Краўдфандынг дня: кніга пра 15 паспяховых беларусак
- Рубрыка: УЛОЎ
- 23.05.2019
- 7193
У Беларусі выходзяць свае «Казкі на ноч для маленькіх бунтарак»: кніга «Яна была» – стос гісторый пра выбітных, паспяховых беларусках, якія вартыя таго, каб стаць узорам для дзяўчатак (і не толькі дзяўчатак).
Аўтаркі праекта Ірына Саламаціна і Наталля Кухарчык спадзяюцца найперш аднавіць справядлівасць: «Сярод кніг у серыі "100 выдатных дзеячаў беларускай культуры" (праект Інстытута беларускай гісторыі і культуры) – усяго чатыры жанчыны. Мы прапануем перагледзець такую экспертызу – уключыць тых, чый уклад да гэтага часу застаецца недаацэненым. Нароўні з мужчынамі жанчыны ішлі да сваёй мэты і дамагаліся поспеху ў навуцы, палітыцы і культуры Беларусі».
Сярод пятнаццаці гераінь «Яна была» – заснавальніца піваварні «Аліварыя» Рохля Фрумкіна, заснавальніца Нацыянальнага мастацкага музея Алена Аладава, стваральніца водару Trésor (Lancome) Сафія Гройсман, ратавальніца сірот Паліна Партнова і іншыя.
Візуальныя вобразы выбітных жанчын стваралі 15 мастачак і ілюстратарак, сярод якіх не чужыя 34mag Дар’я Сазановіч (яна робіць для нас круцецкія ілюстрацыі, чытай інтэрв’ю з Дашай тут) і Дар’я Барышнікава (яе фотачкі шукай у рэпортах пад нікам daryabrr).
Кніга будзе выдадзена на беларускай, рускай і англійскай мовах.
Экзэмпляр «Яна была» па спецкошце на краўдфандынгу можна атрымаць за 24 BYN, калі да гэтага хочацца дадаць яшчэ і асабістую падзяку ўнутры – выкладвай 33 BYN. Можна таксама падараваць кніжкі дзіцячаму дому, сустрэцца з аўтаркамі ці адрэкламаваць у кнізе сваю ініцыятыву. Усе варыкі данатаў шукай тут.