога не было яшчэ. Хаця вось на мінулым канцэрце, калі зала на памяць некаторыя трэкі са мной чытала, я проста ахранеў. Напэўна, гэта нешта значыць. А потым яшчэ натоўп людзей падыходзіў па аўтографы, фоткаліся. Адна дзяўчынка падышла і проста папрасіла абняцца. Прыкінь? Гэта крута, вядома, калі чалавек настолькі прасякнуўся тым, што я раблю. Але да гэтага складана прывыкнуць.
– Як ты ўяўляеш сваю аўдыторыю?
У гэты момант дзверы на кухню адчыніліся і ў памяшканне пракраўся барадаты мужычок у акулярах і з панамкай на галаве. Знаўцам беларускага хіп-хопу хопіць гэтага апісання, каб зразумець, пра каго ідзе гаворка.
– О, а вось і рэальная зорка. Гэта Жора, знаёмцеся!
– Ды ладна. Гарашчы Жыраф?
– Ён самы. Баця беларускага рэпу! Жора, вось як ты ўяўляеш сваю аўдыторыю?
«Гэта наогул вельмі важна – знайсці сябе, рабіць нешта ўнікальнае, не падобнае да астатніх. У гэтым увесь прыкол»
Жыраф быў спакойны як удаў:
– Ніяк. Яе наогул уявіць немагчыма. На канцэрты прыходзяць абсалютна розныя людзі. Вось, напрыклад, падышлі да мяне некалі на вуліцы шасцікласнікі, сфатаграфавацца папрасілі. Здаецца, з якой такой нагоды? Што яны ў гэтым знаходзяць наогул? Ці разумеюць што-небудзь у словах? Я ў іх усё гэта пытаю, а яны кажуць: «Не ведаем, проста падабаецца, і ўсё». А бывае наадварот, занадта старыя, здавалася б, для такога лайна людзі прыходзяць на канцэрты. Так што нешта прадказваць у гэтай справе – мёртвы нумар.
– Згодзен абсалютна. Тая ж фігня.
– Бакей, а кім ты працуеш у звычайным жыцці?
– Я прадавец у будаўнічай краме. Вельмі творчая праца. Спадзяюся ў хуткім часе зваліць адтуль, таму што жудасна задзяўбала. Усё роўна амаль усе заробленыя грошы сыходзяць на музыку.
– Якога наогул узроўню павінен дасягнуць беларускі музыка, каб спакойна зваліць з працы і дазволіць сабе займацца толькі творчасцю?
– Ух, блін. Гэта трэба рэгулярна выступаць у клубах, прычым нядрэнна так збіраць. Мерчам гандляваць паралельна. Карацей, вельмі складана, я такіх няшмат ведаю. Гэта ўжо топ-узровень павінен быць.
– Як часта ты сам канцэрты даеш?
– Ну прыкладна разы 3-4 у месяц выступаю. Але гэта не сольнікі, вядома. Сольнага канцэрта ў мяне не было яшчэ.
– Які з выступаў самы трэшовы быў?
– Нядаўна выступаў на катэджы адным. Класічная гісторыя: бухія школьнікі, агідны гук, храновая апаратура. Карацей, поўны фарш. Ад манітораў на тры метры адыходзіш – нічога не чуваць. Плюс бухі дыджэй, які неяк раз ужо запароў мне выступ у «Бруге». Ён тады падышоў пасля і такі: «Бакіч, ну што, нармальны гук быў?» Вось прама «ўкакорыць» хацелася. Якое сумленнае слова!
– Гэта як?
– Гэта ад Какоры, уласна, пайшло. Ну што зрабіць, калі ён рэальна людзей забівае!
– Слухай, ты тут нядаўна на разагрэве ў гурта «Хлеб» быў. Яны ж усё-такі больш комікі, чым рэпэры. Ты не баішся, што пасля такіх выступаў новая публіка не будзе ўспрымаць цябе ўсур’ёз?
– Не, не баюся. Каму трэба, той зразумее. А хто не зразумее, той не патрэбны мне як слухач. Наогул я не вельмі добра стаўлюся да гэтага «рэпер-комік». Хлеб, Хаванскі, хто там яшчэ. Не маё. Але мяне паклікалі арганізатары. Хто не хоча перад поўнай залай выступіць? Не адмаўляцца ж. Прымаюць, дарэчы, нядрэнна. Многія нават ведаюць, хто я, што радуе.
