У кастрычніку ў Менску зноў пройдзе Beat Weekend
- Рубрыка: УЛОЎ
- 28.08.2018
- 11170
Адна з галоўных культурных падзей восені, не прапусці.
У Менск другі год запар вязуць лепшыя фільмы Beat Film Festival – маскоўскага фестывалю дакументальнага кіно пра музыку і новую культуру. Як і летась, усё пройдзе ў «Ракеце» ў пачатку кастрычніка: вызваляй у календары даты з 4-га па 7-га.
У нас адбудзецца паказ шасці фільмаў, назвы якіх арганізатары раскрыюць у пачатку верасня. Сярод іх пэўна дакументальныя фільмы пра спявачку M.I.A і мастака Жана-Мішэля Баскія. А можа, і светлая дакудрама Skate Kitchen пра дзяўчат-скейтбардзістак з Нью-Ёрка. Можна пагуляць у «адгадайку», зірнуўшы на поўную сёлетнюю праграму Beat Film.
Напэўна, паказваць будуць у арыгінале з рускімі субцітрамі – гэта стандартны фармат Beat Film ды іншых падобных фестываляў.
Beat Film Festival штогод праводзіцца ў Маскве з 2010-га. Летась у Менск упершыню прывезлі яго адгалінаванне Beat Weekend – тая ж гісторыя, але ў скарочаным фармаце. Там можна было паглядзець кіно пра рэйвы ў Іране, першы рок-канцэрт у Паўночнай Карэі і музычную сцэну Сіэтла 1990-х.