Запускаецца серыя аўдыягідаў па беларускіх гарадах
- Рубрыка: УЛОЎ
- 20.09.2023
- 3435
Менская ўрбаністычная платформа пачынае публікаваць альтэрнатыўныя гайды па беларускіх гарадах. Першая ластаўка праекта «Урбан-шпацыр» – маршрут па сталіцы ў раёне Мухлі.
Карыстацца аўдыягідам прапануюць так: едзеш на месца, уключаеш аўдыядарожку, рухаешся ад кропкі да кропкі, слухаеш аповед пра месца, а таксама разглядаеш фотаздымкі. «Уявіце сабе, – прапануе каманда праекта, – у любы дзень, у любы час, у адзіноцтве ці з сябрамі вы шпацыруеце па малавядомых мясцінах свайго горада, у вашых слухаўках –прыемны голас, які распавядае пра атмасферныя старыя кнігарні, незвычайныя скульптуры з мазаікай, будаўнічыя рэформы і іншыя цікавосткі».
Для шпацыраў урбаністы абяцаюць абіраць небанальныя мясціны, каб карыстальніцы і карыстальнікі аўдыягідаў адкрывалі родныя (ці проста цікавыя для іх) гарады з новых ракурсаў. «Урбан-шпацыр» дапаможа лепш адчуваць гарадское асяроддзе і ўмацоўваць эмацыйныя сувязі з горадам, а таксама нагадае пра тое, что жыхары і жыхаркі гарадоў маюць правы ўплываць на тое, як іх гарады функцыянуюць ды выглядаюць.
У першым выпуску – пра менскую Мухлю ў раёне вуліцы Харкаўскай – слухачоў і слухачак вядуць ад станцыі метро «Грушаўка» да знакамітай Розачкі, распавядаюць пра мясцовыя хрушчоўкі, раскрываюць таямніцы лакальнай тапанімікі, прапануюць зазірнуць у медычны квартал і наведаць кнігарню «Эрудыт».
Фота: mienskurban.space