Self-made беларускі – пра тое, што іх натхняе і зараджае. Частка 2
- 22.03.2021
- 8712
На піку паслязімняга авітамінозу 34mag пры падтрымцы Hennessy пагутарыў з дзесяццю таленавітымі беларускамі, якія ўмеюць прыдумляць ідэі і працаваць над праектамі ў рэжыме супергераінь, атрымліваючы на выхадзе задавальненне ад таго, што іх намаганнямі свет стаў яшчэ крыху больш дасканалым. На гэты матэрыял нас натхніла афармленне этыкеткі, створанае паўднёваафрыканскай мастачкай Faith XLVII у рамках штогадовай лімітаванай серыі Hennessy Very Special. Яна, мастачка-самавучка, яна дамаглася прызнання і павагі, не здраджваючы сабе і ўмеючы вылучыць важнае. Нашым гераіням, як і Фэйт, ёсць што распавесці свету. Мы даведаліся, дзе шукаць натхненне, калі нічога светлага ў галаву не ідзе, і як «чыніць» сябе ў моманты, калі стомленасць накрывае бронзавым прэс-пап'е. Упэўненыя, кожная і кожны зможа знайсці нешта карыснае для сябе ў гэтай персанальнай філасофіі. Першая частка гісторыі – па спасылцы.
Ала Алоэ Ганна Громова Алiна Казакевiч Таццяна Сiнiцава Юля Цiмафеева
прадзюсарка
Часта я пачынаю свае праекты так: думаю нешта ўслых у машыне з прыяцелямі, а потым слова за слова, справа за справу, і нават не заўважаеш, як мара спраўдзілася.
Тое, што знайшоў сваё пакліканне, разумееш, калі атрымліваеш добрыя грошы за сваю працу. Пасля гэтага пачынаеш інакш ставіцца да працы, па-іншаму выбіраеш праекты, якія будзеш весці, і сам ствараеш асяроддзе для працы, а не падладжваешся.
Мне падабаецца, што свет паволі адмаўляецца ад бессэнсоўнага «мерання піпіськамі»: мы рэстаран з трыма зоркамі, а мы – з пяццю, а я – каралева прыгажосці штата Арызона. Навошта гэта ўсё? Проста гатуй смачную ежу, кармі людзей, будзь сабой. Ты не станеш прыгажэйшай, калі хтосьці скажа табе: «Так, ты прыгожая, вось табе стужка на грудзі».
Поспех можна вымераць толькі ўнутранай задаволенасцю. Напрыклад, твой бізнэс прынёс табе мільён, і ўсе вакол могуць падумаць: «О-о-о, які паспяховы чалавек!» А ты насамрэч хацеў зарабіць дзесяць мільёнаў, і адзін для цябе – гэта правал.
Мне падабаецца чорны гумар, і я люблю смяяцца з сябе, гэта выдатна дапамагае ў жыцці. Гэта робіць цябе непаражальным.
У маёй працы важныя адказнасць, уважлівасць, пунктуальнасць, развітае мысленне. Вельмі дапамагае пачуццё такту і максімальная эмпатыя, бо табе трэба шмат камунікаваць з рознымі людзьмі і ўмець даносіць у тым ліку і крытыку без ацэначных меркаванняў.
«Поспех можна вымераць толькі ўнутранай задаволенасцю»
Самыя класныя ідэі прыходзяць тады, калі пра іх не думаеш. Вядома, трэба спачатку «загрузіць» уступныя ў аператыўную памяць мозгу, але далей ён сам знаходзіць адказ. Гатуеш вячэру – і раптам разумееш, як зрабіць у кадры дваццаціметровага ката ў межах бюджэту.
Складнікі ідэальнага выходнага – любімы чалавек, кошкі і сябры. У адпачынку –усё тое ж самае, толькі ля падножжа гары Фуджы.
Мне вельмі дапамагае ўпарадкаваць думкі прыборка, сартаванне рэчаў і арганізацыя прасторы. Парадак нараджае парадак, а хаос нараджае хаос.
У мяне часта бываюць дэжавю, і для мяне гэта прыкмета таго, што я там, дзе павінна быць, такая каліброўка рэальнасці.
