Пачынаем новую рубрыку Mediascape, дзе будзем распавядаць пра скрыжаванні медыя і рэальнасці ды іх эфекты Куляшова. У першым артыкуле разглядаем «аз» медыякамунікацыі: як напісаць талковы прэс-рэліз, каб ён потым не адгукнуўся пустым рэхам у ангары журналісцкай абыякавасці.
Прэс-рэліз – «атам» журналістыкі, кароткае інфармацыйнае паведамленне для СМІ, якое змяшчае адну навіну пра падзею ці мерапрыемства. Ён публікуецца бясплатна, таму мусіць быць цікавым для СМІ і карысным для чытача.
Першы прэс-рэліз даслаў амерыканскі медыяэксперт, заснавальнік PR Айві Лі. У 1906 годзе на Пенсільванскай чыгунцы здарылася аварыя – цягнік з 53 пасажырамі сышоў з рэльсаў на мосце і патануў. Каб прадухіліць чуткі ды іншыя версіі крушэння, Айві падрыхтаваў інфармацыйнае паведамленне для медыя з «правільным» пасылам і запрасіў журналістаў убачыць месца аварыі на ўласныя вочы. Так пачалася гісторыя ўплыву арганізацый на сваю рэпутацыю ў СМІ. The New York Times, дарэчы, перадрукаваў прэс-рэліз слова ў слова.
Ніжэй – некалькі тузінаў парад на тэму, як прыцягнуць увагу журналістаў да свайго прэс-рэліза, як матылькоў на святло. Напісана самімі журналістамі.
Шэсць кітоў прэс-рэліза
Інфармацыйная нагода. У прэс-рэлізе навіна павінна быць перадусім. Калі яна не цікавая (або цікавая толькі табе), то не дапамогуць ні «гарачы» загаловак, ні класныя фоткі, ні ідэальная структура. Высмоктваць з пальца і генераваць – так сабе ідэя. Няма нагоды – проста закрый тэкставы рэдактар. І помні: адна навіна – адзін прэс-рэліз.
Лаканічнасць. Запомні галоўны прынцып прэс-рэліза KISS – «keep it short and sweet» або «keep it simple stupid». Пішы так, каб зразумела і твая бабуля.
Стыль. Выкарыстоўвай ясную мову ў інфармацыйным стылі, а не ў духу дваццаць пятага з'езда КПСС.
Аб’ём. Рэкамендуецца размяшчаць прэс-рэліз на адной старонцы (максімум – паўтары). Эталонны аб’ём – 300-500 слоў.
Структура прэс-рэліза нагадвае перакуленую піраміду. Галоўная інфа змяшчаецца ў самым пачатку: загаловак, лід (з адказам на пытанні «хто», «што», «дзе», «калі» і «навошта»), затым падрабязнасці навіны, цытаты, у канцы – даведка, карысныя лінкі, кантакты экспертаў.
Пісьменнасць. У СМІ, як правіла, пануе грамар-нацызм: адна памылка – і твой прэс-рэліз ужо ў сметніцы. Правярай тэкст на памылкі і чытэльнасць у MS Word ці з дапамогай сэрвісаў: LanguageTool (падтрымлівае беларускую мову), slounik.org, Добрапіс, Главред, Грамота.ру.
ЗАГ
Загаловак – гэта эсэнцыя навіны. Кручок, на які ты насаджваеш журналіста і з якога ён ужо не саскочыць. Калі ты адразу не зацікавіш яго, твой ліст апынецца ў кошыку. Зрабі заг простым.
У загалоўку можна распавесці гісторыю, закрануць факты, задаць пытанне, зрабіць яго жывым. Але самы эфектыўны заг – ёмкая навіна адным сказам.
Не рабі загаловак даўжэй за 8 слоў.
Вынесі загаловак у тэму ліста.
Devil in the details
Без фактаў і лічбаў любая гісторыя – нуль. Пішы канкрэтна.
Ужывай кароткія сказы.
Адзін абзац – адна новая думка.
Актыўныя дзеясловы робяць тэкст чытэльным і ратуюць панылыя сказы. Пасіўныя – наадварот.
Яскравая, лаканічная і змястоўная цытата па тэме – гэта він. Наўрад ці журналіст кастрыруе яе. А цытата дзеля цытаты, асабліва даўжынёй у цэлы абзац, – зло.
Камяні ў гародзе прэс-рэліза
Забі ў сабе графамана і забудзь пра вобразныя сродкі ў прэс-рэлізе.
Штампы, шаблонныя фразы замяняй на дакладныя фармулёўкі: ніякіх «як усім вядома», «простыя ісціны», «матай на вус». Толькі мяса, толькі часнок!
Пазбаўся паразітаў часу: «на сённяшні дзень», «зараз», «у сучаснай Беларусі» – змывай іх бязлітасна ў Лету.
Пазбягай уводных канструкцый і ацэначных слоў. Не засмечвай прэс-рэліз усялякімі «бясспрэчна», «на жаль» ці «дарэчы». Пакінь чысты канцэнтрат.
