На YouTube выйшаў фільм пра інтуітыўны футбол у Беларусі
- Рубрыка: УЛОЎ
- 01.05.2020
- 5720
На ютуб-канале «Настоящего времени» апублікавалі фільм Вольгі Абрамчык «Трэнер». Дакументалка распавядае пра Алега Кірылава – трэнера каманды па інтуітыўным футболе. Яго падапечныя – людзі з парушэннямі зроку і нязрушнай сілай волі.
Док знялі ў 2019 годзе. Ён быў адзначаны на профільных фестывалях Docudays UA (Украіна) і AJB DOC (Боснія і Герцагавіна). Беларуская прэм’ера адбылася на леташнім «Лістападзе».
Інтуітыўны футбол – футбол для невідушчых людзей. Гульцы арыентуюцца ў прасторы на слых і з дапамогай відушчых трэнераў і брамнікаў. Першы чэмпіянат свету па інтуітыўным футболе прайшоў у 1986 годзе, у 2004-м гэты від спорту ўключылі ў праграму Параалімпійскіх гульняў. У чэмпіянаце Беларусі ўдзельнічаюць шэсць каманд для невідушчых і шэсць каманд для людзей са слабым зрокам. У 2018 годзе 34mag зрабіў рэпорт з турніру па інтуітыўным футболе Volkswagen CUP, разабраўся ў правілах, паразмаўляў з трэнерам Алегам Кірылавым і гульцамі.
Здымкі «Трэнера» доўжыліся амаль два тыдні. У карціне няма пастановачных кадраў: гэта замалёўкі з паўсядзённага жыцця футбалістаў, якія сталі адной з самых моцных невідушчых каманд Беларусі. Фільм адметны вытанчанай працай з гукам: тут адноўленае натуральнае для гульцоў гукавое атачэнне, у якім яны арыентуюцца на шум мяча і выразныя ўказанні трэнера, які для гульцоў не толькі настаўнік, але і сябра і нават хросны іх дзяцей.
Вольга Абрамчык – рэжысёрка і мультымедыапрадзюсарка «Настоящего времени». Нарадзілася ў Менску ў 1988 годзе. У 2010-м скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці «рэжысура тэлебачання», у 2017 годзе скончыла магістратуру чэшскай кінаакадэміі імя Міраслава Андржычка па спецыяльнасці «рэжысура дакументальнага фільма».