Я нарадзілася ў 80-х, таму мяне ўсё яшчэ вельмі матывуюць грошы. А дэматывуе адсутнасць банальнай падзякі. Не забывайце кожны раз дзякаваць усім вашым калегам – і вы вельмі хутка заўважыце розніцу ў адносінах.
Апошні раз ганарылася сабой проста сёння: спускалася на машыне па Чырвонаармейскай уніз, дарогі не прыбраныя, наледзь, адмовілі тармазы, зайшла ў юз на аднапалоснай дарозе з прыпаркаванымі побач машынамі, але выруліла. І падумала: «Якая ж я малайчына, не кожны кіроўца ведае, што рабіць, а я змагла».
уладальніца сеткі кавярняў «Зерне»
Дзевяць гадоў таму, калі ў мяне быў запыт на цікавую справу, мы з сяброўкай проста ў адзін дзень вырашылі, што гэта будзе кавярня, і я «захварэла». Гэта было падобна да шаманскай хваробы – калі чалавека нешта кліча і ён прымае гэты шлях.
Я не атрымлівала ніякай падтрымкі ад блізкіх, ніякіх «знакаў Сусвету». Але цяпер я разумею, што, калі ў чалавека ёсць магутны ўнутраны намер, яго нішто не ўтрымае. Калі нам чагосьці хочацца знутры, то яно можа завалодаць намі і стварыць умовы для рэалізацыі.
Пасля этапу складанасцей надыходзіць момант, калі ты тэлефануеш чалавеку, а той кажа: «Гэта будзе культавае месца, рабі!» І з гэтага моманту ўсё пачынае складвацца.
Калі я адкрывала першае «Зерне», то капучына ў Менску – гэта быў кубак моцна перапененага малака, быццам пена для галення. Ці не страшна мне было прапаноўваць людзям нешта новае? Можна баяцца, але ўсё роўна рабіць. Табе ніхто не дае гарантыі, што ў цябе атрымаецца. І гэты стан важны: ты думаеш, што ў цябе можа не атрымацца, але робіш.
Я будавала бізнэс з пазіцыі, што ўсе людзі добрыя, усе будуць раскрывацца і развівацца. З часам я зразумела, што не кожны чалавек на гэта здольны. У многіх людзей па жыцці не стаіць задача росту, і колькі б ты ні распавядаў пра развіццё, яны будуць рабіць усё, каб ісці на дно і цягнуць за сабой цябе. Самае вялікае мастацтва – умець адабраць людзей, якім можаш давяраць.
Калі дзень пачаўся цяжка, я заязджаю ў любую са сваіх кавярняў, каб падняць сабе настрой. Вып'ю любімы імбірны чай ці каву, пагутару з рабятамі – і мне гарантавана стане лепш.
«Самае вялікае мастацтва – умець адабраць людзей, якім можаш давяраць»
Кава, якая натхняе мяне цяпер, – гэта Калумбія Finca Maragogipe. Рэч не толькі ў яе гусце, але і ў тым, як яна падрыхтаваная яшчэ на ўзроўні зялёнага збожжа. Ты ведаеш, з якой любоўю фермер клапаціўся пра збожжа, і гэта ўплывае на твой стан. П'еш каву, і ў галаву прыходзяць класныя думкі.
Калі ў мяне ўсюды ўсё наладжана, усё ідэальна смачна, куды ні зайдзі – на століках ідэальны латэ-арт, ідэальныя торцікі, але я даўно не бачыла сваіх дзяцей, не займалася ёгай, не медытавала, не фатаграфавала, то я разумею, што ў мяне ў жыцці нешта ідзе не так. Я прапускаю частку сябе.
Каб не растварацца ў бізнэсе, патрэбны час для адпачынку, і гэты час трэба планаваць і рэалізоўваць гэтак жа, як іншыя справы. Раз у мяне запланавана, што сёння я праводжу дзень з дзіцём, значыць усё: калі хтосьці спытае, што я раблю, скажу, што я страшна занятая. Калі старацца гэтага прынцыпу прытрымлівацца, то ўсё астатняе выбудоўваецца вакол – супрацоўнікі бяруць на сябе больш адказнасці і гэтак далей.
