Паглядзі на спіс 60 беларускамоўных хітоў сучаснасці
- Рубрыка: УЛОЎ
- 26.11.2018
- 11091
Сёлета TuzinFM спаўняецца 15 гадоў – з такой нагоды пляцоўка сумесна з Letapis.by адабрала 60 песень, без якіх немагчыма ўявіць беларускамоўную музыку сёння.
Да свайго 15-годдзя TuzinFM сумесна з Letapis.by склаў спіс з 60 песень, якія паўплывалі на станаўленне незалежнай беларускай сцэны.
Сярод 60 песень можна знайсці ўсіх герояў і гераінь беларускай музыкі апошніх 30 гадоў. Тут і залатыя песні «Ляпісаў», і «Крамбамбуля» з N.R.M. Артыстаў найноўшага часу прадстаўляюць Паліна, Akute і Nizkiz. Самая «маладая» песня спіса ў гурта «Закон Гука» – трэк «Пішы» выйшаў сёлета. Самыя «ўзроставыя» хіты былі запісаныя яшчэ ў 1989 годзе, гэта песні «Уліс» – «Пляц Францыска» і «Мроя» – «Зямля».
Стварэннем рэйтынгу займаліся кіраўнік TuzinFM Сяргей Будкін і аўтар праекта «Мапа станаўленьня Беларусі» Аляксей Чаранкевіч. Першы адказваў за падрабязную тэкставую анатацыю к кожнай песні, другі – за дызайн.
Сяргей Будкін: «З аднаго боку, гэта падсумаванне для нас саміх – у рэйтынг увайшлі песні, якія паўплывалі на нас асабіста і на развіццё айчыннай сцэны ў цэлым. На нашую задуму, гэты рэйтынг таксама мае стаць кропкай уваходу ў беларускую музыку для тых, хто толькі пачынае ёй цікавіцца».
Аляксей Чаранкевіч: «Спачатку мы хацелі зрабіць спіс з 15 трэкаў, потым пашырылі яго да 20, а па выніку ён разросся да 60 і ў ім далёка не ўсё, што хацелася ўключыць. У яго ўвайшлі пераважна рок-хіты нашых музыкаў. Поп-выканаўцы, барды, металісты, фолк-спевакі ды музыкі іншых кірункаў, безумоўна, вартыя асобных рэйтынгаў».
60 беларускамоўных гітоў сучаснасьці
Разам з запускам праекта «60 беларускамоўных гітоў сучаснасьці» TuzinFM таксама адзначыць 15-годдзе вялікім канцэртам «Героі году» і ўручэннем прэміі найлепшаму гурту і найлепшаму адкрыццю 2018-га. Івэнт адбудзецца ў Lo-Fi Customs 12 снежня, пачатак у 18.30. Білеты – па спасылцы.