Прэс-клуб запускае Медыяакадэмію
- Рубрыка: УЛОЎ
- 27.02.2020
- 4885
Беларускі Прэс-клуб запускае нефармальную пляцоўку для прапампоўкі скілоў медыяменеджараў і журналістаў. Навучанне платнае, але можна прэтэндаваць на стыпендыю, калі ты «самы матываваны і адказны».
Медыяакадэмія Прэс-клуба – гэта не разавы курс або трэнінг, а навучальны цыкл: паўгода вучышся новаму, а потым пры жаданні вяртаешся зноў, каб даведацца пра нешта яшчэ. Кожны навучальны модуль будзе наладжаны як канструктар: базавы курс на шэсць дзён + трохдзённыя спецкурсы + краш-курсы на дзень. Графік заняткаў: чацвер, пятніца, субота.
Заяўкі на навучанне прымаюць да 10 сакавіка ўключна. Прэтэндэнтаў на стыпендыю просяць запоўніць форму па спасылцы.
Ужо ў красавіку стартуе навучанне для менеджараў рэдакцый. У рамках першага патоку фокус зробяць на лічбавай дыстрыбуцыі і манетызацыі. Удзельнікі разбяруць існуючыя ў медыя бізнэс-мадэлі, прымераць іх да сваіх медыя, прааналізуюць, як яны звязаныя са стратэгіяй дыстрыбуцыі кантэнту.
На травень запланаваныя два спецкурсы ад запрошаных зорак «Кам'юніці-менеджмент» ад Лінор Гаралік, маркетолага, кансультанта па кантэнтным маркетынгу (Ізраіль), і «Дыстрыбуцыя кантэнту і SMM» ад Андрэя Бабарыкіна, медыяменеджара, аўтара Telegram-канала па дыстрыбуцыі медыя «Медиаборщ» (Украіна).
У траўні-чэрвені журналістаў запрашаюць на асноўны курс ад Алесі Герасіменка «Як пісаць, каб цябе чыталі».
Даведацца пра акадэмію больш можна на сайце Прэс-клуба.