Ідэальны выходны са мной здарыўся пазаўчора: днём я была ў лазні за горадам і хадзіла па снезе, а ўвечары трапіла на цудоўны канцэрт, дзе гралі боскую музыку. Гэтая музыка ўздзейнічала на мяне, нібы масаж мозгу. Пасля канцэрта некалькі людзей сказалі, што адчулі тое ж самае.
Мой інсайт апошняга часу: нам здаецца, што мы сябе ведаем, але часта мы не ведаем цалкам, што робіць нас шчаслівымі. Калі адбываюцца новыя падзеі, у якіх мы яшчэ не былі, можа здарыцца ўсведамленне, што вось яно – шчасце. Так, нядаўна я ездзіла з дзецьмі на зімовы адпачынак. Хвалявалася, бо і сама на лыжах стаю не занадта добра, але ў выніку на лыжы ўсіх паставілі, было вельмі крута. Гэта самы просты побытавы прыклад таго, што працуе и на болей глыбокім узроўні.
дызайнерка адзення
Я не магла знайсці сябе ў жыцці і вельмі ад гэтага пакутавала, бо самарэалізацыя – найважнейшая функцыя чалавека. Робячы маленькія крокі, пачынала адчуваць у сабе сілу. Гэтая сіла ва мне расла і расла. Калі ж сябры ў першы раз пасмяяліся над маім амбіцыйным мудбордам, тады зразумела, што я сапраўды на правільным шляху.
З задавальненнем бы пакаштавала які-небудзь садкі напой разам з Данатэлай Версачэ. Спытала б у яе: «Як быць такой жа вар'яцкай і зварочваць горы?»
Мяне натхняюць людзі, якія вераць у безумоўны поспех. Упартыя, адкрытыя і якія не баяцца. Крутыя праекты атрымліваюцца з тымі, хто не зацыкліваецца і для каго не занадта важныя рамкі і ўмоўнасці.
Я валодаю магічнай здольнасцю збіраць вакол сябе людзей, гатовых працаваць 24/7.
«Лепшы час, каб прыдумляць ідэі, – цяпер»
Аднойчы на паказе ў Маскве я на секунду спынілася пасярод шалёнай мітусні. Паўгадзіны да паказу, я гляджу на каманду, якая бегае-мітусіцца, майго строгага дырэктара Віку, якая ўсё кантралюе, на ўсхваляваных мадэлей. І проста ганаруся.
Лепшы час, каб прыдумляць ідэі, – цяпер. Захацеў – зрабіў. Важны момант, калі ты на хвалі эмоцый і прагнеш хуткага выніку. Люблю гэта пачуццё. Яно раздзірае на часткі.
У пошуках натхнення вучуся, слухаю падкасты з людзьмі, якія ўжо чагосьці дамагліся, слухаю музыку, якую ніколі не слухала.
Мяне матывуе кіпучая праца ў цэху і офісе, ідэі маёй каманды, задаволеныя і шчаслівыя кліенты.
Калі ўсё валіцца з рук, я складаю зоны турбот, потым дзялю гэтыя зоны на падгрупы, а ў іх адзначаю прыярытэтныя задачы, якія трэба вырашыць. Пасля гэтага я адчуваю сябе максімальна сабрана.
У вольны час люблю адзіноту з сям'ёй: муж, дачка і сабака. Ідэальны адпачынак – месяц жыць як мясцовыя ў маленькім гарадку ў доміку на беразе мора. У той жа кампаніі.
