Лайфхакі: як навучаць людзей анлайн?
- 20.07.2020
- 4624
Пандэмія СOVID-19 актывізавала тэму адукацыйных актыўнасцей праз інтэрнэт, і гэта аказалася настолькі зручна, што, бадай, лекцыі ў «зумах» застануцца з намі і пасля таго, як хвароба адступіць. Калі ты толькі збіраешся рабіць курс анлайн або паспрабаваў(-ла), але атрымалася далёка ад ідэальнага, прапануем скарыстацца чужымі напрацоўкамі. Бо навошта вынаходзіць вынайдзенае і танчыць на капаніцах, па якіх раней скакаў нехта іншы?
Ганна Агеева
трэнерка нефармальнай адукацыі, мастачка
Аляксей Братачкін
гісторык, рэдактар і аўтар інтэрнэт-часопіса «Новая Еўропа», супрацоўнік «Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў» (Менск)
Марына Корж
моладзевая працаўніца, трэнерка праграм нефармальнай адукацыі
Алег Ражкоў
менеджар праектаў па развіцці СМІ ў IBB Менск
Лілія Сяменчык
удзельніца ініцыятывы Young European Ambassadors у Беларусі і сеткі EU4Youth Alumni
З чаго пачаць?
Усвядоміць, што «навучанне анлайн» не роўнае «навучанне афлайн, якое перанеслі ў інтэрнэт». Тут патрэбныя новыя падыходы.
Выбраць найлепшы фармат. Вядома, запісаць канцэнтраванае відэа складаней, чым правесці стрым на дзве гадзіны. Але падчас стрыму важна не стаць гаворачай галавой, якую кідаюць слухаць ужо праз дзесяць хвілін.
Калі ты хочаш проста даць аўдыторыі інфармацыю, то лепей запісаць відэа і выкласці яго ў вольны доступ.
Калі хочаш узаемадзеяння са сваёй аўдыторыяй, то рацыянальна падбяры платформу ды інструменты, якія дапамогуць гэтае ўзаемадзеянне арганізаваць.
Напярэдадні стрыму патэстуй абсталяванне і сувязь.
Аляксей Братачкін: «Мы спрабавалі сумясціць нашы ўяўленні аб ідэальным навучанні афлайн (матывацыя ўсіх бакоў, атмасфера камунікацыі, педагагічны дызайн) з новай сітуацыяй. Фактычна гэта было гвалтам над самімі сабой – нам трэба было атрымаць такі ж эфект пры анлайн-навучанні, як і пры афлайн-навучанні. Пры гэтым зусім не было часу, каб разумець усю розніцу анлайн-навучання і афлайн-навучання. Розніца істотная – у тым, як будуецца сам працэс, як ён кантралюецца і як адчуваюць сябе яго ўдзельніцы і ўдзельнікі».
Ганна Агеева: «Навошта збіраць людзей у “зуме” і слухаць лекцыю чатыры гадзіны? Лепш выдаткаваць час на тое, каб зразумець, якая павінна быць структура, што там самае важнае – і запісаць відэа на 40 хвілін. А ўжо потым, калі людзі ў зручны для іх час пазналі ўсю інфармацыю, можна сустрэцца з групай на гадзіну ва ўмоўным Zoom, каб абмеркаваць тое, што яны прагледзелі, зрабіць практычнае заданне. Вядома, на падрыхтоўку відэа спатрэбіцца больш часу. Напрыклад, я запісвала арт-урок дзве гадзіны, а калі змантавала ўсе кавалачкі з паскарэннем, атрымалася дзевяць хвілін. Затое гэты ролік паглядзелі больш за тысячу чалавек».
