Запусціўся дызайнерскі анлайн-маркет «На Луне»
- Рубрыка: УЛОЎ
- 27.04.2021
- 3610
У Беларусі адкрыўся анлайн-маркет «На Луне» – тут прадаюць адзенне, аксэсуары і прадметы побыту ад беларускіх майстроў(-ыц). Можна наведаць дызайнерскі маркет, не ўзнімаючыся з канапы.
«У Беларусі шмат неймаверных людзей, якія ствараюць адзенне і прадметы побыту, што не адшукаць на паліцах крамаў. Іх сакрэтны інгрэдыент – любоў. Я стварыла "Луну", бо веру ў такіх людзей усім сэрцам і хачу, каб у іх была свая камфортная прастора ў анлайне, якая будзе матываваць развівацца», – кажа сузаснавальніца маркету Інга.
Хто прадае «На Луне»?
Рамеснікі(-цы), індывідуальныя прадпрымальнікі(-цы) ці юрыдычныя асобы, чые праекты адпавядаюць канцэпцыі пляцоўкі. Заяўкі на размяшчэнне на маркеце праходзяць праз сіта адбору і мадэрацыі.
Як купляць?
Усе тавары трэба купляць наўпрост у людзей, якія іх ствараюць, – удзельнікі самастойна размяшчаюць тавары і прымаюць замовы, як на сапраўдным маркеце. Ёсць незвычайная асаблівасць – тавар рамесніка(-цы) не пакладзеш у кошык. Каб замовіць у яго ці яе кубак, прыйдзецца напісаць, патэлефанаваць ці звязацца праз інстаграм. Усе патрэбныя спасылкі месцяцца на сайце побач з таварамі.
«Беларускае заканадаўства ў сферы інтэрнэт-гандлю вельмі абмяжоўвае, магчыма з гэтай прычыны дагэтуль у краіне і не было падобнай пляцоўкі. Неабходнасць звязвацца наўпростава з вытворцамі – гэта вымушаны захад. Спадзяемся, што ў найбліжэйшай будучыні заканадаўства зменіцца і мы зможам зрабіць працэс набыцця зручнейшым», – кажа Ілля, сузаснавальнік «На Луне».
Побач з таварамі некаторых прадаўцоў(-іц) усё ж такі ёсць кнопка «дадаць у кошык», якая дазваляе аформіць замову. Пасля афармлення яны звязваюцца з пакупнікамі(-цамі) поштай і ўдакладняюць дэталі аплаты, пажаданні і дастаўку. На дадзены момант нельга аплаціць тавар цалкам анлайн, але стваральнікі(-цы) «На Луне» працуюць над вырашэннем праблемы.
Што далей?
«У будучыні мы марым пра ўласны ўтульны маркет са сцяжкамі і агеньчыкамі, а пакуль што рупліва працуем над развіццём анлайн-прасторы, запрашаем і размяшчаем новыя праекты, каб паказаць, як шмат прыгожага і асаблівага можна купіць у сваіх», – дадае Інга.
«На Луне»