JubiläumsFest: 50 адукацыйных івэнтаў на адной пляцоўцы
- Рубрыка: УЛОЎ
- 23.08.2019
- 7080
1 верасня ў Менску ўпершыню адбудзецца гарадскі сацыяльны фестываль IBB JubiläumsFest. На адной пляцоўцы зладзяць ажно 50 адукацыйных івэнтаў. Уваход вольны для ўсіх, каму гэта цікава.
Фестываль арганізуе Менскі міжнародны адукацыйны цэнтры ім. Ёханэса Рау (IBB Менск). У гонар свайго 25-годдзя цэнтр бясплатна прапанаваў пляцоўкі для процьмы вартых ініцыятыў: пра гэтую беспрэцэдэнтную акцыю 34, вядома ж, пісаў.
Сабрына Бабоўскі
дырэктарка IBB Менск
«Мы вырашылі правесці IBB JubiläumsFest, каб даць магчымасць беларускім грамадскім ініцыятывам сабрацца ў адным месцы і расказаць пра важныя праекты жыхарам Менска. Сацыяльны маркет, вывучэнне жэставай мовы, лекцыі і кінапаказы аб дыслексіі, правах жанчын і людзях з інваліднасцю – гэтыя і многія іншыя мерапрыемствы змогуць наведаць госці фестывалю IBB JubiläumsFest».
Мерапрыемствы разгорнуцца на васьмі пляцоўках адукацыйнага цэнтра, дзе змесцяцца ад 30 да 200 чалавек.
34 десантуе на фэст галоўрэда
У 10:30 на пляцоўцы Berlin з бадзёрай лекцыяй «Як прыдумваць ідэі і прадаваць іх аўдыторыі?» выступіць галоўны рэдактар 34mag.net і 34travel.me Антон Кашлікаў. Гутарка пойдзе пра тое, як нараджаюцца ідэі, чым добрая ідэя адрозніваецца ад дрэннай, як ідэі фармуляваць і як выпускаць у свет.
За музыку адкажуць феміністкі са Швейцарыі
IBB прывязе ў Менск гурт з Бёрна – willibald. Швейцарскі калектыў на ¾ складаецца з жанчын, а яго ўдзельніцы ўваходзяць у Асацыяцыю Helvetiarockt, якая змагаецца за павышэнне рэпрэзентатыўнасці жанчын у музычнай індустрыі Швейцарыі. Музыкі willibald актыўна змагаюцца супраць сэксізму і выступаюць за тое, каб на рок-сцэне было як мага больш прадстаўнікоў розных гендараў і як мага менш стэрэатыпаў.
Таксама музычны настрой гасцям створаць беларускія дыджэі Smok і DJ Plavsky.
Будзе працаваць сацыяльны маркет
Наведвальніка фестывалю змогуць набыць паштоўкі і сувеніры ад творчай майстэрні «Арт-ідэя», вязаныя цацкі ад Гістарычнай майстэрні ім. Л. Левіна і экасумкі ад сацыяльна-экалагічнага праекта «Добрая авоська». «Кнігарня Логвінаў» прыгатавала сеансы кніжнай тэрапіі. Сацыяльны праект «Мопс-Шмопс» прадставіць экатавары для хатніх гадаванцаў. Магазін Zerro.by прапануе тавары без упакоўкі для экаўсвядомленых таварышаў і таварышак. А яшчэ тут будуць збіраць вопратку, абутак і цацкі для тых, хто мае патрэбу: дабрачынны сэрвіс «Бананавы фургон» перадасць рэчы на дабрачыннасць.
Іншыя хайлайты JubiläumsFest:
экспрэс-курс нямецкай мовы ў перасоўнай бібліятэцы на колах DeutschExpress (Goethe-Institut Minsk);
дыскусія «Як мастацтва выратуе ваш сацыяльны праект?» з удзелам вядомых арт-персон;
марафон беларускай літаратуры (ПЭН-цэнтр);
навучанне жэставай мове (Беларускае таварыства глухіх);
майстар-клас пра тое, як рабіць сторыз і візуалы ў Instagram («Радыё Свабода»);
інтэрактыўная дыскусія на тэму фэтфобнай рэкламы («Больш цела»);
гульня на тэму сацыяльнай няроўнасці «Іншы погляд» («Жывая Бібліятэка»);
бясплатныя паказы беларускіх і нямецкіх фільмаў на сацыяльную тэматыку;
майстар-клас па асновах імправізацыйнага тэатра (Minsk Impro);
спектакль «Камера, якую дала мне маці» (HomoCosmos);
кулінарны майстар-клас ад дырэктаркі IBB Менск Сабрыны Бабоўскі.
Падчас фестывалю будуць працаваць фудкорт і дзіцячая пляцоўка. А яшчэ наведвальнікаў(-іц) фэсту гасцінна пачастуюць юбілейным 25-кілаграмовым тортам.
Дзе: Менскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Ёханэса Рау (праспект газеты «Праўда», 11).
Час: 10:00 – 22:00.
Уваход: вольны.