дызайнерка, дырэктарка інтэр'ернага салона Rooms
Аднойчы я паехала з сяброўкай у Літву на тры дні па справах, і на зваротным шляху яна мне кажа: «Не разумею, як ты вырашаеш справы. Ты ж нічога не паспела!» А я сяджу і думаю: чаму ёй так здалося, бо я абсалютна ўсё павырашала, а заадно мы пазагаралі ў Паланзе. Ёй здавалася, што ўсё павінна быць так: у дзве гадзіны мы сустракаемся з гэтым чалавекам, праводзім з ім дзве гадзіны, потым ідзём туды, там яшчэ дзве гадзіны і гэтак далей. А я сустрэлася з некалькімі партнёрамі за абедам, вячэрай, на пляжы, з кімсьці перагаварыла па тэлефоне, да кагосьці заехала ў госці, арганічна адпачываючы. Мне падабаецца, калі справы складаюцца гуляючы. Сапраўды гэтак жа я імкнуся ставіцца да грошай: мне яны цікавыя ў флірце, а не ў сямейных бытавых адносінах.
Я не лічу тое, чым займаюся, справай свайго жыцця. Я ў пошуку, гэты пошук і ёсць справа майго жыцця. Дакладна ведаю, што мне падабаецца гарманізаваць асяроддзе, а ў якім кірунку гэта будзе адбывацца далей – не ведаю. У гэтым плане, можна сказаць, я яшчэ ў падлеткавым узросце: можа быць так, а можа быць па-іншаму. Часам думаеш, што трэба пастаянна займацца тым, што ўмееш і што прыносіць лёгкія грошы, а часам хочацца пайсці іншым шляхам. Мне гэта падабаецца, я гатовая да перамен.
Перашкода не знак, што далей рухацца не трэба. Няма варыянтаў шляху, на якім не ўзнікае перашкод. Пытанне ў тым, як ты гэтыя перашкоды пераадольваеш і ці падабаецца табе іх пераадольваць.
Цяжка сказаць, калі лепш за ўсё прыходзяць ідэі, паколькі цяжка сказаць, калі яны да мяне наогул не прыходзяць. Адна з важных задач для мяне – уключаць дарослага, які кажа ўнутранаму дзіцяці: «Табе трэба крыху пасталець і спланаваць вось гэта і гэта». Утрымліваць сябе.
Раней я планавала 100 спраў, рабіла з іх 30, і была не задаволеная, бо не зрабіла астатнія 70. Цяпер я прафесійна захапляюся псіхалогіяй і дзякуючы ў тым ліку ёй разумею, што «нармальны» чалавек ставіць сабе 10 задач і выконвае 10, а я раблю 30!
«Няма варыянтаў шляху, на якім не ўзнікае перашкод»
Аднойчы на маім пінжаку з'явілася пляма, якую я ніяк не магла адмыць, але пінжак быў моцна любімым, вырашыла яго пакінуць. Прайшло некалькі гадоў, з'явіліся новыя сродкі для мыцця, ды і сама пляма, верагодна, хімічна расклалася – у выніку я яе адчысціла, напэўна, з дзясятай спробы. Гэтая гісторыя – і пра годнасць, і пра недахоп майго характару. З аднаго боку, мне вельмі цяжка сказаць: «Усё, варыянтаў няма, гэта немагчыма» – заўсёды буду шукаць выдасканаленыя спосабы дзейнічаць. З іншага боку, мне цяжка адпускаць – забіць надзею каштуе тытанічных намаганняў. Надзея не дае шанцаў спыніцца.
Летась у мяне з'явіўся дом на хутары, і аднаўляць сілы мне цяпер дапамагаюць піла, граблі і іншыя інструменты. Трымаць у руках адначасова пілу і тэлефон з навінамі немагчыма. Бывае так: прачнуся летняй раніцай, п'ю каву, гляджу – вішанька перашкаджае агляду, іду спілаваць вішаньку – і заўважаю сябе гадзіны ў чатыры, я спілавала некалькі метраў вішанек, сліў і ўсяго іншага, галодная, стомленая, задаволеная.
Сябры прыязджаюць: «Ой, колькі ў цябе тут працы, божа мой!» – яны кажуць гэта ў страху, як быццам трэба наняць брыгаду і за тыдзень усё зрабіць, а для мяне акультурванне і гарманізацыя – гэта працэс даўжынёю ў жыццё. І выдатная магчымасць зазямляцца. У самыя цяжкія дні я прыязджала сюды і адчувала, што стаю нагамі на зямлі, птушкі па-ранейшаму спяваюць, рыбы па-ранейшаму плаваюць, неба па-ранейшаму неба. Усё-ткі вечнасць у нечым мае рацыю.
