Уладзімір Булаўскі

  • 19.11.2015
  • Аўтар: 34mag
  • 2673

Сёння гутарым з узорным актывістам Уладзімірам Булаўскім пра адукацыйныя ініцыятывы прасторы vitebsk4me, працу незалежнага прамоўтара і тое, чаму культурнае жыццё Віцебска – гэта ўдалы прыклад супрацоўніцтва з дзяржавай.

 

 Герой:  Уладзімір Булаўскі, 29 гадоў. Каардынатар грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!». Актывіст прасторы vitebsk4me і арт-прасторы «Талстога, 7», арганізатар культурніцкіх падзей. Мае гістарычную адукацыю.

 Чым займаецца:  Стварэннем і развіццём віцебскай гарадской культуры.

 

Сайт    FB    VK

Арыгінальная дата публікацыі – 19.11.2015. Матэрыял выходзіць з невялікімі праўкамі, якія дазваляюць зразумець, як мяняўся герой і яго актывізм праз гады.

 

 

 Гісторыя Вовы 

– Ведаеце выраз пра шыла ў адным месцы? Вось гэта пра мяне сказана. Нейкая актыўнасць, энергія, як мне здаецца, у кожнага чалавека ёсць ці не ад пачатку, іншая справа – здольнасці, хоць і гэта можна развіць ды напоўніць пэўным зместам, скіраваць у патрэбным напрамку. Канешне, я па сабе мяркую. Я з юнацтва хадзіў у музычную школу, ездзіў у лагеры ў якасці важатага, яшчэ нешта рабіў. У 2001-м трапіў у тэатральны гурток, створаны для абароны дыплома Аляксандрам Андрыенкам, які выпусціўся з Акадэміі мастацтваў і граў у Коласаўскім тэатры. Пасля гэтага Саша перадаў нас Свеце Бень, у яе быў невялікі лялечны тэатр. У тыя часы ў нас было памяшканне, дзе, я так думаю, праз культавасць асобы Светы ўвесь час тусаваліся розныя цікавыя людзі: Саша Веледзімовіч, Воўка Плюмбум. І такім чынам усё неяк і пачалося, а зараз мая актыўнасць – гэта ўжо натуральны ход падзей.

Цяпер у мяне некалькі напрамкаў дзейнасці: у мяне ёсць індывідуальнае прадпрыемства, разам з тым я навуковы супрацоўнік Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва, таксама я каардынатар ГКК «Будзьма беларусамі!» па Віцебскім рэгіёне і адзін з тых людзей, якія актыўна развіваюць культурніцкую прастору vitebsk4me.

«Vitebsk4me для мяне ў першую чаргу – ідэя, а не супольнасць людзей ці нейкая арганізацыя»

 

 

«Паспрабаваўшы сябе ва ўсіх сферах дзейнасці, ад бізнэсу да дзяржаўных устаноў, я магу сказаць, што адносіны і камунікацыя паміж імі – звышскладаная рэч»

 Што такое vitebsk4me? 

– Vitebsk4me для мяне ў першую чаргу – ідэя, а не супольнасць людзей ці нейкая арганізацыя. Акром таго, на сённяшні дзень v4m – гэта яшчэ і сайт, на якім мы адлюстроўваем сваю дзейнасць і пішам пра гарадскую культуру. Ідэя зрабіць Віцебск лепей з кожнай падзей, ідэя паказаць, што актыўныя людзі могуць рэалізоўваць сябе тут. Усіх людзей, якія працуюць сёння побач са мной, у тым ліку і на v4me, я ведаю даўно: напрыклад, Віталя Броўку, Рамана Воранава ці Ігара Юхневіча. Проста тады (прыкладна 2006 год) мы рабілі нейкія рэчы адасоблена, кожны развіваўся ў сваім кірунку, хоць і ведаючы адзін пра аднаго.

Прыблізна ў той час у мяне быў перапынак у маёй актыўнасці, бо я з’ехаў вучыцца ў Менск. Я правёў там тры гады і з розных прычынаў вярнуўся ў Віцебск у 2010 годзе. Ужо ў 2012-м я актыўна пачаў рабіць падзеі ў горадзе супольна з хлопцамі і дзяўчатамі ў vitebsk4me. Сёння v4me – гэта культурніцкі сацыяльны адукацыйны праект для моладзі, пляцоўка, дзе яны могуць рэалізоўваць сябе і пераўтвараць у жыццё свае ініцыятывы. На мой погляд, нашая прастора, ці, калі дакладней, людзі, якія тут нешта робяць, шмат даюць гораду. Віцебск можа ганарыцца тым, што ў нас ёсць рэальная супраца з уладамі: напрыклад, ужо другі год запар мы робім «Кірмаш праектаў» напярэдадні свята горада, пасля гэтага прапанаваныя праекты і мерапрыемствы афіцыйна ўключаюцца ў праграму гарадскіх святаў. Асобны пункт, варты ўвагі: паводле маіх уласных назіранняў, шмат людзей вяртацца сюды ці то пасля вучобы, ці проста з іншых гарадоў, дзе яны жылі, і насычанае культурнае жыццё – адна з істотных прычын для гэтага.

Гарадская культура і горад – аб’екты нашай працы. Я размаўляю з рознымі людзьмі з розных гарадоў і магу ўпэўнена сказаць: тое, што мы робім у Віцебску, закранае прынцыпова розныя ўзроўні, вырашае праблемы, у параўнанні з іншымі рэгіёнамі. Я схільны назваць гэтыя дзеянні стратэгіяй, пэўным бачаннем таго, што рабіць далей. Такі ўмоўны план дазваляе рабіць не бессістэмныя аднадзённыя рэчы, але комплексныя праекты і доўгатэрміновыя працэсы. То-бок для мяне гэтая розніца становіцца відавочнай у гутарках з іншымі арганізатарамі ці актывістамі, бо мне здаецца, што мы проста размаўляем пра розныя рэчы.

