Святлана Гатальская

  • 08.11.2018
  • Аўтар: 34mag
  • 9018

Пагаварылі са стваральніцай «лямпавай» мануфактуры па перапрацоўцы пластыку пра тое, як лянота і «заможнасць» не дазваляюць людзям перайсці на светлы бок і перамагчы пластмасавую эпідэмію.

 

Гераіня: Святлана Гатальская, 32 гады. Выпускніца Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Візуальны дызайн і медыя». Мадэратарка кінаклуба ў праекце пра гендар і сэксуальнасць MAKEOUT. Заснавальніца мануфактуры па перапрацоўцы пластыку Zaduma.

 

 

Zaduma – гэта невялікая мануфактура па перапрацоўцы пластыку. Прынцып яе існавання просты: неабыякавыя людзі здаюць пластык, які можна перапрацаваць, а ўдзельнікі ініцыятывы з дапамогай хітрых машын робяць з непатрэбнай пластмасы патрэбныя рэчы: вазы, кубкі, талеркі і нават крэслы. Зараз праект Zaduma знаходзіцца на стадыі зборкі машын. Пакуль каманда збірае чысты пластык з маркіроўкай 1 (PET, PETE), 2, 4 (HDPE, LDPE, PE) або 5 (PP) і адпраўляе яго на ўтылізацыю. Фірмовы «задумаўскі» кантэйнер можна ўсталяваць на прадпрыемстве. Таксама можна самастойна прынесці пластык у офіс Zaduma на Машэрава, 11, або ў іншыя пункты прыёму.

 

Сайт   FB   VK   Instagram

 

 

 

Грамадзянскі актывізм пачынаецца з персанальнага

– Мой экаактывізм пачаўся з таго, што я адправілася на івэнт «Цэнтра экалагічных рашэнняў» і пазнаёмілася з класнымі хлопцамі і дзяўчатамі. У іх крутая раздатка на экатэматыку, я набрала яе пачкамі і раскладвала ў розных прасторах, бо, каб захацець больш экалагічнага жыцця, трэба для пачатку ім зацікавіцца.

І вось спачатку ты возіш смецце за тры прыпынкі, таму што ў цябе каля дома няма кантэйнера для пластыку. Потым ты даведваешся пра сайт 115.бел, дзе можна пакінуць адпаведную заяўку. Далей ты трапляеш на семінар, дзе распавядаюць, як пры дапамозе чарвякоў можна кампаставаць арганічнае смецце проста ў кватэры.

«Акрамя сартавання смецця трэба браць на сябе адказнасць за ўсё, што купляеш. Кожная пакупка – гэта голас за нейкі пэўны прадукт»

Так, я кампастую. Тое, што засталося ад гародніны і садавіны, каціная поўсць (і мая таксама) – гэта ўсё нармальна згніе ў зямлі. Таму я замарожваю адкіды ў маразілцы і вяртаю ў глебу. Калі ж людзі выкідваюць ачысткі разам з бутэлькамі ды іншымі прадметамі, якія могуць быць перапрацаваныя, яны пазбаўляюць іх магчымасці быць перапрацаванымі. Праблема ў тым, што многія думаюць, быццам хтосьці там за іх нешта зробіць: і пакет памые, і бутэльку апаласне. А праўда ў тым, што ніхто не будзе адмываць вашы бутэлькі ад рэшткаў селядца.

Акрамя сартавання смецця трэба браць на сябе адказнасць за ўсё, што купляеш. Кожная пакупка – гэта голас за нейкі пэўны прадукт. Калі ты плаціш за напой у пластыкавай бутэльцы, ты кажаш: «А*уенна, люблю піць з пластыкавых бутэлек, рабіце іх яшчэ!» А мне дастаткова адной шматразовай бутэлькі, у якую я наліваю ваду. Калі трэба купіць малако, то я купляю яго ў ПЭТ-бутэльцы, якую можна перапрацаваць. Ад касметыкі ў пластыку таксама лёгка адмовіцца. Ёсць натуральнае мыла ў папяровай упакоўцы, і гэта не даражэй за звыклыя прадукты: я на днях купіла цвёрдае мыла-шампунь за чатыры пяцьдзясят. Гэта дорага?

