Запусціўся відэападкаст пра працу і ментальнае здароўе «safe_space»

  • Рубрыка: УЛОЎ
  • 15.09.2025
  • 85

У беларускім ютубе +1: выйшаў першы эпізод відэападкасту «safe_space», куды вядучыя Ліза і Саша запрашаюць цікавых суразмоўцаў, каб абмеркаваць менталку і працу ў беларускім кантэксце.

Вядучыя — прадстаўніцы двух пакаленняў, але іх яднае жаданне пагутарыць пра выгаранне, ацэнку сваёй работы, задаволенасць ад працы і ад яе кампенсацыі.

Госця першага выпуску «safe_space» — кантэнт-крыэйтарка Сеня. Размова тут пайшла пра тое, адкуль бяруцца ідэі, як не згарэць у крэатыўнай сферы і чаму грошы, руціна і супольнасць важныя для творчасці. Таксама дзяўчыны абмеркавалі канцэпт «крадзь як мастак(-чка)», натхненне, дысцыпліну, клопат пра сябе і — куды без іх! — мемы.

 

 

Пакуль каманда працуе на чыстым энтузіязме і збірае вакол сябе тых, каму цікава шчыра паразважаць пра тое, як мы пачуваемся ў справах, што займаюць вялізную частку дарослага жыцця. Сачыць за развіццём праекта можна ў інстаграме. Новыя выпускі будуць рэгулярна з’яўляцца на YouTube.