На постсавецкай прасторы пытанне іміграцыі заўсёды было актуальным. Асабліва на заходнім яе ўскрайку. Тут што да Варшавы, што да Масквы – аднолькава. А цягне маладых і амбітных менавіта ў Еўразвяз. Пануе меркаванне, што яны едуць за мяжу не па доўгі рубель (ён там не заўсёды такі), а па іншую прававую культуру, самарэалізацыю і ад гнёту саўка. Калі існуе праблематыка, то, вядома, з’яўляецца і мастацкі прадукт на гэтую тэму. Чым жа нашых вабіць Еўропа і чаго ад яе чакаць – даведаешся ў новым фільме беларускі Улады Сяньковай. А пакуль на стужку ідзе збор грошай, мы гутарым з рэжысёркай пра сёе-тое.
Ад педагагічнага дыплома да стварэння кіно
− У 16 чалавек наўрад ці гатовы ісці вучыцца на рэжысуру. Трэба мець нешта ў сабе. У 24 гэтага «ў сабе» таксама няшмат, але ўжо хоць неяк утрамбавана. Таму адразу пасля ўніверсітэта я пайшла ў кінашколу, і там ужо закруцілася. Падчас вучобы рабіла сцэнары сацыяльных кароткаметражак, працавала ў суаўтарстве. Мы нават бралі нейкія прызы на лакальных фестывалях. Зрабілі адзін пластылінавы мульцік – атрымалі ўзнагароды за яго ў Піцеры і Маскве на фестывалі нефармальнай адукацыі.
За пяць год дзейнасці як сцэнарыстка і рэжысёрка я зняла сем стужак, з якіх дзве – поўнаметражныя. Зараз шукаем грошы на восьмую, і гэта, дарэчы, не першы мой досвед краўдфандынгу.
Напрыклад, «Граф у Апельсінах» быў зняты за 2000 долараў маёй маці. Потым быў краўдфандынг на агучванне: 99 беларусаў і расіян дапамаглі сабраць патрэбную суму, і мы скончылі фільм. Ён ужо ўдзельнічаў у Маскоўскім кінафэстывалі 2016, кінафэсце ў Турцыі, у лістападзе паедзе ў Германію. У Беларусі быў пракат у Менску і некаторых абласных гарадах. Увосень плануем працягваць.
Міграцыя, грошы, усе справы
− Вельмі складана адказаць, як я стаўлюся да міграцыі маладых беларусаў у ЕЗ. Для гэтага і раблю AHAHA, які хутчэй адлюстроўвае і паказвае сітуацыю рознымі кутамі, а вырашаць ужо гледачу. Мне здаецца, што няма такога агульнага «лепш». Кожнаму сваё.
Без сумненняў, кіно ў першы год існавання пройдзе па фестывалях. Таму што зараз кінематаграфістам-пачаткоўцам можа дапамагчы знайсці сродкі на іх праекты толькі фестывальная гісторыя. А пасля плануецца масавы пракат. Калі краінай вытворчасці будзе Беларусь, то тут адразу пракат і зробім, як толькі фільм будзе гатовы. На дадзены момант шукаем фінансаванне. Як толькі з гэтым нешта высветліцца, адразу пачнем здымаць. У планах зняць кіно хутка, у ідэале хацелася б выпусціць стужку ўжо ў сакавіку наступнага года.
На Захадзе для аўтарскага кіно існуюць спецыяльныя фонды, якія вылучаюць грошы на культуру і мастацтва. І мэта гэтых фондаў не адбіваць інвестыцыі, а проста спрыяць развіццю нацыянальнай культуры. У адсутнасці такіх фондаў у нашай краіне і бачу самую вялікую праблему. У гэтым і толькі гэтым. Плюс да ўсяго, трэба развіваць гледача, а не кідаць тое, што яму падабаецца, падсаджваючы на шыла яшчэ больш. У Фінляндыі, напрыклад, людзі ходзяць у асноўным на аўтарскае кіно. Гэта таксама здарылася не само сабой. А ў нас адбываецца абалваньванне галівудскімі блокбастарамі ў палітычных мэтах, а потым мы скуголім, што аўтарскія фільмы не адбіваюцца. А што мы для гэтага зрабілі?
Падборачка маладых беларускіх жывапісцаў, якія дагэтуль не здраджваюць любімаму «жываку»
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.