Алег Ражкоў: «За адзін дзень да лекцыі мы стэлефаноўваемся на платформе менавіта з той тэхнікі, з якой спікер будзе заходзіць у дзень лекцыі, менавіта з тымі слухаўкамі. Мадэлюецца дакладна такая ж сітуацыя – і мы правяраем, ці ўсё добра, ці валодае спікер тымі прыладамі, якія ён хоча выкарыстаць. За тыдзень да першага модуля мы праводзілі тэставы званок для тых, хто ні разу не карыстаўся платформай. І тлумачылі навучэнцам, якім чынам увайсці ў канферэнцыю, як паставіць апку, якая форма рэгістрацыі, як галасаваць птушачкамі, як пісаць у чаце і іншыя рэчы, якія здаюцца элементарнымі, калі карыстаешся праграмай, але якія могуць быць не відавочнымі».
Якімі інструментамі карыстацца?
Правераныя варыянты:
платформы для сустрэч анлайн (Discord, Zoom, Jitsi meet);
інтэрактыўныя дошкі (AMW board, MIRO, Whiteboard Fox);
гульнявыя пляцоўкі Kahoot і MyQuiz;
інтэрактыўныя канспекты Moodle;
мэсэнджары.
Карысныя спасылкі:
Група ў Facebook «Фасілітатар – фасілітатару»;
Ідэі для анлайн-актыўнасцей;
Варкшоп «Уберите эту говорящую голову» і варкшоп па моладзевай працы анлайн.
Марына Корж: «Вельмі каштоўным усведамленнем для мяне было, што не трэба ўвесь час выкарыстоўваць анлайн-інструменты, калі ты робіш анлайн-навучанне. Людзі бяруць алоўкі, фарбы, малююць – і адпраўляюць табе фота ў чаце або паказваюць малюнак у экран. Можна выйсці на прыроду – і зрабіць штосьці з каменьчыкаў. Калі трэба зрабіць падвядзенне вынікаў і ацаніць нешта, то я часта прапаную рабіць гэта пальцамі – і людзі паказваюць пальцы ад аднаго да пяці. Або на знаёмстве паказваем від з акна і распавядаем пра яго».
Як разлічыць час?
Зрабіў(-ла) план? Цяпер зрабі яшчэ карацей. Зрабіў(-ла) карацей? Вось зараз пакараці яшчэ раз – і будзе сама тое.
Усё павінна быць ёміста і канцэнтравана, каб не страціць сваю аўдыторыі яшчэ на шматметровым уступленні. Не запіхвай у гадзіну ўсё, што прыйдзе ў галаву.
Патэсці таймінг. Калі твая падзея да 18:30, то ў 18:30, хутчэй за ўсё, палова групы сыдзе. Трэба скончыць своечасова, а пажадана нават раней, каб не страціць увагу. У анлайнах людзі заседжвацца не прывыклі.
Ганна Агеева: «Я думаю, што аптымальная працягласць занятку – гадзіна і сорак хвілін. Пры гэтым фарматы павінны змяняцца ўвесь час: прэзентацыя, квіз, праца ў малых групах, галасаванне. Падумай, як доўга чалавек можа захоўваць засяроджанасць у такім стане, калі ён сядзіць у хатнім крэсле або ляжыць у ложку?»
Марына Корж: «Мы прыдумалі разбіць трэнінгі і праграмы на маленькія варкшопы – двух- або трохгадзінныя, раз на дзень. Я зразумела, што ў анлайн нельга ўпіхнуць усё, што ты робіш афлайн, – і мы пакінулі такі суперканцэнтраваны мінімум. Часцей за ўсё гэта адно або два практыкаванні, дыскусіі і невялікая тэарэтычная лекцыя. Людзі цэняць, калі ты робіш нешта невялікае, але ідзеш глыбока».
Алег Ражкоў: «Калі чалавек знаходзіцца насупраць свайго ноўтбука і чакае пачатку занятку – час расцягваецца, таму настаўніку вельмі важна строга трымацца прызначанага таймінгу. Аднак у анлайне нешта заўсёды можа пайсці не так. Тэхнічны фактар: у некага не працуе камера, не адкрываецца прэзентацыя, не працуе мікрафон – і трэба аказваць тэхпадтрымку. Альбо ў спікера абарвалася сувязь. Трэба разумець, што будзеш рабіць у гэтых выпадках».
Як узаемадзейнічаць з аўдыторыяй ды інтэрактывіць?
