На мінулым тыдні Менск накрыла фестывальная хваля «Паўночнага ззяння». Нягледзячы на імжу, і склізоту, і прыкрую золь, мы зганялі на лекцыю «Фон Трыер, Каўрысмякі, Андэрсан: у кожнага сваё кіно» Антона Доліна, кінааглядальніка, сінефіла, кінакрытыка. У кнігарні «Сон Гогаля» яблыку не было дзе ўпасці: поўны аншлаг ажно з чэргамі ля ўваходу. Эксперыментальным шляхам высветлілі: попыт на кінакрытыку афлайн расце як на дражджах! Чытай, што казаў Долін, у нашым канспекце.
Чым адметнае скандынаўскае кіно
Скандынавія – месца адметнай прыроды і клімату. У скандынаўскім кіно пейзаж грае асаблівую ролю. Гэта праяўляецца не толькі ў кіно, але і ў мастацтве наогул: напрыклад, у прозе Кнута Гамсуна або ў жывапісе Мунка.
У скандынаўскіх краінах не так шмат геніяў, таму кожны ўшаноўваецца асаблівым чынам. Культ Ібсэна або Стрындберга ў Скандынавіі значна мацнейшы, чым культ Мальера або Расіна ў Францыі ці нават культ Шэкспіра ў Англіі. Напрыклад, цэнтральная вуліца для шпацыру ў Осла выбрукаваная цытатамі з Ібсэна – людзі ідуць па гэтых цытатах. Стаўленне скандынаваў да сваіх геніяў перанеслася і на стаўленне да кінагеніяў, кінарэжысёраў.
Скандынавія – гэта заўсёды дэпрэсіўнасць і рамантычная меланхолія. Аднак у скандынаўскай парадыгме гэта спалучаецца з асаблівым вострым пачуццём гумару. Гэта сустракаецца ў творчасці і Стрындберга, і Ібсэна, і нават К’еркегора.
«Мне цяжка ўявіць камедыю, зробленую Таркоўскім»
Руская культура і асабліва рускае кіно эстэтычна блізкія скандынаўскай парадыгме. Таркоўскі і Звягінцаў – у чыстым відзе скандынаўскія рэжысёры, за выключэннем гэтага самага гумару. У рускіх геніяў яго няма. Мне цяжка ўявіць камедыю, зробленую Таркоўскім. У Скандынавіі без гумару немагчыма ўявіць рашуча нічога. Фільмы Бергмана поўныя гумару. Гэта пытанне не таленту, а ментальнасці.
У скандынаўскім кіно няма фашысцкай сегрэгацыі аўтарскага кіно для купкі снобскіх інтэлектуалаў і народнага кіно, якая ўласцівая і Расіі, і Італіі, і Францыі, і Амерыцы, і Германіі. У Капенгагене, напрыклад, Трыера ведаюць усе, як у СССР ведалі Алу Пугачову.
Ларс фон Трыер: гіпнатызёр, троль, юродзівы
Ларс фон Трыер – нашчадак двух галоўных скандынаўскіх геніяў: датчаніна Карла Тэадора Дрэера і шведа Інгмара Бергмана. Паводле легенды Бергман паспеў паглядзець першы і другі фільмы Трыера і пракаментаваў іх так: «Гэты хлопчык сам не ведае, наколькі ён таленавіты». Вядома, Бергман глыбока памыліўся, таму што Трыер усё пра сябе ведаў. Свой першы фільм ён зняў у 11 гадоў.
Трыер – галоўны правакатар сучаснага кіно. У большай ступені Трыер са сваімі правакацыямі, эпатажам і бясконцай самарэкламай, якая ўсіх страшна бесіць, – той, дзякуючы каму міф пра аўтарскае кіно і аўтара з вялікай літары «А» працягвае выжываць і існаваць.
