У Познані адкрываецца выстава Цемры
- Рубрыка: УЛОЎ
- 25.03.2025
- 151
З 28 сакавіка па 14 чэрвеня ў познаньскай MAD GALLERY можна наведаць выставу гарадзенскай мастачкі Цемры «Fragile».
«”Fragile” – гэта мастацкае даследаванне чалавечай прыроды, якое раскрывае глыбіню эмацыйных ран, падобных на далікатны фарфор, што лёгка разбіць, – расказваюць арганізатары вернісажу. – У межах праекта створана серыя карцін, якія заклікаюць задумацца над тым, што значыць быць крохкім і як у гэтым стане можна здабыць сілу. Гэтыя творы апавядаюць гісторыі чалавечага досведу: на іх зафіксаваны сляды крыві, бінты, сінякі і шнары. Яны фіксуюць бесперапынны працэс гаення, што выходзіць за межы звыклага часу. Кожная карціна, адзначаная ранамі, становіцца сведчаннем сталасці, нагадваючы, што жыццё – гэта не пазбяганне болю, а здольнасць прайсці праз яго».
На «Fragile» кожны(-ая) можа даследаваць уласную крохкасць і, магчыма, у рэшце рэшт яе прыняць. Мастачка прапануе ўбачыць, як пасля крызісаў нараджаецца новая сіла, і зразумець, чаму так важна гаварыць пра нашы раны, якія фармуюць асобы і спрыяюць яе росту.
Гарадзенская мастачка Цемра ўвогуле вядомая сваёй цікаўнасцю ў тэмах траўмы, памяці, ідэнтычнасці, трансфармацыі. Наведвальнікі яе выстаў звычайна трапляюць у прастору, дзе траўма не знікае, а пераасэнсоўваецца, замест эскапізму і ігнаравання тут практыкуецца ўразлівасць і эмпатыя. Пра асабістыя адносіны з болем Цемра распавядала 34mag: «Раней я збірала і назапашвала ўвесь боль, абсалютна. Але потым я зразумела, што не даю гэтым рады. Я слухала лекцыю, спадабалася тэза адтуль: “Трэба абраць сваю зону адказнасці, той боль, за які адказваеш”. Нехта займаецца дзецьмі, нехта жывёламі. Я выбрала сваю зону адказнасці, каб нешта канкрэтнае рабіць, а не пакутаваць па ўсім свеце».
На адкрыцці «Fragile» 28 сакавіка а 18:00 адбудзецца перформанс мастачкі пад назвай «Bandage of Care» («Бандаж клопату»).
Калі: 28.03–14.06.2025.
Дзе: MAD GALLERY, Poznań, Mielżyńskiego 27/29, 61-725.