Сямю хлябамі: новае месца на Кастрычніцкай ад Улада Луневіча

  • 23.10.2018
  • Аўтар: 34mag
  • 7714

На вуліцы Кастрычніцкай у гэтую пятніцу адкрываецца новае месца ад Улада Луневіча і ягонай каманды. Яно называецца Let it be і, на задуму стваральнікаў, абяцае не толькі накарміць усіх сямю хлябамі і здаволіць смагу віном, але і дадаць у жыццё гараджанаў трохі радасці ды шчасця. Слова Уладу Луневічу.

 

 Пра інтэр'ер і канцэпцыю 

– «Хлеб, віно, жыццё» – такі слоган Let it be, і гэта быццам бы проста і зразумела. Але ўсю гэтую бачную лёгкасць у інтэр'еры ствараць было складана. Трэба, каб нішто не адцягвала ўвагі людзей, каб ім было проста. Для нас гэты інтэр'ер рэвалюцыйны, бо мы прывыклі да цёмных тонаў, і, калі нам са студыі Zrobym architects высылалі нейкія рэндэры, мы думалі: «Хм, неяк занадта светла». Потым усё ж зразумелі, што гэтае месца больш пра атмасферу, пра пазітыў, пра шчасце, а не пра тое, што мы тут падаем хлеб ці нешта яшчэ.

 

 

 Мукі стварэння 

– Для нас гэта дастаткова вымучаны праект. Мы вельмі доўга, амаль тры гады, усё гэта будавалі, уся Кастрычніцкая бачыла, як гэта адбывалася. Галоўны аб'ект, вакол якога створаная гэтая ўстанова, – гэта наша пякарня. Так доўга гэта будавалася, бо наш будынак – гістарычная каштоўнасць, трэба было, па сутнасці, займацца рэстаўрацыяй. Плюс, вядома, трэба выконваць усе нашы жорсткія беларускія нормы: напрыклад, калі ў цябе няма цэху для апрацоўкі яек, значыць, ты не можаш адкрыць паўнавартасную пякарню.

Уся пякарня – гэта вялікая кухня Let it be: у нас ёсць цэх, які рыхтуе канкрэтныя стравы на аснове нашага хлеба – мы іх называем тосты. Іх будзе некалькі відаў, тосты будуць прадавацца па 9–12,5 BYN.

Круасаны, пашцейшы, пончыкі таксама будуць, але крыху пазней.

Увесь хлеб, на аснове якога робяцца стравы нашай кухні, усю выпечку можна будзе браць на вынас: мы спецыяльна зрабілі ў інтэр'еры такой праход ад дзвярэй да бара, каб чалавек, які хоча паесці ў іншым месцы, мог проста зайсці, разлічыцца на касе і сысці са сваім багетам.

Пякарня ўжо забяспечвае ўсе нашы ўстановы хлебам (напрыклад, булачкамі для бургераў у ENZO) і дэсертамі, але неўзабаве мы будзем выходзіць на ўвесь горад. Як ні дзіўна, гэтая ніша дагэтуль амаль вольная, у Менску вельмі мала пякарняў.

Калі мы выйдзем на тыя аб'ёмы, якія плануем, то пякарня будзе працаваць кругласуткава. Пакуль у гэтым няма неабходнасці, бо ўсё паспяваем зрабіць за дзень. Сама ж установа Let it be будзе працаваць з 08:00 да 22:00.

 

 

 Пра віно і каву 

– У Let it be будуць самыя даступныя цэны на віно з усіх нашых устаноў: 8–10 BYN за келіх. Наш самелье Арцём Хаміцэвіч склаў вінную карту, якая паказвае разнастайнасць усіх стыляў віна ад правераных вытворцаў.

З нагоды кавы: самае дарагое кававае абсталяванне з усіх нашых устаноў стаіць тут. У першы час у нас не будзе альтэрнатыўных метадаў заварвання, але ўжо праз 2–3 тыдні пасля старту мы дадамо «альтэрнатыву». Мы шмат ездзілі на дэгустацыі ад менскіх абсмажчыкаў, у выніку спецыяльна пад нас Kitchen Coffee Roasters прывезлі класную Эфіопію. Увогуле, тут будзе і кававая дзвіжуха, будзем мяняць гатункі, і пра каву гаварыць таксама тут будзем шмат.

 

 

 Пра гасцей і любоў да сняданкаў 

– Я бачу, што тут мае быць шумна, тут можна будзе з кімсьці пагутарыць, прычым не толькі з людзьмі са свайго атачэння.

Па нашых установах мы бачым, што нават пасты аб сняданках у сацсетках збіраюць найбольшы ахоп за год, бо людзям падабаецца ідэя сняданкаў па-за домам, гасцям падабаецца, калі сняданкі можна заказваць цэлы дзень.

У нас ужо пытаюцца, маўляў, а сняданкі ў вас будуць? А ў нас, па сутнасці, толькі сняданкі: на прапрацоўцы меню было сем страваў, з іх пяць з амлетам, скрэмблам і яйкам пашот.

 

 

 Пра яшчэ адно новае месца 

– Праз месяц-паўтара мы плануем адкрыць на Кастрычніцкай яшчэ адно месца. Спецыяльна для яго мы замовілі дроўную печ з Італіі. Будзем рабіць піцу, але гэта дакладна не будзе «піцэрыя» ў тым сэнсе, як гэта разумеецца ў Менску. Мы хочам улезці ў тэму неапалітанскай піцы – аднаго памеру, з класным цестам, з класнымі прадуктамі. Там будзе паўнавартаснае меню, будзе гісторыя з пеністымі вінамі, будзем рабіць на іх кактэйлі. То бок гэта pizza place, але ў ім будзе не толькі піца.

 

 

Let it be

Адрас: вул. Кастрычніцкая, 23а

З 08:00 дa 22:00

Instagram

 

 

Фота: palasatka