Галерэя «Ў» запрашае на апошнюю выставу
- Рубрыка: УЛОЎ
- 30.10.2020
- 5981
Галерэя сучаснага мастацтва «Ў» з 11-гадовай гісторыяй закрываецца. Апошняй выставай праекта стане «Кранальная дыстанцыя», якую планавалі зладзіць яшчэ ў жніўні і вымушаныя былі перанесці. Зрэшты, выстава не страціла праз час сваёй актуальнасці. Нават наадварот – яшчэ і сэнсаў прырасло.
Закрыццё праекта – і галерэі, і віннага бара – звязанае са зменай партнераў: з ліку акцыянераў юрыдычных асоб выходзяць Валянціна Кісялёва, Ганна Чыстасердава, Аляксандр Васілевіч (ён ужо два месяцы знаходзіцца пад вартай і прызнаны палітычным вязнем) і Надзея Зелянкова. Сузаснавальнікі праекта кажуць, што да закрыцця прывяло шмат прычын, рашэнне было цяжкім і прымалася не раптоўна. «Але цяпер час перамен і мы верым, што ўсе змены да лепшага! – кажа дырэктарка і куратарка праекта Валянціна Кісялёва. – Галерэя годна выканала сваю місію і рэалізавала шмат выдатных праектаў. Дэвіз, які мы калісьці прыдумалі, – “мастацтва і безумоўная любоў” – гэта той рытм, які, я спадзяюся, сугучны біццю і ў вашых сэрцах».
Адзін з сузаснавальнікаў і партнёраў галерэі «Ў» и «Ў бара» – Валянцін Лосеў – працягне свой удзел у новым праекце на Кастрычніцкай, 19. Культурная прастора і бар цяпер будуць існаваць пад шыльдай «Вершы».
Лепшы спосаб развітацца з «Ў» (верым, што не назаўсёды) – наведаць выставу «Кранальная дыстанця», якая пачалася ў «Ў», а працягнецца ў «Вершах».
Вытрымка з анонса, які сёння гучыць інакш, чым пасля першай хвалі ковіду, калі быў напісаны, але быццам яшчэ гучней: «Апошнім часам мы ўсе вымушана апынуліся ў новым фармаце ўзаемадзеяння з рэальнасцю, а таксама аднаго з адным. Гэты фармат прывёў да фрустрацыі і пераасэнсоўвання звыклых паняткаў, узмацніў страхі і трывогі, вымусіў цалкам змяніць быт і паводзіны. Шок ад разрыву звыклых тактыльных сувязяў фарсаваў неабходнасць сталага доступу да сеціва, а ўсе “кранальныя” кантакты ператварыў на анлайн-канэкты. Каб выжыць, стала неабходна раз’яднацца і дыстанцыявацца. Пры гэтым заставацца бачным і падтрымліваць сувязі».
Наведаць выставу «Кранальная дыстанцыя» можна да 29 лістапада з панядзелка па суботу з 12:00 да 20:00. Не забывайся на рэспіраторны этыкет.
Фота: Віялета Саўчыц