Івэнты тыдня: ад Depeche Mode да адкрыцця клуба на Кастрычніцкай
- Рубрыка: УЛОЎ
- 12.02.2018
- 11906
З 12 па 18 лютага Менск не тое каб проста not dead, а наогул – за ўсіх жывых жывейшы. Калі ты яшчэ не вызначыў(ла)ся, чым сябе заняць, трымай гатовы рэцэпт: паслухай музычных разнасолаў, схадзі ў новае месца на Кастрычніцкай і пра самаадукацыю, вядома, не забудзь.
Слухаем Depeche Mode у «Менск-Арэне»
Дата: 13.02
Час: 20:00
Месца: «Менск-Арэна»
Кошт: ад 153 BYN
«Дэпешы» такі вязуць нам шоу ў падтрымку альбома «Spirit». Нагадваем, што першая спроба правалілася, таму што напярэдадні канцэрта Дэйв Гаан трапіў у «дзявятку» з атручваннем. Спадзяемся, на гэты раз людзям, якія выклалі за квіткі па 100 даляраў, нішто не перашкодзіць экстатычна зліцца ў калектыўным спяванні хіта пра «персанальнага Ісуса».
Дата: 13.02
Час: 20:00
Месца: «Графіці»
Кошт: ад 15 BYN
Здавалася б, колькі можна перціся ад радка «Ну якая тут любоў? Куртку б на зіму купіць», – а ідзі ж ты, праблема курткі па-ранейшаму вострая. Якраз і снегу падвезлі, але хоць ты сто снегавых баб зляпі, сардэчка не адагрэеш... Хлопцы з «РСП» прапануюць усім сумным і адзінокім не марозіцца, а прыходзіць і шукаць свайго чалавечка прама на канцэрце. Мы прапануем схадзіць і знайсці там лепшую версію сябе – вясёлую, бесклапотную, раздзяўбайскую.
Чытаем Джэймса Джойса разам з паэткай Вальжынай Морт
Дата: 14.02
Час: 19:00
Месца: «Логвінаў»
Кошт: free
У кнігарні «Логвінаў» паэтка, выкладчыца крэатыўнага пісьма ў Карнэльскім універсітэце Вальжына Морт будзе вучыць жывому слову на аснове «Мёртвых» – менавіта так завецца фінальны тэкст са зборніка «Дублінцы» Джэймса Джойса. Сустрэча будзе карысная: а) паэтам; б) празаікам; в) усім, хто хацеў бы палюбіць Джойса, да не разумее, як да яго падступіцца; г) усім, хто марыў стаць філолагам, але мамка выбіла тую дур і адправіла на эканамічны.
Віншуем Сяргея Бабкіна ў Re:Public
Дата: 14.02
Час: 19:00
Месца: Re:Public
Кошт: ад 40 BYN
Сяргей Бабкін адсвяткуе ў Менску 15-годдзе творчай дзейнасці, так што канцэрт гэты не чарговы, а знакавы. Хоць зразумела, што на Бабкіна ходзяць і без усялякіх паўкруглых дат – проста па любові.
Працягваем любіць рэп з Feduk’ом
Дата: 15.02
Час: 20:00
Месца: Re:Public
Кошт: ад 48 BYN
«Здесь так красиво, я перестаю дышать. Звуки на минимум, чтобы не мешать», – пачуўшы раз, хрэн збавішся. Сумесны трэк Фёдара Інсарава aka Feduk і Аляксея Узенюка aka Элджэй стаў самым папулярным сярод карыстальнікаў «ВКонтакте» ў 2017 годзе. Але не «Ружовым віном» адзіным. Feduk – гэта сапраўды разважлівы рэпер, якога прыемна слухаць і на якога прыемна глядзець. Паспрабуй.
Мошым з падлеткамі на «Пошлай Молі»
Дата: 16.02
Час: 19:00
Месца: Re:Public
Кошт: ад 20 BYN
Абаяльны панк, які дзейнічае на ўзроўні гармонаў. Харкаўчане нядаўна выпусцілі новы EP «Сумная дзяўчынка з вачыма як у сабакі», і гэта па-ранейшаму добра, чапляе і добра чапляе.
Упадаем у рамантычны настрой з Рэспублікай Палінай
Дата: 16.02
Час: 19:00
Месца: «Молодость»
Кошт: 20 BYN
Ужо адносна новы клуб «Маладосць», што на Інтэрнацыянальнай, разбаўляе бясконцыя рэйвы па выходных пятнічным канцэртам якасна іншага зместу. Тут выступіць са сваімі пранізлівымі абстрактнымі гісторыямі папулярная беларуская дзяўчына з гітарай Паліна Рэспубліка, якую параўноўваюць то з Земфірай, а то з Высоцкім, а ёй усё смешачкі. Згодна з анонсам будзе «молада зелена горача шчыра», але іншага ад Паліны ніхто і не чакае.
Адрываемся пад ска з Distemper
Дата: 17.02
Час: 19:00
Месца: Re:Public
Кошт: ад 25 BYN
Гэты маскоўскі гурт выконвае ска-панк з 1989 года і ўжо здаецца вечным дыназаўрам, але калі штось павінна быць вечным сярод менскай зімы, то чаму б, уласна, не яны? На разагрэве ў легенды выступяць лакальныя панкары Ferris Wheel.
Паглынаем беларускі new wave патройнай порцыяй
Дата: 17.02
Час: 19:00
Месца: «Бар ИЛИ Клуб»
Кошт: 7 BYN
Ва ўстанове, якая ўсё не вызначыцца, яна бар ІЛІ клуб, выступяць выдатныя альтэрнатыўныя групы: «Маўчаць дома», Dlina Volny, Weed & Dolphins. Апошніх мы выдавалі на «Першаку», а з другімі не так даўно выходзіла грунтоўнае інтэрв'ю аж на трох мовах. Можаш як след падрыхтавацца да івэнта.
Цэнім новае месца на Кастрычніцкай
Дата: 17.02
Час: 22:00
Месца: Squat
Кошт: ад 15 BYN
У суботу на самай гранжавай вуліцы Менска афіцыйна адкрыецца новае месца для сустрэч з сябрамі – Squat. Знаходзіцца яно амаль у тым жа будынку, што Event Space. І, вядома, ніякі гэта не сквот. Цвікі лайнапа: Lena Popova (Расія), Boquā (Францыя), VZ (Латвія). Болей чым выдатна. А калі ты ахвочы(-ая) да рознай халявы, то ў пабліку тусы можна выйграць квіткі за рэпост і наведаць івэнт цалкам антыкапіталістычна.
Дата: 17.02
Час: 17:00
Месца: Punkt
Кошт: 20 BYN
У Punkt'e што ні выходныя, то нейкая талковая дзвіжуха. Нядаўна мы запрашалі на сумленныя гутаркі прадзюсара Brutto Антона Азізбекяна і вандроўцу Дзіму Іуанава, а цяпер вось у свежаадрэмантаваных сценачках Даніс Сахабутдзінаў, стваральнік тэлеграм-канала пра падарожжы Travelhacks, раскажа, як раскручваць уласны канал і дзе шукаць свайго шчодрага рэкламадаўцу.
Дарэчы, па-ранейшаму настойваем, каб ты падпісаў(ла)ся на наш тэлеграм-канал Minsk Not Dead , таму што там мы расказваем пра івэнты значна часцей, часам нават у рэжыме «Маланка!». А калі ты жадаеш распланаваць івэнтны сезон на ўсю вясну, чэкай канцэрты, якія адбудуцца ў Менску ў першай палове 2018-га .