Міця Післяк даспеў да персанальнай выставы
- Рубрыка: УЛОЎ
- 05.04.2019
- 6453
6 красавіка ў «Галерэі ДК» адкрываецца першая персанальная выстава стрыт-арт-мастака Міці Післяка «Behind the scenes».
З творчасцю Міці не знаёмы(-ая) толькі той(тая), хто ніколі не быў(-ла) у Менску. Гэта ён перанёс працу Міхаіла Хруцкага «Партрэт жонкі з кветкамі і садавіной» на сцяну аднаго з дамоў па вуліцы Карла Маркса. Гэта яго нацюрморт на Чыгуначнай стаў адной з самых цікавых работ фестывалю Vulica Brazil. Гэта ён зрабіў тыя самыя крутыя кубачкі з Менскам для McDonald's. Гэта ён прыдумаў «тыповага беларуса» для гадзіннікаў «Луч».
На выставе «Behind the scenes» можна будзе ўбачыць той самы «біхайнд» – усё, што папярэднічала графіці ды іншаму арту Міці Післяка. Мастак адабраў самыя цікавыя эскізы і замалёўкі, якія пазней увасобілася ў закончаны мастацкі твор. Усе працы можна будзе купіць. 10 % ад выручаных сродкаў арганізатары накіруюць на дапамогу бяздомным жывёлам.
10 красавіка ў 19:00 адбудзецца аўтарская экскурсія па выставе. Мастак раскажа, як нараджаліся яго вялікія задумы, і адкажа на твае каверзныя пытанні.
А яшчэ ў перыяд правядзення выставы Міця Післяк будзе афармляць тэрасу «Галерэі ДК», так што ты ўжывую ўбачыш, як уладкаваная яго праца.
«Калі гляджу на карціну ў галерэі, мне заўсёды хочацца даведацца, што ўяўляе сабой палатно з адваротнага боку, пракрасціся крыху глыбей у сэрца карціны. Уявіць, як на самой справе выглядаў аўтар, наколькі цяжка ці, наадварот, з лёгкасцю даўся яму вынік, які нам прадстаўлены. Я не перастаю здзіўляцца таму, як народжаная ў галаве думка станавіцца матэрыяльнай, пераходзячы спачатку на паперу ў выглядзе эскіза, а потым на чыюсьці сцяну або прамысловы аб'ект, якім будуць карыстацца дзясяткі ці сотні людзей».
Дзе: «Галерэя ДК» (вул. Герцэна, 2А).
Калі: 6–19 красавіка 2019.
Час працы: серада-пятніца 12:00–20:00, нядзеля 12:00–18:00
Уваход: 12 BYN – дарослы, 7 BYN – ільготны білет.