Любімы кампазітар Трыера – Рыхард Вагнер. Музыка Вагнера не раз гучала ў яго фільмах: «Эпідэмія» агучаная ўверцюрай да оперы «Тангейзера», а ўся «Меланхолія» працятая ўверцюрай да оперы «Трыстан і Ізольда». Я лічу Вагнера родапачынальнікам аўтарскага кіно. Ён першы прыдумаў ідэю Gesamtkunstwerk – суцэльнага твора мастацтва. Да Вагнера не было такога, каб аўтар сам прыдумаў тэму, напісаў лібрэта і музыку, зладзіў кастынг выканаўцаў і дырыжораў. Трыер робіць тое ж самае ў кіно.
«Трыер кажа: “Фільм павінен быць падобны да каменьчыка ў боце”»
Трыер увесь час троліць гледача і выклікае ў яго рэакцыю. Ён змагаецца з камфортнасцю прагляду. Ад ролі гіпнатызёра Ларс паступова перайшоў да ролі юродзівага з фільма «Ідыёты».
Пачынаючы са стужкі «Рассякаючы хвалі», на галоўныя ролі карцін Трыера заўсёды прыходзяць жанчыны. Мужчына ў яго – носьбіт рацыянальнага пачатку, ідэаліст. Існуе павярхоўнае меркаванне, што Трыер – мізагін, ненавідзіць жанчын. У рэальнасці ўсё наадварот: самыя аўтабіяграфічныя персанажы ў яго – жанчыны.
У «Эпідэміі» Трыер кажа: «Фільм павінен быць падобны да каменьчыка ў боце». Гэта павінна быць нешта, што ты не можаш не заўважыць і што зробіць тваё жыццё нязручным.
Калі Трыеру споўнілася пяцьдзясят, ён напісаў маніфест, дзе паведаміў, што здымае з сябе ўсе абавязкі, не будзе заканчваць трылогію «ЗША» і больш ніколі не паедзе на Канскі фестываль – замест гэтага будзе здымаць непатрабавальнае кіно для Даніі.
Для Даніі Трыер зняў непатрабавальны фільм «Самы галоўны бос», які мала каму спадабаўся. Пасля гэтага ён злёг у лякарню з дэпрэсіяй.
Пасля ён зняў «Антыхрыст» і такі паехаў з ім у Каны, дзе быў жудасна асвістаны. У адказ на асвістанне Трыер заявіў, што ён лепшы рэжысёр на свеце. Калі наступны фільм «Меланхолія» ўсё ж такі спадабаўся народу, рэжысёр заявіў, што сімпатызуе Гітлеру, пасля чаго быў адлучаны ад Кан і выгнаны адтуль. Пасля гэтага ён абвясціў, што будзе здымаць пяцігадзінны порнафільм «Німфаманка» і перастане кантактаваць з людзьмі, – і паказальна заклеіў рот скотчам. У гэтым стане ён знаходзіцца і цяпер, здымаючы свой новы фільм «Дом, які пабудаваў Джэк», прысвечаны прыгодам маньяка-забойцы.
Трыер – сапраўдны н’юсмэйкер. Ён паступаў у кінашколу, будучы аўтарам трох раманаў. Ён хадзіў на абцасах, з нафарбаванымі вачыма і ў нацысцкім мундзіры, а таксама, лічачы сябе габрэем, наведваў сінагогу ў Шабат – да жаху сваіх бацькоў-камуністаў. Гісторыя яго жыцця падрабязна расказаная ў кнізе Нільса Торсэна «Меланхолія генія. Ларс фон Трыер. Жыццё, фільмы, фобіі».
Рой Андэрсан: «слэпсцік-Бергман»
У адрозненне ад досыць шкадлівага Трыера, Рой Андэрсан сарамлівы, не вельмі гаваркі і неверагодна ветлівы чалавек.
У англійскай прэсе Роя Андэрсана назвалі «слэпсцік-Бергман», гэтакім камічным Бергманам. Аднак нічога агульнага, акрамя краіны нараджэння, паміж імі няма. Хіба што пасля смерці Бергмана Андэрсан стаў рэжысёрам №1 у Швецыі. Як і многія іншыя, Андэрсан ненавідзеў Бергмана за тое, што апошні навіс чорным крылом над краінай і фактычна паралізаваў усіх, хто спрабаваў займацца кіно.
