Не толькі Patreon: на якіх пляцоўках можна манетызаваць свой кантэнт?
- 13.02.2025
- 117
Калі адчуваеш, што за твой кантэнт ужо гатовыя плаціць самі яго спажыўцы (прынамсі калі-нікалі закідваць манетку «на каву»), можаш не толькі наладзіць данаты праз сэрвісы, дзе той кантэнт выкладаеш. Раім пашукаць шчасця на адмысловых пляцоўках, якія прапануюць зручныя інструменты, каб атрымліваць рэгулярныя ці сітуатыўныя плацяжы, прадаваць лічбавыя тавары, атрымліваць зваротную сувязь і нават знаходзіць новых прыхільнікаў ды прыхільніц. Распавядаем пра асаблівасці, перавагі і недахопы розных варыянтаў.
Patreon
Пэўна, самая шырокавядомая платформа, дзе можна сабраць людзей, якім падабаецца тое, што ты робіш, і атрымліваць ад іх данаты, падаграваючы цікавасць патронаў (так на Patreon завуцца тыя, хто данацяць) кантэнтам, створаным адмыслова для іх, пад замок.
Patreon запусцілі ў 2013 годзе Джэк Контэ і Сэм Ям. Першы зарабляў на жыццё музыкай і хацеў здабыць фінансавую свабоду, другі, валодаючы навыкамі праграмавання, ведаў, як гэта зрабіць. Ідэя была ў тым, каб не залежаць ад лэйблаў і пляцовак, рэклама- ці грантадаўцаў, а шукаць падтрымкі напрамую ў аўдыторыі. І гэтая ідэя вельмі зайшла – па пракладзенай дарожцы цяпер спрабуюць ісці многія крыэйтары.
Для патронаў на Patreon можна ствараць розныя ўзроўні падтрымкі на розныя сумы, прапануючы бонусы: напрыклад, ранейшы доступ да кантэнту, чым на адкрытых пляцоўках; дадатковыя эпізоды/тэксты/бэкстэйдж; бонусныя выпускі; доступ у закрытыя чаты; удзел у розыгрышах (напрыклад, 34travel рэгулярна разыграе розныя цікавыя рэчы); падарункі; нейкія паслугі; магчымасць паўдзельнічаць у тваім праекце і гэтак далей.
Таксама Patreon можна выкарыстоўваць як краму і прадаваць праз яго канкрэтныя рэчы: ад забрэндаваных маек да навучальных курсаў. Нейкія штукі можна ўкідваць і бясплатна, каб нагадваць патронам пра сябе (галоўнае, вядома, каб яны пасля напаміну не захацелі ад цябе адпісацца).
Карыстацца Patreon можна бясплатна, але пляцоўка забірае камісію – ад 5% з даходу.
+ Усё інтуітыўна зразумела. Многія людзі выкарыстоўваюць платформу, падтрымліваючы праекты, якія ім адгукаюцца. А калі чалавек ужо зарэгістраваны і практыкуе «патранаж», то яму не складана падпісацца на нешта яшчэ.
- Платформа практыкуе схаваныя плацяжы, так што можна адшпільваць і 10% даходу, і больш. Кам'юніці з патронаў не фармуецца.
Buy Me A Coffee
Платформа зробленая амаль як Patreon, але з больш цукерачным дызайнам і без неабходнасці для прыхільнікаў і прыхільніц рэгістравацца, каб заданаціць грошы. А часам хуткасць данату – сапраўды вырашальны фактар.
Назва нібы намякае, што падтрымліваць крыэйтара(-ку) тут трэба аднаразовымі ўліваннямі ўмоўнай кавы – дарэчы, уладальнік(-ца) старонкі можа абраць замест кавы піва, піцу ці кнігі. Пры гэтым прыхільнік(-ца) вырашае, колькі кубкаў за раз гатовы(-ая) плюхнуць. Можна рабіць гэта і на рэгулярнай аснове, калі націснуць адпаведную галачку.
Данатарам можна прапанаваць розныя схемы падтрымкі і ўдзелу ў тваёй творчасці. Ёсць асобная ўкладка для крамы, каб прадаваць лічбавыя прадукты, зум-сазвоны, квіткі на івэнты, фізічныя рэчы з дастаўкай і што табе яшчэ заманецца. Платформа забірае свае 5% з кафейніка + нешта абавязкова пакіне сабе плацёжны працэсар.
