Не заўсёды трэба ісці ў лясную гушчу ці пушчу, каб пацярпець ад укусу незнаёмай жывёліны. На жаль, і ў каменных джунглях нашай краіны можна сустрэць неадэкватнага сабачку, які будзе вельмі рады цапнуць за нагу. Што рабіць і куды бегчы, калі на цябе напалі злыя зверы, – разбіраецца нашая пацярпелая рэдактарка. Лепей ведаць такія інструкцыі загадзя, каб было прасцей зарыентаваць у крытычным выпадку.
Гэта асабліва небяспечнае інфекцыйнае захворванне, выкліканае вірусам шаленства Rabies virus; узнікае пасля ўкусу заражанай жывёліны.
Інкубацыйны перыяд (перыяд ад укусу да пачатку захворвання) цягнецца ад 10 дзён, а ў сярэднім складае 30–50, у рэдкіх выпадках – больш за год. Чым далей месца ўкусу ад галавы, тым большы інкубацыйны перыяд. Асаблівую небяспеку ўяўляюць укусы ў галаву і рукі. Даўжэй усяго інкубацыйны перыяд пры ўкусе нагі. Вылучаюць 3 стадыі хваробы, і калі пачалася першая, то час пісаць перадсмяротныя лісты: смяротнасць складае амаль 100 %. Але ёсць і некалькі пазітыўных прыкладаў праз эксперыментальны «Мілуоцкі пратакол».
Калі на цябе нясецца дзіўны сабака ці зграя звар’яцелых катоў, а побач ёсць турнік-арэлі-плот, то можаш паспрабаваць заскочыць на іх. Калі ж ты ў голым полі, то лепей не рабіць рэзкіх рухаў, а ўсё ж такі паспрабаваць захаваць спакой. Гэта вельмі складана, але сваім бегам у нікуды, крыкам ці агрэсіяй ты можаш зрабіць яшчэ горш. (Калі нясецца дзікі воўк, то маліся або прыкінься мёртвым).
Прашараныя сабакаводы і кінолагі кажуць, што нельга паварочвацца спіной і вішчаць – гэта яшчэ больш раздражняе жывёліну. Паспрабуй зрабіць выгляд, што падымаеш нешта з зямлі, каб запусціць у «крыўдніка», або гучна і ўпэўнена сказаць, каб адваліў, ці паклікаць на дапамогу. Але ў рэальнасці можа ахапіць такі страх, што забудзеш, як цябе зваць, не кажучы пра захады бяспекі. Таму паспрабуй не рухацца рэзка, глыбока дыхаць і не глядзець у вочы.
Добра, калі побач ёсць палка ці іншы сродак самаабароны – стукні сабаку, але цаляй у горла, нос ці патыліцу – гэта аглушыць жывёліну і дасць час, каб уцячы. Ніколі не бей па лбе, толькі больш раззлуеш.
Калі жывёліна паваліла цябе на зямлю, найперш перавярніся на жывот, падцягні ногі ды закрый вушы. Спрабуй не крычаць і не рухацца.
Едзеш на ровары і чуеш лай – спыніся і выкарыстоўвай свайго металічнага сябра як шчыт.
Калі ёсць магчымасць апрацаваць рану, то гэта трэба зрабіць як мага хутчэй. Добры дэзынфектар – гаспадарчае мыла: палівай месца пенай ад яго ці націрай ім (залежыць ад глыбіні раны) некалькі разоў, мінімум 5 хвілінаў. Калі пашчасціла менш – залівай у дзіркі перакіс вадароду. Апрацуй рану ёдам і перавяжы. Але да ўсіх апрацовак дай крыві трошку выцечы, каб з ёй выйшла і зараза.
Відавочна, што не трэба адкладаць звароту да доктара. Калі можаш рухацца сам, гоў у бальніцу хуткай дапамогі, у кабінет рабіёлага ў траўмапункце. Калі пакусалі моцна, адразу вызывай хуткую. Яшчэ раз: звяртайся ў медычную ўстанову як мага хутчэй. Цягам мінулага года за аказаннем антырабічнай дапамогі ў арганізацыі аховы здароўя Беларусі звярнуліся 21338 чалавек, у тым ліку 666 чалавек – з прычыны кантакту з хворымі на шаленства жывёлінамі, 15569 чалавекам былі прызначаныя лячэбна-прафілактычныя прышчэпкі супраць шаленства. За апошнія 10 гадоў у Беларусі зарэгістраваныя ўсяго 5 выпадкаў захворвання са смяротным вынікам, але чым чорт не жартуе.
Вось гэта чытай двойчы, бо не заўсёды можаш атрымаць тое, што патрэбна:
− Доктар мусіць агледзець рану і апрацаваць яе пры дапамозе рыфампіціну − сухога антыбіётыка супраць шаленства (ці чагосьці падобнага) і накласці павязкі, якія нельга здымаць і мачыць суткі;
− Табе, хутчэй за ўсё, выпішуць антыбіётык. Звяртаем увагу: у камерцыйных аптэках могуць папрасіць рэцэпт, таму патрабуй яго адразу або рыхтуйся пабегаць па горадзе;
− У цябе мусяць запытаць усё пра выпадак: хто, дзе, пры якіх абставінах укусіў. Калі гэта здарылася ў горадзе, ідзі ў міліцыю (калі жывёліна хатняя) або шукай яе самастойна (калі бяздомная). Далей скажам, навошта.
− Табе мусяць зрабіць прышчэпку ад слупняка, калі яе не ставілі ў апошнія пяць гадоў.
− Дактары мусяць прапанаваць вакцынацыю ад шаленства. Калі цябе ўкусіла дзікая лясная жывёліна, раім пагаджацца адразу – шанец захварэць вельмі і вельмі высокі. Калі гэта быў хатні гадаванец або сабака, якога ты нярэдка бачыў на раёне, – не спяшайся калоцца.
Вакцына супраць шаленства – няслабы ўдар па імунітэце. Калоцца давядзецца цягам 90 дзён, паводле раскладу. Сёння робяць усяго 6 уколаў у плячо, а не 40 у жывот як раней. У гэты час і шэсць месяцаў пасля нельга перагравацца, пераахалоджвацца, відавочна, немагчыма рэлаксаваць у саўне, лазні ды прымаць гарачую ванну, бухаць і стамляцца. Шалёны звер не жыве больш за 10 дзён пасля таго, як захварэў. Таму, калі маеш магчымасць паназіраць за ім, – рабі. За гэты тэрмін ты не паспееш памерці, але, магчыма, зможаш зберагчы арганізм ад лішняга стрэсу.
Калі цягам гэтага часу адшукаць жывёліну не ўдалося або яна загінула выпадкова, – вырашай сам, ці трэба распачынаць курс. Пракансультуйся з медычнаю ўстановай, даведайся пра колькасць выпадкаў шаленства ў тваёй вобласці. Зразумела, што калоцца трэба абавязкова, калі жывёліна загінула ад хваробы. Пачынай вакцынацыю не пазней за 10-ы (максімум 14-ы) дзень пасля ўкусу, за гэтым звяртайся ў траўмапункт. У іншым выпадку вылечыць цябе не паспеюць. Сэ ля ві.
Расказваем, што табе можа быць за рэпост песенькі ва «ЎКантакце».
Калі табе ўжо ёсць 20, то траціна шляху да пенсіі пройдзеная.
Распавядаем, як удала балансаваць паміж офісным прыгонам і дармаедствам.
«Приём!» в твоем городе.
Новае гучанне – актуальныя тэмы.
«Сильное ранение, но наша история еще не закончена».