У аматараў немэйнстрымнага белліту з’явілася яшчэ адно выдавецтва
- Рубрыка: УЛОЎ
- 23.09.2024
- 3088
Літаратары Андрэй Дудко і Павел Анціпаў адкрылі выдавецтва «Лысы чэрап». Галоўная мэта – па невысокіх коштах пастаўляць беларусам і беларускам якасную літаратуру, якую абмінулі ўвагай камерцыйныя выдавецтвы.
«Лысы чэрап» – выдавецтва без склада, крамы і тураў па кірмашах. Кнігі тут будуць выходзіць толькі па перадзамовах, і каманда выдавецтва зарабляць на іх не плануе: макет, рэдактуру, карэктуру і дызайн будуць рабіць бясплатна. Андрэй Дудко кажа, што ініцыятыву можна параўнаць з андэграўндным музычным лэйблам, які робіць мікранаклады на касетах для невялікага кола зацікаўленых людзей.
Зараз збіраюць грошы на выданне другога рамана Канстанціна Сцешыка «Каждый охотник». «Гэта шчыльнае чытво, сапраўдны магічны рэалізм. Такога ніколі не было ў беларускай літаратуры і яшчэ доўга не будзе. Спяшайцеся перадзамовіць, бо неўзабаве кніжка стане бібліяграфічным рарытэтам», – заахвочвае выдавец. Першы раман беларускага драматурга «Сердце горбуна» выходзіў накладам 150 экзэмпляраў у 2022 годзе. Менскім тэатралам Канстанцін Сцешык дакладна вядомы па спекталі «Камень дурасці», што ідзе ў РТБД.
– «Лысы чэрап» нарадзіўся як жарт, – тлумачыць Андрэй Дудко. – Мне патрэбна было лога фэйкавага выдавецтва, калі я выдаваў самвыдатам свае творы, бо іх стала немажліва выдаваць нават на пляцоўках самвыдату кшталту Ridero. Пэўна, за гэтым стаяць нейкія непрыстойныя матывы, але я ўжо забыў пра гэта. Назва сведчыць, што мы адкрытыя вясёлыя людзі, а не якія-небудзь мухаморы з надзьмутымі шчокамі, як лепрай кранутыя ханжаствам ды снабізмам. Гэта каб прыцягнуць такіх жа.
Замаўляць кнігі «Лысага чэрапа» прапануюць праз платформу Ko-Fi. Сачыць за новымі анонсамі выдавецтва зручна ў тэлеграме.