Краўдфандынг дня: інсталяцыя «Лавец ветру»
- Рубрыка: УЛОЎ
- 27.06.2018
- 9040
Наш даражэнькі культ. цэнтр «КОРПУС» сумесна з грамадскім аб’яднаннем «Экадом» запускае краўдфандынгавую кампанію на ўстанову маштабнай інсталяцыі «Лавец ветру». Расказваем, на што трэба зліць трошкі грошай.
«Лавец ветру» – кінетычная скульптура, якая рэагуе на вецер і плаўна лунае ў паветры. Яе прыдумала амерыканская арт-група Poetic Kinetics і ўпершыню ўсталявала такую інсталяцыю ў Лос-Анджэлесе ў 2016-м, а ў 2017-м – у Санкт-Пецярбургу. Надышоў час Менска, вырашыла каманда культ. цэнтра «КОРПУС» і сваімі сіламі будзе рэалізоўваць праект, які так натхняе сваёй прыгажосцю.
– Тэхнічна гэтая канструкцыя будзе зроблена так: над дваром мы нацягнем рыбалоўную сетку ў буйныя клеткі і на самі гэтыя клеткі прымацуем бліскучыя стужкі. Мы плануем выкарыстоўваць адпрацаваныя і бракаваныя ўпаковачныя стужкі, а таксама абрэзкі ад этыкетак – у гэтым ёсць экалагічны складнік у выглядзе другаснага выкарыстання матэрыялу. Таксама «Лавец ветру» дакажа, што ў Беларусі ёсць вецер, з чым любяць паспрачацца праціўнікі аднаўляльнай энергетыкі, – кажа Аня Дапш, галоўная «корпусная» экалагіня.
6 000 BYN – агульная сума краўдфандынгавай кампаніі. Самае дарагое ў гэтым праекце – матэрыялы і мантаж. Ужо цяпер альтруісты-прафесіяналы рыхтуюць макеты па стварэнні не толькі маштабнай, але і бяспечнай канструкцыі.
– Мы ўпэўненыя, што «Лавец ветру» зможа стаць як мінімум новай зоркай інстаграма краіны, а як максімум – натхненнем для тых, хто не да канца ўпэўнены ў сваіх сілах. Захацець зрабіць нешта глабальнае без прамой выгады для сябе і давесці справу да канца – добры прыклад у эпоху меркантылізму, – кажуць арганізатары.
Кампанія працягнецца да 16 ліпеня.
Адкрыццё «Лаўца ветру» стане днём, прысвечаным ветру, сонцу, вадзе і іх стваральнай энергіі.
Пад жывымі махрамі новай гарадской славутасці плануюцца:
экамаркет;
чай, звараны з дапамогай энергіі сонца;
адукацыйны блок аб аднаўляльных крыніцах энергіі;
гукі ад Papa Bo Selektah;
выступ інструментальнага трыа Port Mone з праграмай з новага альбома.
КАМЕНТАРЫ (2)
Разве эти ленты не разлетаются потом засоряя все вокруг? .
так они же на сетку крепятся специально для того, чтобы не разлететься)
а если речь о том, что будет с ними, когда конструкция отживёт своё - то она в надёжных руках небезразличных людей)