«Шведская гісторыя кахання» – першы фільм Андэрсана. Галоўны сюжэт – гісторыя кахання як пратэсту супраць бацькоў тынэйджараў, якія адразу закахаліся адно ў аднаго. Гэта Рамэа і Джульета, толькі без трагічнага фіналу. У Швецыі фільм меў каласальны поспех.
Калі Андэрсан кінуўся прыдумляць другі фільм, то стаў ахвярай «сіндрому другога фільма». Яго карціна «Гіліяп» правалілася. Доўгі час яе выкарыстоўвалі як кінакарыкатуру ў шведскім кіно – прыклад няўдалага і прэтэнцыёзнага фільма. У выніку правалу Рой Андэрсан не мог здымаць кіно ні фізічна, ні тэхнічна: не мог знайсці прадзюсара. Яму давялося прыняць прыніжальную для любога рэжысёра прапанову: зняць рэкламны ролік.
Тады Андэрсан вырашыў быць свабодным прынамсі ў рэкламе і прыдумаў свой стыль. Вынік быў неверагодны: на яго сыпаліся заказы лепшых вытворцаў малака, тэхнікі, а потым і партыі сацыял-дэмакратаў у Швецыі. Нарэшце, пабудаваўшы сваю ўласную кампанію па вытворчасці рэкламы праз дваццаць пяць гадоў пасля правалу «Гіліяпа», у 2000 годзе ён зняў свой трэці фільм «Песні з другога паверха». Гэтая стужка ўпершыню патрапіла на Канскі фестываль і атрымала прыз журы. Пасля гэтага Рой Андэрсан зноў становіцца фаварытам Швецыі, але да гэтага моманту яго ўжо ведаюць усе, дзякуючы рэкламным ролікам.
Стылістыка Андэрсана: антытрыер, раскадроўкі, кантрапункт
Усё адбываецца ў максімальна ўмоўным свеце: ніякіх канкрэтных прыкмет культуры і краіны. Чалавек і пейзаж зліваюцца разам.
Усе фільмы Рой здымае ў павільёнах.
Андэрсан кастынгуе сваіх персанажаў на вуліцы. У яго амаль няма прафесійных артыстаў. Ён знаходзіць іх ва ўнівермагах, падыходзіць да іх у рэстаранах і прапануе зняцца ў кіно. Паколькі яго ўжо ведаюць ва ўсёй краіне, адмаўляюць яму ўсё радзей.
«Фінляндыя – гэта радзіма рок-н-ролу і танга»
Камера ў Роя Андэрсана антытрыераўская. Калі ў Трыера камера амаль заўсёды трасецца, то ў Андэрсана яна не рухаецца. Ён ніколі не дазваляе сабе буйных планаў – планы ў яго заўсёды агульныя.
Андэрсан здымае фільмы без сцэнара. Замест сцэнара ў яго раскадроўкі. Дыялогі могуць быць вынікам імправізацый або гутарак з артыстамі. Па сутнасці, фільмы Андэрсана бліжэй да выяўленчага мастацтва, чым да тэатральнага або літаратурнага.
Музыка – гэта заўсёды кантрапункт: чым больш змрочна і жахліва тое, што адбываецца на экране, тым яна весялей. Пастаянны кампазітар Андэрсана – заснавальнік гурта ABBA Бэні Андэрсан.
Акі Каўрысмякі: паслядоўны ідэаліст
Акі Каўрысмякі, як і Трыер, падабаецца гуляць у дрэннае кіно. Некаторыя свае фільмы, напрыклад «Саюз Каламары» або «Ленінградскія каўбоі едуць у Амерыку», яму падабаецца называць горшымі на зямлі. «Я магу зняць горшы на зямлі фільм, але лайна я ніколі не здыму», – удакладняе Акі Каўрысмякі. Для яго існуе выразны падзел: кепскае кіно можа быць добрым, а сапраўднае лайно не мае шанцаў стаць добрым. Меланхолія і дэпрэсія спалучаюцца ў Каўрысмякі з гумарам і з гуманізмам.
Яго новы фільм «Адваротны бок надзеі» паказвае зацукраваную карціну рэальнасці. Гэта пазіцыя паслядоўнага ідэаліста, у адрозненне ад пазіцыі Трыера і Андэрсана, якія не вераць у светлую будучыню роду чалавечага.