+ Зручна для тых людзей, якія хочуць падтрымаць у моманце: чалавек паглядзеў, напрыклад, ютуб, яму спадабалася, захацелася аддзячыць стваральніку(-цы) – набыў(-ла) «каву».
- Даволі абмежаваныя магчымасці ўзаемадзеяння з тымі, хто данаціць. Штомесячную падтрымку наладзіць складаней.
Ko-Fi
Ko-Fi – яшчэ адна зручная платформа для хуткіх чаявых за тваю дзейнасць. Данатары могуць падтрымліваць грашыма і сачыць за абнаўленнямі аўтарскай старонкі. Абнаўляць старонку можна нататкамі ў блогу, тэматычнымі альбомамі ці адмысловым падзамочным кантэнтам для пастаянных прыхільнікаў. Пры гэтым дадатковы кантэнт тут выглядае менш абавязковым, чым на Patreon, дзе табе даводзіцца пастаянна нешта выдумляць – бо інакш навошта чалавеку штомесяц марнаваць грошы на падпіску?
На Ko-Fi можна арганізаваць збор пад канкрэтную мэту: напрыклад, набыць новы мікрафон ці надрукаваць зін. Суперкласна, што Ko-Fi не абкладае данаты сваім адсоткам, а рахунак папаўняецца не штомесяц, як на Patreon, а з кожнай аперацыяй, як на Buy Me А Coffee. Прымаць плацяжы можна праз Stripe ці Paypal. Гэта адназначна суперзручны варыянт у якасці дадатковага «гасцінца» за кантэнт, які ты посціш у сацыяльных сетках ці на іншых пляцоўках.
Аднак, у адрозненне ад Patreon і Buy Me A Coffee, у гэтай платформы няма апак для iOS і Android.
+ Без камісій сэрвісу.
- Аналізаваць аўдыторыю і неяк менеджарыць яе актыўнасць тут таксама не тое каб атрымаецца.
Medium
Для тых, хто піша і зарабляе (ці хоча зарабляць) на тэкстах. Medium – гэта зручная і сімпатычная пляцоўка пад блогі, на якой можна дзяліцца сваімі ведамі і прыгажосцю мастацкага пісьма, збіраючы вакол сваіх тэкстаў удзячную аўдыторыю. Сапраўды ўдзячную – бо на Medium тусуюцца людзі, якія хочуць і любяць чытаць (праўда, пераважна па-англійску, але не толькі).
Карыстальнікі Medium каментуюць запісы адно аднаго, дзеляцца імі, а яшчэ ў аўтараў ёсць магчымасць рабіць рэгулярную рассылку для тых, хто іх фолавіць.
У пэўны момант да ўсяго іншага функцыяналу Medium дадалася і магчымасць манетызаваць сваё пісьмо. Праўда, сама платформа паведамляла, што толькі 9% блогераў Medium зарабляюць больш за $ 100 у месяц. Але прынамсі як дадатковую вітрыну для тэкстаў разглядзець яго варта.
+ Зручна збіраць аўдыторыю і падтрымліваць з ёю сувязь. Тэксты ў Medium выглядаюць акуратна і стылёва.
- На машыну тут пакуль не заробіш.
Substack
Пацікавіцца Substack варта хаця б таму, што ім карыстаюцца пісьменніцы ўзроўню Маргарэт Этвуд («Расказ служанкі») і Элізабэт Гілберт («Еж, маліся, кахай»). У першую чаргу платформа арыентаваная на людзей, якія пішуць, але магчымасці для заробку тут ёсць і для тых, хто працуе з іншымі медыумамі: музыкай, падкастамі, відэа, даследаваннямі.
На Substack, як і на іншых пляцоўках, можна стварыць розныя ўзроўні падпіскі, прапануючы бонусы. Але ёсць і свая класная асаблівасць: матэрыялы, якія публікуюцца ў профілі, дастаўляюцца наўпрост у электронныя скрыні чытачоў – а выглядае на тое, што колькасць аматараў рассылкі ў эпоху хаатычных сацсетак будзе расці.
На Substack можа быць складана сабраць аўдыторыю з нуля, але калі ў цябе ўжо ёсць пошты тваіх фанаў – справа за малым. Гэтая платформа дакладна дапаможа канвертаваць чытацкую любоў у грошы, калі тваімі тэкстамі людзі ўжо зачытваюцца і чакаюць іх.