 

 

«Праблема ў тым, што многія думаюць, быццам хтосьці там за іх нешта зробіць: і пакет памые, і бутэльку апаласне»

Складана мяняць звычкі

– Неяк я прыязджала забіраць пластык у IT-фірму, і ў іх там было мноства паўлітровых бутэлек з-пад «колы» і «фанты». Я пытаюся ў іх менеджаркі, чаму яны не хочуць паставіць кулер, і яна кажа: «Такая магчымасць абмяркоўвалася, але супрацоўнікам хадзіць да кулера нязручна». Чамусьці людзі разумеюць неабходнасць чысціць зубы, хаця на гэта таксама патрэбны час і гэта можа быць «нязручна», а тут карысную звычку выпрацаваць значна цяжэй.

Мы, гарадскія жыхары, не бачым смеццевыя палігоны, і здаецца, што ўсё кудысьці знікае само сабой. Як у дзяцінстве: ой, чыстыя шкарпэткі на паліцы з'явіліся быццам з ніадкуль, мы ж не бачылі, як мама ноччу іх памыла. Памятаю, як Жэня Манцэвіч [стваральніца праекта downshifter.by. – заўв. 34] распавядала пра свой пераезд на вёску і пра тое, як упершыню памыла там бялізну. Калі вада з пральнай машыны трапляе ў зямлю каля твайго дома і там перастае расці трава, вось тады ты задумваешся: «Пайду-ка я куплю нешта экалагічнае». І ўжо не скажаш, маўляў, ды што там адна трубачка, не страшна, у мяне ж памада, мне без трубачкі нязручна.

З іншага боку, мы ж цяпер яшчэ і «багатыя». Раней глядзіш амерыканскі фільм, дзе гераіня ідзе па Манхэтане, а ў руках у яе – аднаразовы кубак Coca Cola з «Макдональдса», і здаецца, гэта ліміт таго, што ў жыцці пажадаць можна: гуляць з аднаразовым кубкам па вуліцы. Але тады людзі проста не задумваліся пра тое, куды гэта вядзе. Пазіцыя прадаўца была такая: мы зробім усё для зручнасці пакупнікоў, вы можаце не парыцца з нагоды посуду, вось вам пластыкавая талерка. Пазіцыя пакупніка была такая: крута, пра мяне клапоцяцца, я класная, я прывілеяваная, я за гэта заплаціла.

Калі я была малая, то абуралася і саромелася таго, што мама мые пакеты: «У нас што, грошай няма?» А нядаўна выбачалася перад ёй: якой жа дурніцай я была. Мама большую частку жыцця пражыла ў вёсцы, і яе экалагічныя паводзіны не ад усвядомленасці, гэта здаровая логіка. Калі нешта можна выкарыстоўваць паўторна – яго трэба выкарыстоўваць. Расаду, напрыклад, яна вырошчвае ў яечнай шкарлупіне, проста таму што гэта разумна: можна проста так пасадзіць у зямлю, нічога не вымаючы.

 

 

Як пачалася Zaduma?

– Zaduma пачалася з таго, што мы з Вовам Андрыенкам разважалі, як бы зрабіць нешта такое, каб і грамадству было добра, і мы нейкую капейку маглі на гэтым зарабляць. Потым мы незалежна ад гэтых думак пабывалі на Zero Waste Academy, дзе можна было прапанаваць сваю ідэю, і ў адным з перапынкаў Вова распавёў мне пра тое, што знайшоў у Instagram відэа ад нідэрландскай мануфактуры па перапрацоўцы пластыку – Precious Plastic Community.

 

 

Я загарэлася гэтай ідэяй, таму што мне заўсёды не хапала ў актывізме працы рукамі. А тут і актывізм, і сацыяльна значная штука, і ты нешта робіш рукамі, і нават прыдумляеш тое, што будзеш рабіць. Наступным жа тыднем мы адправіліся на хакатон.