Мне падабаюцца месцы, якія маюць другое жыццё. Я б з задавальненнем перарабляла старыя млыны або іншыя закідкі. Мне падабаецца працаваць з матэрыялам, у якога ёсць кантэкст і сэнс.
У некаторых сферах мая скарбонка поўная, і я лёгка магу сказаць, што я круцейшая, чым нехта. Я вельмі люблю ствараць прасторы, і ў сваёй сферы я малайчына, у чым абсалютна ўпэўненая.
паэтка, перакладчыца
У мяне няма куміраў або кумірак. Калі я чую пытанне пра «сустрэцца з вялікімі», то ўяўляю, з якой стомленасцю ў вачах «вялікія жанчыны і мужчыны» будуць сустракаць натоўпы такіх цікаўных, як я. Не хачу ўрывацца ў жыцці іншых. Але я б з задавальненнем паслухала жыўцом, як пісьменніца Вірджынія Вульф чытае лекцыю ў Кембрыджы або акадская жрыца Энхедуанна 4,3 тысячы гадоў таму спявае свае шумерскамоўныя гімны багіні Інане. Што тычыцца маіх сучасніц, я б вельмі хацела трапіць на выступы Герты Мюлер і Эліс Манро, дзвюх вельмі розных Нобелеўскіх лаўрэатак, чые творы я страшна люблю. Аднак спантанага асабістага кантакту я ні з кім не шукаю.
Калі я не дома, то, у прынцыпе, усё, што мне трэба для творчай працы – гэта камп’ютар, стол і акно, у якое можна глядзець. Ну і цішыня, вядома. Было б прыемна, калі б побач стаялі паліцы з кнігамі, але гэта не абавязкова.
Ідэальнага тэксту не бывае. Любы тэкст можна ўдасканальваць да бясконцасці, але так і не дасягнуць ідэалу, а то і зусім сапсаваць. Але калі верш пачынае гучаць нібы самастойны музычны твор, калі ў ім ёсць выразная гармонія, калі пры чытанні ўслых (а я прачытваю ўслых усё, што пішу або перакладаю) яно гучыць, тады я пачынаю ў яго верыць.
Хвалю сябе нячаста. Мабыць, гэта звязана з дзяцінствам, з адносінамі ў сям'і. Хваліць дзяцей у вёсцы не было прынята. Часам гэта перашкаджае, бо, калі нешта выдатна атрымліваецца, я пачынаю ўспрымаць яго як нешта, што «само сабой разумеецца», «нармальнае».
Затое ў хвіліны слабасці і роспачы, калі рукі апускаюцца, умею параўноўваць сябе з сабой ранейшай, азіраюся на той шлях, які быў пройдзены, і гэта дапамагае зняць «спазм» незадаволенасці.
Калі здаецца, што больш не можаш, трэба запавольвацца, адключацца на кароткі час. Перамыкацца на нешта сэнсарнае. Думаю, кожная, на жаль, павінна прайсці хоць бы праз адно выгаранне, каб адчуць, дзе тая асабістая мяжа, за якой больш ужо не можаш. Гэта як з алкаголем: пакуль шмат не вып'еш, не зразумееш, калі варта было спыніцца.
Я заўсёды давяраю сваёй інтуіцыі. Калі пры адной думцы пра што-небудзь ці каго-небудзь унутры пачынае свярбець і ныць, шаптаць і брахаць, то, хутчэй за ўсё, я знайду спосаб пазбегнуць удзелу ў гэтым праекце або сысці ад камунікацыі з гэтым чалавекам. На правільным шляху часта бывае нялёгка, але калі, нягледзячы на цяжкасці, інтуіцыя ўхвальна маўчыць, тады я проста сціскаю зубы і рухаюся наперад.
«Кожная, на жаль, павінна прайсці хоць бы праз адно выгаранне, каб адчуць, дзе тая асабістая мяжа, за якой больш ужо не можаш»
Прывесці думкі ў парадак дапамагае шыццё. Рухомая пад пальцамі тканіна перамыкае з ментальнай апантанасці на сэнсарныя адчуванні, вострая іголка швейнай машынкі ўтрымлівае ў моманце (інакш раніш пальцы), а гучны стракаты рытм парадкуе хаатычныя думкі.