+ Усталёўваецца кантакт па электроннай пошце.
- Высокая камісія – 10%, а да гаманца аўтараў даходзіць у сярэднім 86%.
Gumroad
Gumroad – гэта гандлёвая платформа, аднак прадаць на ёй можна не толькі фізічную рэч, але і комікс у pdf-цы, 3D-мадэльку, курс па самаразвіцці, ёга-трэнінг, апку для смартфона, сяброўства ў закрытым экспертным чаце, зум-кансультацыю – ды што заўгодна. Стварыць лічбавую вітрыну досыць лёгка. Можна прыдумляць розныя цэннікі з рознымі ўмовамі.
Платформа не спаганяе штомесячных камісій, але з даходу давядзецца аддаваць Gumroad 10%. Файны плюс у тым, што хтосьці можа знайсці твой прадукт і не па наўпроставай спасылцы, а проста блукаючы па маркетплейсе ў пошуках неабходнага яму тавару – праўда, з такіх пакупак пляцоўка забірае ажно 30%.
Калі ты ствараеш фізічныя артовыя штукі, то пакупнікоў з большай імавернасцю знойдзеш на Etsy. Гэта паўнавартасны арт-крафт-кірмаш з вялізнай аўдыторыяй, якая прыходзіць сюды мэтанакіравана па нейкія арыгінальныя рэчы.
+ Зручная лічбавая вітрына.
- Гэта ўсяго толькі крама.
Kickstarter
Kickstarter вядомы як пляцоўка, якая дае праекту штуршок (ці чароўны выспятак, як заўгодна) на старце. Але можна выкарыстоўваць яго і для падтрымкі творчага праекта на любой стадыі і ў любой сферы: графіка, журналістыка, відэа, музыка, гульні, тэхналогія, ежа ці нешта яшчэ. Паколькі на Kickstarter аўтар(-ка) кампаніі атрымлівае «ўсё або нічога», тут можа атрымацца чароўная гісторыю пра тое, як людзі зліваюцца ў адзіным парыве ў жаданні падтрымаць кантэнт, які ім падабаецца. Талака – класны барометр, які паказвае, наколькі чыясьці творчасць патрэбная людзям і ці гатовыя яны за яе плаціць, а таксама дазваляе ўвайсці ў канцэнтраваны «дыялог» з аўдыторыяй, пакуль цягнецца прасоўванне збору.
Вядома, для краўдфандынгу можна выкарыстоўваць і іншыя пляцоўкі. Усе яны бяруць свае камісіі. Ёсць сярод іх і платформы, дзе не абавязкова сабраць усю суму, каб грошы залічылі на твой рахунак, а не вярнулі адпраўшчыкам. Але эфект «усё або нічога» мае свае перавагі і энергію.
Калі хочаш паспрабаваць краўдфандынг і твая ідэя знаходзіцца не ў сферы культуры, а ў сферы тэхналогій, разгледзь як варыянт Indiegogo. Гэтая пляцоўка дазваляе абіраць паміж фарматамі «ўсё або нічога» і «столькі, колькі ёсць».
Калі патрэбныя прафесійныя рэкамендацыі наконт таго, як паспяхова закрыць праект на краўдфандынгу і якія лоты можна прапанаваць за падтрымку, рэкамендуем паслухаць тэматычны выпуск падкасту «Трэба спрабаваць».
+ Kickstarter можа класна спрацаваць у сітуацыі, калі трэба сабраць суму пад пэўную задачу. Напрыклад, запісаць чарговы сезон падкасту.
- Не падыходзіць для пастаяннай падтрымкі.
***
Варта, вяядома, спрабаваць розныя пляцоўкі, і нішто не замінае іх камбінаваць. Можна прапанаваць прыхільнікам пастаянную падтрымку з бонусамі, пакінуць магчымасць хуценька пачаставаць кавай, выставіць які-небудзь мастрэпіс у краме, а для нейкай часткі праекта задзейнічаць талаку. Галоўнае – улічваць свае магчымасці і вылучаць час на працу з пляцоўкамі, каб падтрымліваць у профілях парадак і жыццё. А так – яны ж есці не просяць, чаму б не патэсціць?