На хакатоне мы прадавалі паветра, бо ў нас яшчэ нічога не было гатовае. Тым не менш мы атрымалі галоўны прыз і трапілі на Social Weekend. Там мы прайшлі ў фінал, дзе, вядома ж, хацелася нешта паказаць. І тады мы спісаліся з рабятамі з Адэсы, якія рэалізавалі аналагічную ідэю. Яны даслалі нам сэмплы: мыльніцы і іншыя дробныя штукі, якія можна было памацаць. У выніку Coca Cola дала нам 3000 рублёў, яшчэ 1500 рублёў склаў прыз ад Social Weekend, таксама нас абяцаў падтрымаць ментар конкурсу Юрый Мельнічак.

«Тут і актывізм, і сацыяльна значная штука, і ты нешта робіш рукамі, і нават прыдумляеш тое, што будзеш рабіць»

А далей мы прафакапіліся. У нас не было канкрэтнай бізнэс-мадэлі, затое былі праблемы з памяшканнем. Машыны не сабраныя ў нас да гэтага часу. Справа ў тым, што мы робім іх з нуля. Прывезці дэталі з-за мяжы аказалася немагчымым: патрабуецца растаможка і сертыфікацыя. Да таго ж ні я, ні Вова не разбіраемся ў электрыцы і механіцы. Але я заўсёды была ўпэўненая, што галоўнае – гарэць ідэяй, а людзі знойдуцца. І вось нядаўна мы знайшлі хлопца, які сячэ ў электроніцы, і можам прасоўвацца наперад.

 

 

«Я ўвесь час сутыкаюся з гэтымі штукамі і сама імкнуся падтрымліваць людзей, якія робяць хоць бы нешта. Сартуеш пакуль толькі бутэлькі – ужо добра»

Да чаго ідзе Zaduma?

– Кантэйнеры Zaduma стаяць у 30 розных офісах і прасторах. Таксама мы ўсталявалі адзін агульнадаступны – у культ. цэнтры «Корпус». Вядома, у маштабах горада гэта смешна, але з нядаўніх часоў я ў праекце адна, а дзвюх рук не вельмі хапае.

У нейкі момант наш офіс ператварыўся ў склад пластыку, і калі мы з Вовам і блізкімі сябрамі сталі сартаваць яго, мы зразумелі, што не справімся ні за тыдзень, ні за два. Тады мы кінулі кліч у сацыяльных сетках, і на сартаванні па серадах да нас прыходзілі па 10-15 чалавек. Было вельмі крута адчуць падтрымку, таму што ў любым актывізме здараюцца моманты, калі здаецца, што ўсім похер. У нас звычайна шмат асуджэння і мала падтрымкі. «Вы праводзіце мала мерапрыемстваў», «Вы не ездзіце ў рэгіёны», «Вы маглі б паставіць больш пунктаў па зборы пластыка»... Я ўвесь час сутыкаюся з гэтымі штукамі і сама імкнуся падтрымліваць людзей, якія робяць хоць бы нешта. Сартуеш пакуль толькі бутэлькі – ужо добра. Пакуль яшчэ ясі рыбу, але адмовіўся ад мяса – выдатна. Важна разумець, што, калі падтрымліваеш чалавека ў яго невялікіх кроках, у яго з'яўляецца рэсурс на нешта большае.

Пакуль мы не можам рабіць сваю прадукцыю, будзем выпускаць штукі, якія транслююць нашы каштоўнасці: экасумкі, металічныя бутэлькі, торбачкі, вырабленыя з пластыкавых пакетаў, і іншыя essentials.

Калі запусцім машыны, мануфактура будзе працаваць па двух напрамках. Першае – гэта драбяза: вазоны, расчоскі, мыльніцы, брошкі-завушніцы, талеркі для садавіны і гэтак далей. Другое – гэта my beautiful dream, мэбля, якая будзе спалучаць у сабе дрэва, метал і пластык. Напрыклад, столік, у якога металічныя ножкі, а стальніца – пластыкавая. Таксама хацелася б дамовіцца з адміністрацыяй горада і замяняць драўляныя элементы лавачак даўгавечнымі пластыкавымі.

Нас часам папракаюць, што Zaduma – гэта праект пра пластык, праект, які кажа, што пластык – гэта добра. Але гэта не так. Пластык – гэта вельмі дрэнна, не купляйце пластык. Але, калі ён у вас з'явіўся, прынясіце яго нам – і тады гэта 100 % не адправіцца на палігон.

 

Фота: Вiялета Саўчыц