– Ну ўсё, з пытаннямі скончылі, пойдзем студыю глядзець.
– Фух, нарэшце! Пайшлі паслухаем, што там пацаны запісалі.
Старая пяціхатка з аўтографам Public Enemy ў рамачцы і мікрафон Neumann M 147 коштам з бабуліна лецішча першымі кідаюцца ў вочы. У невялікім пакоі туліліся чалавек шэсць, не лічачы новапрыбылых. Тыя, хто хоць раз бываў на падобнай студыі, назаўжды перастаюць думаць пра рэпераў стэрэатыпамі. На «Нестандзе» сабраліся людзі, апантаныя музыкай. Пакуль адзін запісваўся, астатнія падказвалі і перажывалі, каб чытач не запароў дубль у самы апошні момант. І неміласэрна яго сцябалі, калі гэта ўсё ж такі адбывалася. Бакей не абдурыў: тут крута.
– Знаёмцеся з астатнімі. Гэта Антон, ён тут галоўны. Захавальнік ключоў. Гэта Kakora – асіповіцкі ўладар рэпу. Я пра яго вам казаў ужо. О, а гэты чувак з фоцікам – гэта Фрэдзі. Ён тут кіно пра беларускі хіп-хоп здымае. Фрэдзі, раскажы ім!
«Бывае, што хто-небудзь напіша, маўляў, "ты не рэп". Ну і хрэн з ім, я не прэтэндую»
Фрэдзі ўсміхнуўся і, пакручваючы ў руках фоцік, пачаў расказваць:
– Ну так, здымаю трохі. Гэта будзе фільм пра ўсю беларускую дзвіжуху. Не толькі пра рэпераў, але і пра кліпмэйкераў, бітмэйкераў, гукачоў – карацей, пра ўсіх, хто робіць гэтую культуру. Хачу нарэшце расставіць усё па палічках, паказаць, што ў нас таксама ёсць годныя хлопцы, і, нягледзячы на тое, што мы розныя, мы ўсе тут заадно. Гэта было б крута.
– Воў... А калі даробіш, на прэм’еру паклічаш?
– Вядома! Як толькі – дык адразу!
– Ну што, я, мабыць, наступны, – Бакей зайшоў у студыйную будку. Ніякіх чытанняў з нататак у айфоне і неапраўданых замінак, тэкст на памяць, некалькі варыянтаў інтанацый, праца без лішніх паўз. Запіс заняў хвілін сорак максімум. І гэта яшчэ ўключаючы фрыстайлы пра Какору і пазіраванне для фотак.
Зрабіўшы яшчэ паўсотні вогненных фотаздымкаў у мясцовай ваннай, мы з усімі развіталіся і, задаволеныя вынікам, сабраліся сыходзіць. Падышоў Бакей:
– Слухай, насамрэч галоўнае, што я хацеў бы данесці, гэта думка пра тое, што трэба быць самім сабой і не саромецца, рабіць тое, што падабаецца. Любая творчасць, якая ідзе знутры, яна будзе крутая, разумееш? Не трэба спрабаваць рабіць, як хтосьці, – не зойдзе. Людзі ўсё адчуваюць. Лепш спрабаваць знайсці сябе. Паспрабуй перадаць гэта ў артыкуле.
– Дык ты рамантык! Дамовіліся, мэйт. Я прама гэтыя словы і ўстаўлю.
– Усё, дзякуй, прыемна было пазнаёміцца.
Вяртаемся тым жа маршрутам, міма Акадэміі мастацтваў і шматлікіх крамаў «Прывітанне з пачатку двухтысячных». Мілыя хлопцы гэтыя рэперы. Усё ж такі жывы беларускі хіп-хоп. Дарма гэтае словазлучэнне Word падкрэслівае.
Хлопцы з менскай Rap Crew у сваім першым інтэрв’ю распавядаюць, што такое менскі стыль і як рабіць шчыры гангста-рэп нават за кратамі.
Гутарым з музычнаю тусоўкай «Бассота», якая цяпер адказная за развіццё бэйс-сцэны ў Менску, а таксама за скрыжаванне клубнай і хіп-хоп культуры гораду.
Пра «Мяне Няма», літаратурныя падкасты і моц аўтафікшану.
«Браджэнне» як метафара 2020-га і ўдалая назва для серыі работ, напісаных ва ўмовах лакдаўну.
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.
КАМЕНТАРЫ (1)
Хорошая статья