Бамбі фактамі, а не словамі-ўзмацняльнікамі накшталт «унікальны», «абсалютны», «гарантаваны».
Парад вялікіх літар у прэс-рэлізе не патрэбны: «кампанія», «місія», «каштоўнасці» з вялікай выглядаюць ванітным лакействам. І не пішы «вы» з вялікай. Ты ж прафесіянал, ну.
Займеннікі і прэс-рэлізы – рэчы несумяшчальныя. Любое «мы» лепш замяніць назвай арганізацыі.
Мачы дзеепрыметнікі і дзеепрыслоўі. Яны твае лютыя ворагі.
Пісаць мудрагеліста ты ўжо ўмееш. Навучыся пісаць проста.
Галоўны момант: бязлітасна рэж, выкрэслівай усю непатрэбную дрэнь. Любы тэкст можна скараціць на 30%. Давай, don’t kill your darlings, murder them!
Нішто не забыта
Абавязкова пакінь свае кантактныя дадзеныя: тэлефон, пошту і лінкі на сацсеткі. Так з табой не толькі хутчэй звяжуцца, але і прагоняць твой твар праз фізіягноміку і ацэняць, колькі сяброўскіх рукапацісканняў паміж вамі.
Пазнач у прэс-рэлізе поўныя назвы арганізацый, імёны і прозвішчы экспертаў, а таксама іх актуальныя пасады.
Напішы дакладныя каардынаты, калі запрашаеш на івэнт. Калі да месца складана дабрацца, намалюй мапу.
За дзень да мерапрыемства нагадай пра падзею і дашлі паўторную інфармацыю. Можаш з бонусам: заўжды цікава сачыць за развіццём падзей.
Прымацуй спасылку на ўвесь візуал (фотаздымкі, лагатыпы, відэа, інфаграфіку, таймлайн). Не прымацоўвай да ліста важкія файлы.
За хвіліну да send
Вынесі загаловак у тэму ліста. 90% лістоў з загалоўкам «прэс-рэліз» ідзе ў спам.
Фармулюй тэмы для розных выданняў па-рознаму. Звяртайся індывідуальна.
Не рабі масавую рассылку, бо, хутчэй за ўсё, твой ліст трапіць у рэдакцыйную тэчку «спам».
Адрасаты не павінны бачыць адно аднаго. Для гэтага існуе опцыя «схаваная копія». У рэшце рэшт, ёсць зручныя сэрвісы для рассылкі лістоў: UniSender, Mailchimp, GetResponse.
Лепш дасылаць ліст раніцай у будні дзень. Амаль безнадзейны варыянт – у пятніцу пасля абеду, на выходных і ў панядзелак да 10-й раніцы, бо твой прэс-рэліз будзе завалены ўсім тым, што прыйшло на выходных. Але гэта не аксіёма, таму выдатна, калі ты маеш уяўленне пра час «актыўнасці» свайго журналіста.
Зрабі кароткі брыф прэс-рэліза і запосці ў «целе» ліста. Так верагодней, што яго прачытаюць.
Журналісты часта праглядаюць пошту са смартфонаў, таму замест прымацаваных файлаў .doc ці .pdf дай спасылку з тэкстам на Dropbox ці Google Дыск.
Перачытай прэс-рэліз. Адзін, два, тры разы, а лепш – усе пяць.
Who cares
Не дасылай паведамленні з тэкстам: «Калі чакаць публікацыю?» І не тэлефануй праз 10 хвілін з пытаннямі: «Ну што? Ужо атрымалі мой прэс-рэліз?» Ніколі.
Не бяжы ныць у фэйсбук і крытыкаваць сучасных бяздушных журналістаў. Ніхто нікому нічога не павінен (хіба што «дармаеды» – падатковай).
Шукай альтэрнатыўныя каналы інфармацыі замест класічнага прэс-рэліза: ад сацсетак да віруснага відэа.
Не мыслі выключна прэс-рэлізамі. Прыдумай класную ідэю для сумеснага матэрыялу. Гэта можа быць спецпраект, даследаванне з інфаграфікай ці суровы рэаліці-эксперымент. Так, цябе могуць лёгка завярнуць у рэкламны аддзел, але, калі твой праект зносіць дах нават вэйперу на гірацыкле, журналіст сам з ахвотай возьмецца з ім папрацаваць.
Перакладчыца дапытвае аўтара: Адэля Дубавец гутарыць з Вітальдам Шаблоўскім пра выданне яго кніг у ЗША, бурчанне ў жываце ў палітычных лідараў і сакрэтную сілу Лукашэнкі.
Анлайн-пляцоўкі, з якіх трэба пачынаць заваёўваць свет, калі ты музыка, фільммэйкер, дызайнер ці проста не ведаеш ужо, куды складваць свае фотарэпорты.
Разбіраемся, як з меншай рызыкай для здароўя і кішэні блукаць па прасторах сеціва.
«Каб больш уважліва ставіцца да навакольнага асяроддзя».
Псіхадэлічная музыка з глыбокай лірыкай.
Паменшыць шкоду, падвысіць карысць.
Тэматычныя медыя і першыя лэйблы.