IBB Менск падарыць свой будынак актывістам на адзін дзень
- Рубрыка: УЛОЎ
- 09.07.2019
- 5977
Звычайна імяніннікі атрымліваюць падарункі, але некаторыя думаюць, што няма лепшага спосабу адзначыць сваё 25-годдзе, чым зрабіць падарунак іншым. Менавіта так разважылі ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Рау: у дзень нараджэння цэнтра – 1 верасня – IBB Менск падорыць свой будынак актывістам.
У дзень ведаў з 10:00 да 22:00 па адрасе праспект газеты Праўда, 11, пройдзе IBB JubiläumsFest. У гэты час любы чалавек, які займаецца сацыяльным актывізмам, можа бясплатна выкарыстаць частку будынка адукацыйнага цэнтра сабе і іншым на карысць: правесці трэнінг, выставу, інтэнсіў, кінапаказ ці штосьці больш нязвыклае. Калі трэба, арганізатары сардэчна пасадзейнічаюць тэхнічнымі сродкамі накшталт праектара або фліпчарта.
Удзельнікам IBB JubiläumsFest будуць даступныя пляцоўкі ўмяшчальнасцю да 200 чалавек («Еўропа»), да 80 чалавек («Берлін»), да 30 чалавек (пяць аўдыторый). Ясная справа, каб пранікнуць на IBB JubiläumsFest, давядзецца прайсці адбор. Запаўняць анкету трэба вось тут. Дэдлайн – 1 жніўня ўключна.
Поўная праграма фестывалю будзе апублікаваная пазней. Пакуль анансаваная серыя адукацыйных сустрэч у рамках кампаніі CREATIVE GOES SOCIAL, трэці майстар-клас па PR і камунікацыях для сацыяльных актывістаў і НДА, лекцыі па ўстойлівым развіцці і здаровым харчаванні, літаратурная і моўная зоны, дзе можна прайсці экспрэс-курс нямецкай. Яшчэ будуць дыджэі, танцы, дзіцячая зона і ежа.