«“Я магу зняць горшы на зямлі фільм, але лайна я ніколі не здыму”, – удакладняе Акі Каўрысмякі»
Для Каўрысмякі Фінляндыя – гэта радзіма рок-н-ролу і танга. Фінскае танга гучыць практычна ў кожным яго фільме.
У асноўным ён здымае ўрбаністычныя карціны, напрыклад «Юха» і «Арыэль»: там няма прыроды.
Цікава, што многія фільмы Каўрысмякі заканчваюцца адплыццём карабля ў адкрытае мора. Як мінімум у двух фільмах адплыццё суправаджаецца песняй з «Чараўніка краіны Оз»: гэта адплыццё ў бок ірэальнага, уяўнай краіны, куды імкнуцца ўсе героі Каўрысмякі.
За якімі скандынаўскімі рэжысёрамі трэба сачыць
Кароткаметражная аўтарская анімацыя ў нарвежскім кіно вельмі добрая. Нарвежскі кінарэжысёр Бэнт Хамер лічыцца лідарам, і яго вылучалі на «Оскар». У яго ёсць сімпатычныя (але не больш!) фільмы: «Кухонныя байкі» і «Фактотум».
У нарвежскім кіно цэнтральная фігура – Ліў Ульман. Яна здымалася ў Бергмана, і, трэба сказаць, акторка яна лепшая, чым рэжысёрка. На Таронцкім фестывалі па-за конкурсам паказвалі яе фільм «Фрэкен Юлія», але ён адышоў у нябыт, і, напэўна, не без прычыны.
У Ісландыі выдатныя рэжысёры – Фрыдрых Тор Фрыдрыксан, Бальтазар Кормакур і Грымур Хаконарсан, аўтар стужкі «Бараны».
Шведскі кінарэжысёр Рубен Эстлунд рухаецца ў бок Ханэке. На сённяшні дзень ён рэжысёр другога шэрагу, але вельмі таленавіты і яркі. Ёсць і іншыя таленавітыя шведы: Томас Альфрэдсан, Лукас Мудзісан і Ласэ Хальстрам, які зняў усе кліпы ABBA. У Швецыі з кіно ўсё ў парадку.
Як Долін стаў сінефілам
Я не быў сінефілам з дзяцінства. Маё дзяцінства прайшло за кнігамі, а ў апошніх класах школы я быў тэатралам. Ужо ў інстытуце я бегаў на «Гарбушку» па касеты з самадзейна запісаным кіно. Планаў стаць кінакрытыкам у мяне не было. Маім захапленнем была рок-музыка, а вучыўся я на філфаку. Але з часам любоў да кіно пераважыла.
«У Швецыі з кіно ўсё ў парадку»
Трыер, Таранціна, Альмадовар, Грынуэй, Лінч – рэжысёры 90-х, якія прымусілі мяне палюбіць кіно па-сапраўднаму моцна. «Твін Пікс» паўплываў на мяне каласальна. Магчыма, я не быў бы кінакрытыкам, калі б выпадкова не паглядзеў «Твін Пікс» або выпадкова не апынуўся на фільме «Рассякаючы хвалі», таму што квіткі на «Кухар, злодзей, яго жонка і яе палюбоўнік» ужо скончыліся. Фактычна гэта справа выпадку.
Фота by Dasha Sapranetskaya & Ігар Чышчэня
Паўгадзіны лагоднай электронікі, якая толькі распальвае апетыт да жыцця, дабра і ўсяго такога.
Коткі, сабакі, слімакі і лоры ведаюць пра гэтае жыццё больш, чым ты думаеш. Па ветлівай просьбе 34mag яны зрабілі ласку адсыпаць па дробцы мудрасці.
Як каманда Buzzit стварыла велапляцоўку без падтрымкі дзяржавы, але дзяржаве гэта не спадабалася.
«Дыскатэка для самотнага сацыяпатычнага нарцыса з заніжаным эга».
Новыя выклікі ад ШІ-навінак і карысных платформ.