Матывуе пахвала і падтрымка блізкіх і далёкіх людзей. Я думаю, гэта вельмі важна ў любой сітуацыі – знайсці тых, хто ў цябе паверыць, і паверыць у іх таксама.
Сучасная беларуская літаратура – не тая сфера, дзе варта чакаць шмат кампліментаў. Але мне падабаецца, калі мяне часам называюць смелай, хоць, як любы камплімент, гэта перабольшанне.
Найбольш натхняюць тыя людзі, якія дапамагаюць іншым: людзям, жывёлам, птушкам, клапоцяцца пра экалогію. Ужо цяпер мы бачым, як салідарнасць, эмпатыя і падтрымка больш слабых цэняцца ў грамадстве вышэй за асабісты поспех. І, дарэчы, у такіх сферах заўсёды пераважаюць жанчыны.
Важныя для грамадства праекты камфортна ствараць з аднадумцамі шчырымі, апантанымі сваёй справай і адкрытымі новаму, такімі, як каманда часопіса «ПрайдзіСвет», які мы стваралі з 2009 па 2020 год.
Не магу ўспомніць, каб я чула такую ўжо рэзкую крытыку ў свой адрас. Але мужу, пісьменніку Альгерду Бахарэвічу, на якога было даволі шмат крытычных нападак, я давала такую параду. Па-першае, варта ацэньваць, хто цябе крытыкуе. Шануеш ты яго ці яе меркаванне? Калі не, калі гэта чалавек, які не разбіраецца ў тым, што ты робіш, то навошта гэта прымаць блізка да сэрца? А калі разбіраецца, але гэтая крытыка пераходзіць пэўныя межы, то тут варта задацца пытаннем: чаму рэакцыя з яго ці яе боку настолькі вострая? Чаму абраны такі тон? Магчыма, таму, што закранае нешта ўнутранае, магчыма, чалавек спрачаецца з самой або самім сабой, магчыма, чалавек змагаецца з няправільным уяўленнем сябе, перанесеным на іншага ці іншую? Такое таксама здараецца. Але да ўзважанай крытыкі ўсё ж варта прыслухоўвацца, ад правільных людзей яна бывае карыснай.
Гэты спецпраект мы зрабілі пры падтрымцы Hennessy. На працягу 10 гадоў брэнд штогод выпускае лімітаваную серыю Hennessy Very Special, візуал для якой стварае запрошаны сучасны мастак.
Тварам новай серыі стала паўднёваафрыканская мастачка і перформерка Faith XLVII. Не атрымаўшы класічнай мастацкай адукацыі, але дзякуючы жывой цікавасці, упартасці і бясстрашнасці ў працы над складанымі тэмамі ў змешаных тэхніках, яна стала адной з самых вядомых мастачак паўднёваафрыканскага паходжання.
Гераіні нашага праекта – гэта self-made беларускі, якія змяняюць свет вакол сябе, таму што ведаюць, чаго хочуць, не баяцца эксперыментаваць і проста быць сабой. Яны як ніхто падзяляюць філасофію Hennessy: поспех – гэта не дадзенасць, ён прыходзіць праз пераадоленне сябе, раскрыццё патэнцыялу і выхаванне пачуцця балансу ў жыцці. Няважна, які ў цябе бэкграўнд на старце, важна, чаго ты можаш дасягнуць, раскрыўшы сябе свету.
Акрамя таго, Hennessy рэалізаваў матывуючы праект All I Need, распавёўшы гісторыі цалкам розных людзей, якія атрымалі поспех у любімай справе і сталі натхненнем для іншых. Паглядзець відэа і прачытаць аб праекце больш можаш тут.
Дарэчы, купіць сабе такую бутэлечку ты можаш у спірыт-буціку Biblioteka.
Фота: palasatka, з архіваў гераінь
ООО «Дигеста Диджитал»
УНП 192317837