Мы праводзілі буйнейшыя адукацыйныя мерапрыемствы: курс камунікатыўнага  дызайну, курс менеджараў у сферы культуры і арт-падзей Lumini, курс менеджараў гісторыка-культурнай спадчыны Interhistory. Чагосьці падобнага раней проста не было: мы прывозілі прафесійных выкладчыкаў, спецыялістаў у сваёй сферы з Беларусі і з-за мяжы. Амаль усе лекцыі былі адкрытымі і бясплатнымі. Гэта неверагодны шанец атрымаць рэдкія і карысныя веды. Дзякуючы гэтым праектам мы выпусцілі ў свет адукаваных і падрыхтаваных да рэальнай працы людзей, у якіх ёсць неабходныя веды і досвед. Практычным вынікам курсаў можна лічыць той факт, што ўласныя ініцыятывы студэнтаў ужо колькі год запар рэалізуюцца ў межах розных гарадскіх мерапрыемстваў і святаў.

Сёлета мы працягваем займацца нефармальнай адукацыяй прагрэсіўнай моладзі. Нядаўна ў нас прайшоў курс па новых медыя. Таксама мы ладзім серыю  прэзентацый праектаў ад ініцыятываў моладзі і грамадзкіх арганізацый, якія хочуць зрабіць гэты горад лепей.

1 красавіка мы другі раз правялі «Грамадскі фуршэт» – гарадзкую прэмію, якая прысуджаецца па выніках апытанкі, бо толькі актыўныя жыхары павінны вырашаць, хто варты, а хто не ўдзячнасці за зробленыя справы. Лаўрэатамі сталі фестываль «Картонка» https://34mag.net/post/kartonka-fest, фестываль Sprava, курсы «Мова нанова Віцебск», навукова-папулярныя лекцыі «Навука па-за сабой», грамадскае аб’яднанне «Дзіцячай актыўнай рэабілітацыі», арт-паб Torvald, бізнэсвуман Наталля Кавалёва і іншыя выбітныя людзі і ініцыятывы.

У 2019-м мы рыхтуем шэраг агульнагарадскіх маркетаў і фэстаў, што мы робім традыцыйна ў супрацы з гарвыканкамам. І плануем пашырацца на ўсю вобласць. Бо можам.

 

 

 Бізнэс і дзяржава 

– Я зарэгістраваў ІП, якое дазваляе мне больш свабодна (у сэнсе, не напружваючы іншых людзей) займацца арганізацыяй канцэртаў і падзей. Я арганізоўваў у Віцебску выступы гуртоў Nizkiz, «Серебряная свадьба», «Дай Дарогу», «НейроДюбель», :B:N, «Сцяна», NAVI, Дзімы Іванова з «Адыс-Абебы», а таксама мясцовых каманд. У іншых гарадах – Бабруйску, Магілёве, Наваполацку, Оршы – я рабіў канцэрты для AKUTE, для якіх я таксама зладзіў тур па Украіне. У асноўным гурты самі звяртаюцца з прапановай выступу, але часам і я выказваю свае пажаданні, калі адчуваю настрой аўдыторыі.

З восені 2015-га я працую на палову стаўкі як навуковы супрацоўнік ва УК «Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва». Гэта мой другі сур’ёзны досвед работы ў дзяржаўнай установе – пэўны час я выкладаў гісторыю ў школе. Мы супрацоўнічалі дастаткова доўга: для v4me мы карысталіся пляцоўкамі цэнтра, таксама рабілі нейкія супольныя падзеі. На мой погляд, ВЦСМ у Віцебску сёння – даволі адкрытая ўстанова, тут гуртуецца ў тым ліку і віцебская творчая моладзь. Я адчуваю не толькі патрэбу змяняць, рабіць нешта карыснае і цікавае, але і бачу напрамкі, перспектывы. Асноўная база, пляцоўка, якой я магу карыстацца, – Арт-прастора на Талстога, 7. Менавіта такім чынам, прапанаваўшы план дзеянняў і магчымасцяў, якія чакаюць музей наперадзе, я атрымаў гэтую працу.

«Гарадская культура і горад – аб’екты нашай працы»

Паспрабаваўшы сябе ва ўсіх сферах дзейнасці, ад бізнэсу да дзяржаўных устаноў, я магу сказаць, што адносіны і камунікацыя паміж імі – звышскладаная рэч. І наўрад ці я да канца гэта разумею. Для пачатку, як мне здаецца, трэба наладзіць унутраную камунікацыю ў саміх установах. Зараз я гэта разумею і востра адчуваю, бо мы, як супрацоўнікі музея, не ведаем, што адбываецца ў суседняй інстытуцыі. Ну і канешне, у дзяржаўных установах усё часта залежыць ад рашэнняў аднаго пэўнага чалавека, і час ад часу ты не разумееш, чым ягоныя рашэнні матываваныя, а тлумачыць табе гэтага ніхто не будзе.

Камусьці такія намаганні і такая актыўнасць могуць падацца бессэнсоўнымі, марнымі. Але для мяне ўсё, што я раблю, што робяць актыўныя людзі побач са мной, – гэта сапраўднае жыццё, якое па-іншаму я не ўяўляю. І мне хочацца, каб горад развіваўся, каб тое, што раблю я, стала цікава іншым людзям.

 

Аўтар Віка Фаміна

Фота by Таня Аліпчыкава