У «Пункце» пройдзе лекцыя Віктара Марціновіча
- Рубрыка: УЛОЎ
- 06.03.2018
- 9654
Працягваем рабіць карысныя і цікавыя івэнты пад эгідай хэштэга #34events. 20 сакавіка ў адукацыйнай прасторы .PUNKT пройдзе лекцыя не толькі пісьменніка і журналіста, але і выкладчыка Віктара Марціновіча, які ў сваім абаяльным стылі распавядзе пра сучасныя тэарэтычныя напрацоўкі, што тлумачаць нашыя ўзаемаадносіны з медыя. Маклюэн нам толькі сніцца!
Віктар Марціновіч пра змест лекцыі:
– Калі ў студзені 2018 года Марк Цукерберг тлумачыў увядзенне новых алгарытмаў паказу пастоў у стужцы Facebook, ён матываваў гэтыя змены імкненнем забяспечыць людзям «long-term happiness». Упершыню ў гісторыі кіраўнік медыякарпарацыі адкрыта і прама прызнаўся ў тым, што Facebook (роўна як і Google, роўна як і Instagram з Twitter) прадаюць не што іншае, як шчасце. Як будаваліся адносіны людзей з медыя і адно з адным да гэтага?
У фармаце, аднолькава далёкім і ад легкаважнага edutainment, і ад практыкумаў «Як зрабіць ваш Instagram-акаўнт папулярным за тыдзень», я правяду вас па асноўных тэорыях і кнігах (пераважна англамоўных), якія апісваюць сучаснае медыяспажыванне.
Цяпер чалавецтва перажывае культурную рэвалюцыю, супастаўную з той, якую выклікала Біблія Гутэнберга. Мы ўжо пішам, чытаем і думаем па-іншаму, чым рабілі гэта 5 гадоў таму. І насуперак марам тэхналагічных дэтэрміністаў 1980-х і 1990-х гэтая рэвалюцыя зусім не пацягнула за сабой ўсеагульную роўнасць у доступе да сэнса.
Калі: 20 сакавіка.
Пачатак: 19.00.
Дзе: прастора .PUNKT (вул. Кастрычніцкая, 23а, 2 паверх).
Кошт: першыя 20 квіткоў – 20 BYN, астатнія – 25 BYN.
Важныя пытанні:
Як і на якім этапе медыя замест звыклых катэгорый «веды/інфармацыя», «задавальненне», «суперажыванне» пачалі прадаваць шчасце?
Як кастамізуецца наша шчасце ў працы пошукавых алгарытмаў Google? Чаму інтэрнэт больш нельга называць «Сеткай»?
Як гэта змяніла ідэнтычнасць карыстальнікаў Сеткі?
Як выбіраць свой шлях у свеце канвергентнага кіравання нашымі жаданнямі?
Як жыць у свеце, дзе спаборнічаюць лічбавыя эга і 2,4 млрд аўтараў?
Мерапрыемства ў Facebook.
Наша нядаўняе інтэрв'ю з Віктарам Марціновічам аб выніках 2017 года чытай ці слухай тут.