Памятай, што ў інтэрнэце амаль не чутны голас цела. Трэба кампенсаваць гэтую важную крыніцу інфармацыі па нейкіх іншых каналах. Традыцыйныя маналагічная лекцыя тут не трапны фармат.
Усе павінны дзейнічаць па правілах. Прыдумай іх і абмяркуй са сваёй групай. Па якіх пытаннях пісаць у чат, а па якіх – у асабістыя паведамленні, уключаць ці не ўключаць камеру і мікрафон і г.д.
Прадумай правілы і для сябе. Будзь больш эмацыйным(-ай), больш жэстыкулюй, выкарыстоўвай інтанаванне. Памятай, што камера «пад’ядае» выразнасць. Калі ў цябе ёсць ужо сфармаваныя звычкі, то прыкінь, як ты можаш іх трансфармаваць.
Ганна Агеева: «Ты разумееш, як рэагаваць на правакацыі афлайн, а як рэагаваць на правакацыі, калі гэта паток непрыстойных стыкераў у тэлеграм, спачатку было не вельмі зразумела. Але мы разабраліся – пачалі ўводзіць правілы чату. І лепш за ўсё, калі ты зробіш гэта на самым пачатку. Збіраеш усіх разам, кажаш: “Клас, мы будзем разам вучыцца месяц – давайце распрацуем правілы, у мяне ёсць некалькі ідэй, хто што хоча дадаць?” Людзі дадаюць ідэі, мы ўсё гэта пакуем і вешаем замацаваным паведамленнем у чаце. Калі няма магчымасці дамовіцца ўсім разам, то людзі прыходзяць на праграму і ты кажаш: “У нашай праграме мы прытрымліваемся…”. Тут такія правілы гульні – і задаць гэта трэба з самага пачатку».
Ліля Сяменчык: «Для знаёмства карысна закінуць удзельнікам якое-небудзь пытанне, падзяліць іх на пакоі ў рандомным парадку і даць 5-10 хвілін на абмеркаванне. Напрыклад: “Чым ты захапляўся, калі табе было пяць гадоў?” Людзі ахвотна дзеляцца такімі гісторыямі, вяртаюцца ў агульны пакой з усмешкамі, зараджаныя, абменьваюцца кантактамі, хочуць працягваць стасавацца – гэта класна.
Каб узбадзёрыць аўдыторыю, можна выкарыстоўваць “энерджайзеры” – кароткія прышпільныя практыкаванні, падчас якіх удзельнікам прапануецца трохі парухацца. Напрыклад, усе павінны схавацца з зоны бачнасці камеры і з'явіцца адначасова. Яшчэ адзін варыянт: мадэратар называе якую-небудзь частку цела, напрыклад нос, і які-небудзь колер, напрыклад жоўты. А ўдзельнікам як мага хутчэй трэба прыкласці што-небудзь жоўтае да носа. Калі аўдыторыя зусім стамілася і ёй становіцца складана ўспрымаць матэрыял, такія актыўнасці дапамагаюць узбадзёрыцца, "вярнуцца ў мерапрыемства", і выдатна падымаюць настрой».
Алег Ражкоў: «Калі адгледжваць відэазаняткі з пункту гледжання архітэктуры, то становяцца прыкметнымі агульныя патэрны, як людзі сябе паводзяць. Мы прыйшлі да правіла: спікер кажа дзесяць хвілін, потым праводзіцца актыўнасць. Адна лекцыя павінна быць не больш за гадзіну, а яшчэ лепш, калі яна будзе 45 хвілін, каб не перагружаць аўдыторыю. Максімальны час, які можна вытрымаць у анлайне, – гэта пяць гадзін, таму што потым інфармацыя не ўспрымаецца, што б ты ні рабіў перад экранам».
Марына Корж: «Я пачала даваць розныя групавыя заданні, напрыклад разам маляваць на белай дошцы. Гэта доўжыцца пару хвілін, але гэта магчымасць хоць бы нешта зрабіць разам, таму што кааперавацца анлайн дастаткова цяжка. Праз тое, што няма фізічнага кантакту, даводзіцца прыдумляць розныя штукі. На адным варкшопе мая сяброўка сказала: “Але мы ж можам пакратаць адно аднаго ў экране”, – і прыклала рукі да мяжы рамачкі. Гэта такі просты спосаб быць бліжэй».
