Што пакажуць на кінафестывалі BelarusDocs-2021?
- Рубрыка: УЛОЎ
- 05.04.2021
- 3411
BelarusDocs – анлайн-фестываль актуальнага беларускага дакументальнага кіно, які праводзіцца з 2016 года. За фестывальны тыдзень з 13 па 19 красавіка можна будзе паглядзець сем фільмаў беларускіх аўтараў пра беларускую рэчаіснасць. У праграме – карціны, якія адлюстроўваюць важныя для грамадства тэмы, маюць мастацкія якасці і зазвычай добрую фестывальную гісторыю.
UPD. Арганізатары апавясцілі пра адмену «з тэхнічных прычынаў і неспрыяльнай сітуацыі для правядзення фестываля».
13.04
«Добрых дзяўчынак не б’юць»
Рэж. Галіна Адамовіч
16+ | 2019 | 52 хв. |
Фільм тытулаванай беларускай дакументалісткі Галіны Адамовіч – пра ахвяр хатняга гвалту, якія могуць разлічваць толькі на сябе і дапамогу «Прытулку» – адмысловага дому, куды можна прыехаць з дзецьмі, бясплатна атрымаць дапамогу і на пэўны час там застацца. Кіно варта глядзець і пераглядваць да таго дня, калі ў Беларусі будзе прыняты закон супраць хатняга гвалту.
14.04
«Месца кахання»
Рэж. Любоў Зямцова
18+ | 2019 | 55 хв.
Гісторыя пра каханне ў дзіўным для яго месцы – у групе дзённага знаходжання людзей з інваліднасцю. Кіно зняла маладая рэжысёрка Любоў Зямцова, якая трагічна загінула летась у ДТЗ, так і не скончыўшы фільм пра валанцёраў #Bycovid19.
15.04
«Пакаленне 328»
Рэж. Вераніка Ніканава
18+ | 2020 | 19 хв.
Гэты фільм таксама зняла рэжысёрка, якая пайшла ад нас вельмі рана. У 2019-м Вераніка Ніканава загінула, спрабуючы пераправіцца праз раку Тэкланіку на шляху да знакамітага аўтобуса героя «У дзікіх умовах» Джон Кракаўэра. Прэм’ера фільма пра асуджаных па наркатычным артыкуле Крымінальнага кодэкса адбылася на адным з самых уплывовых фэстаў дакументальнага кіно ў ЗША – DOC NYC.
16.04
«Невядомы рай»
Рэж. Дар’я Юркевіч
12+ | 2019 | 52 хв.
Фільм пра трох сясцёр, якія выраслі ў поўнай гармоніі з навакольным асяроддзем, іх сям'я працягвае жыць у «раі», займаючыся натуральнай гаспадаркай. Тое, што «рай» знаходзіцца недалёка ад чарнобыльскай Зоны адчужэння, іх не засмучае.
17.04
«Маршрут перабудаваны»
Рэж. Максім Швед
16+ | 2020 | 52 хв.
Фільм пра таксістаў з Менску і Баранавічаў і іх пасажыраў, якія напярэдадні выбараў прэзідэнта Беларусі дзеляцца з кіроўцамі сваімі надзеямі, меркаваннямі, трывогамі. Галерэя партрэтаў увасабляе час. Глядзець сёння, калі ведаеш, што было потым, няпроста. Але трэба.
18.04
«Новае неба над новай краінай»
Рэж. Вольга Прусак
12+ | 2019 | 41 хв.
«Новае неба над новай краінай» адлюстроўвае паралельнае існаванне традыцыйнай культуры і чырвона-зялёнага кітчу ў святкаванні Купалля ў Беларусі. Свята арганізуе знакаміты мастак Алесь Пушкін, які сёння ўтрымліваецца пад вартай – яго пераследуюць за «рэабілітацыю і апраўданне нацызму».
19.04
«Межы»
Рэж. Юлія Шатун
12+ | 2019 | 29 хв.
Юлія Шатун стала сапраўдным кінаадкрыццём 2017 года: яе фільм «Заўтра» трапіў у конкурс «Маладосць на маршы» ММКФ «Лістапад». У 2019 Юлія зняла фільм «Межы» – гэта «эсэ-падарожжа» з кадраў, зробленых ёю цяпер, і кадраў, што зрабіў яе бацькам 25 гадоў таму.