Варта паслухаць: марафон лекцый «пра Беларусь, якую вы не ведалі»
- Рубрыка: УЛОЎ
- 26.08.2020
- 6150
Да 30 жніўня ў інтэрнэце будзе доўжыцца анлайн-марафон лекцый «пра Беларусь, якую вы не ведалі» пад агульнай назвай «КУТ».
У першую чаргу кантэнт разлічаны на небеларусаў, якія хочуць даведацца больш пра краіну і людзей. Але і беларусам будзе што для сябе пачарпнуць. У праграме – лекцыі пра беларускае мастацтва, фальклор, музыку, тэатр, андэграўнд і іншыя элементы беларускай культуры, гісторыі ды сучаснасці.
«КУТ» стартаваў лекцыяй магістранта гістфака БДУ Аляксандра Паршанкова «Вусы, муха і поза цара Саламона: джэнтльменскі набор Францыска Скарыны». Сёння ў 20:00 эстафету падхопіць мастацтвазнаўца (а з пэўных часоў і яскравы пратэсны паэт) Мікіта Моніч: ён раскажа пра тое, як падступіцца да калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея.
Далей лекцыі прачытаюць: тэатральная мастачка, каардынатарка «Перформенска» Марыя Камарова, музыка, стваральніца тэлеграм-канала Paris Burns Ксенія Лотус, спецыялістка па культуры Беларусі XVIII стагоддзя Вольга Клёцкіна, керамістка Аляксандра Бернштэйн, музыка Саша Старасць, лінгвіст Антон Стомін, музыка і перакладчыца Ксенія Ат.
Лектараў і лектарак можна падтрымаць данатамі, якія арганізатары марафону пералічаць ініцыятыве Belarus Solidarity Foundation – на дапамогу тым, каго звольнілі ці іншым чынам ушчамілі ў правах праз грамадзянскую пазіцыю.
Фота: palasatka