Як не камплексаваць?
Не забывай на сябе.
Марына Корж: «Я заўважыла, што ў анлайне забываю рабіць перапынкі. У мяне з'явіліся дурныя звычкі, ад якіх я даўно пазбавілася. Напрыклад, забыцца паесці або пайсці ў прыбіральню. Буду сядзець тры гадзіны і цярпець, а калі будзе перапынак, то зноў забудуся на гэта. Мне гэта вельмі не падабаецца – і я ўжо пачала думаць, як гэта выправіць і крыху больш пра сябе клапаціцца.
Мне было вельмі цяжка быць не ідэальнай на экране – і я думала “блін, я такая непрыгожая на камеры”. Глядзіш на вядучых вэбінараў – яны такія нафарбаваныя і сядзяць на фоне нейкай прыгожай сцяны. І я нават нейкі час думала купіць лямпу, каб яна мяне падсвятляла. А калі я прызвычаілася, то забіла: няма нічога дрэннага ў тым, каб быць натуральнай і не выкарыстоўваць мэйкап, калі я раблю вэбінар. Я спадзяюся, што людзі любяць мяне не за знешнасць, а за тое, што я арганізую працэс, у якім яны могуць адкрывацца і быць сабой».
Ці варта ўсё гэта ўвогуле распачынаць?
Галоўная перавага анлайну, якая падштурхоўвае разбірацца з усімі інструментамі і спосабамі ўзаемадзеяння, – гэта магчымасць наладзіць камунікацыю паміж людзьмі, якія не маглі б сустрэнецца ў адной прасторы.
Ганна Агеева: «Мы рабілі мерапрыемствы па адукацыйных магчымасцях для беларусаў. Раскінулі спасылку па беларускіх пабліках ды беларускіх універсітэтах, а тут раптам у нейкім велізарнай колькасці сталі рэгістраваць людзі з Туркменістана. Чаму яны зарэгістраваліся і іх гэта зацікавіла? Мы напісалі ім у лісце, што ўсё будзем тычыцца досведу беларусаў, але частка гэтага вопыту можа быць карысная для іх, – і яны ўдзельнічалі».
Аляксей Братачкін: «Пры добрай падрыхтоўцы і арганізацыі сістэмнага анлайн-навучання эканоміцца час на перыферыйныя рэчы: як знайсці інфармацыю, як дабрацца ў бібліятэку ці да месца вучобы і гэтак далей. І гаворка ідзе пра даступнасць у больш шырокім сэнсе».
Марына Корж: «Цяпер праз каранцін я закрытая ў Грузіі, але я не страціла сувязь з многімі людзьмі і з працоўнымі працэсамі. Я ўдзельнічала ў анлайн-медытацыях і неяк распавяла, як мне цяжка ўвесь час знаходзіцца дома, а адзін хлопец сказаў, што ён дома ўжо пяць гадоў – праз хваробу. І я падумала: “Ён бы ніколі не змог прыйсці на групавую медытацыю ў парк”. Для закрытых устаноў або для людзей, якія аказваюцца ў ізаляцыі, анлайн – рэальна вельмі круты выхад».
Алег Ражкоў: «Я бачу плюс для ўдзельнікаў з рэгіёнаў, якія прыязджалі ў IBB на кожны модуль, і гэта займала час. Цяпер ты клацаеш зялёную кнопачку “ўвайсці ў залу” – і ты “прыехаў”. Сёлета ў нас у курсе ўдзельнічае дзяўчына з маленькім дзіцем – і яна казала на момант падачы заяўкі, што ў яе, магчыма, будуць складанасці з тым, каб прыязджаць на заняткі. У фармаце анлайн ёй стала камфортней і прасцей, таму што яна можа знаходзіцца з дзіцём непасрэдна падчас заняткаў».
Фота: pexels.com